Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка кітайскага дантыста. Пад’езд старых кавалераў


Уладзімер Караткевіч. Чорны замак Альшанскі. Вокладка аўдыёкнігі

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

ПАД’ЕЗД СТАРЫХ КАВАЛЕРАЎ

У Лёндане ёсьць Baker Street, вулiца, знакамітая на ўвесь сьвет сваім домам 221B, «дзе кватараваў Шэрлак Холмс». У Маскве на Бальшой Садовай, у доме 14/1, у кватэры № 50 «жыў Воланд». У Вэроне на Via Cappello, 23 можна пастаяць пад «бальконам Джульеты»… Турысты перш-наперш сьпяшаюцца наведаць гэтыя адрасы вядомых літаратурных пэрсанажаў.

Але адкуль такое імкненьне ў мясьціны прыдуманых па­дзеяў? Можа быць, гэта дзiцячая прага насамрэч патрапіць у прачытаную некалі казку? Як бы там ні было, лiтаратурны міт заўжды цікавейшы за рэальнасьць. Ёсьць такі адрас і ў Менску.

Уладзімер Караткевіч
Уладзімер Караткевіч

У 1979 го­дзе часопiс «Маладосць» пачынае друкаваць псыхалягiчна-дэтэктыўны раман Ула­дзiмера Караткевiча «Чорны замак Альшанскi». За некалькi гадоў раман становiцца бэстсэлерам, вытрымлiвае некалькi выданьняў у арыгiнале і ў перакла­дзе на расейскую мову. У iнтэлiгенцкiх дамах кніга Караткевiча займае пачэснае месца побач з тамамi Дзюма, Конана Дойля і Булгакава. У 1984-м раман экранiзуецца, што спрыяе яшчэ большаму камэрцыйнаму посьпеху. Агульны наклад «Чорнага замку» наблiжаецца да мiльёна асобнiкаў — выпадак для беларускай бэлетрыстыкі беспрэцэдэнтны. I хоць большая частка накладу перакладная, мне прыгадваецца фраза тых часоў: «Короткевича нужно читать только в оригинале».

«ПАНЕ МОЙ ВЯЛЕБНЫ» І НIЯКIХ «ДАРАГIХ ТАВАРЫШАЎ»

«Чорны замак» я перачытваў, нібы правяраючы, наколькi можа раман зь мінулае эпохі захапіць мяне сёньняшняга. I хоць пэўныя патасныя фрагмэнты твору нельга ўспрымаць без папраўкі на час стварэньня кнiгi, «Замак» i сёньня захоплiвае. I блiскучай iнтрыгай, i гатычным антуражам, i спалучэньнем розных часоў. Спалучэньнем ня «змрочнага сярэднявечча» са «сьветлым савецкiм сёньня», а таемнае мiнуўшчыны зь ня менш таямнiчаю цяпершчынай. Прычым Караткевiчаў «наш час» зусiм не ўспрымаецца канкрэтнымi сямi­дзясятымi гадамi ХХ стаго­дзь­дзя. Ягоныя героi маюць несавецкiя iмёны: Мар’ян Пташынскi, Герард Пахольчык, Адам Хiлiнскi. Цi, напрыклад, Вiтаўт-Ксавэры-Iнэзыльля-Хасэ-Марыя Шапо-Калавур-Лыганоўскi. I зьвяртаюцца яны а­дзiн да аднаго не інакш, як «пане мой вялебны». Нiякiх «дарагiх таварышаў». Быццам аўтар прадчуваў, што неўзабаве ім месца ня зной­дзецца.

Калi я чытаў раман, мне ўвесь час хацелася наведаць тое месца, дзе жыў галоўны герой Антон Косьмiч i дзе адбывалася частка тых неверагодных па­дзеяў. Маю на ўвазе «Пад’езд кавалераў». Памятаеце?

«У маiм доме пяць паверхаў i чатыры пад’­езды. Мой пад’езд трэцi. Завуць яго „пад’ездам старых кавалераў“ нездарма. Па нявыказанай iронii лёсу ўсе мужыкi ў iм (пра незамужнiх дзяўчат не кажу) або нежанатыя, або ўдаўцы, або… Але гэта сумная гiсторыя…»

Я быў далёкi ад думкi атаясамлiваць Альшанскi замак з Гальшанамi. Але аўтар не пакiдаў шанцаў на сумневы ў iснаваньнi менскага дому. Месца дзеяньня было апiсанае як з тапаграфiчнай, так i зь лiрычнай дакладнасьцю.

Караткевічы і Мальдзісы каля «пад'езду старых кавалераў»
Караткевічы і Мальдзісы каля «пад'езду старых кавалераў»

«Ранiцай мяне разбу­дзiў залiвiсты крык пеў­ня, а пасьля адчайнадушнае, надрывiстае кувiканьне парасяцi: вiдаць, несьлi ў мяху. Як на вёсцы. I кожную ня­дзелю мне вось так прыемна. I гэта адна з прычын, чаму я люблю сваю хату. Прыемна гэта казаць: мая хата, мой пад’езд, мой двор… Немагчыма ўсе­дзець на месцы кожную ня­дзелю, калi цераз тракт ад майго дому адкрываецца рынак худобы: конi, каровы, сьвiньнi, залатыя рыбкi, авечкi, галубы, трусы, лясное зьвяр’ё, птушкi, сабакi i ўсё жывое. Да таго як агара­дзiлi квартал — дзя­дзькi з вазамi стаялi сабе на тратуарах, а здаравушчыя мацёры, адвалiўшы саскi, ляжалi, мiлыя, на газоне. Харошы куток! Шкада, што рынак куды-небу­дзь перанясуць. I, галоўнае, за два крокі ад „вёскi“, ад таго куточка, занесенага на брук, вулачка, далей бульвар i шумны вялiкi горад».

Чытаючы Караткевiчавы дзёньнiкi, я зрабiў для сябе «адкрыцьцё»: нумары кватэры Антона Косьмiча і кватэры Ўла­дзiмера Караткевiча каля «Птушынага рынку» супадаюць. Праз пару га­дзiнаў пасьля гэтага я стаяў каля дому № 48 на вулiцы Веры Харужай у Менску.

Пасярод двара я з прыемнасьцю адкрывальнiка аглядаў гэтую жывую i даўно знаёмую мне з кнiгі дэкарацыю.

«Звычайны новы двор з маладымi дрэўцамi, лавачкамi, газонамi, выбiтымi на бубен футбольным мячом. Толькi што ў двары засталося ад зьнесеных хат ускраiны — двухпавярховы дамок, дуб, зарасьцi ясеню, пара груш ды некалькi асуджаных яблынь i вiшань».

«ПАРДОН, ОЧЕНЬ СПЕШУ»

Зрэшты, двор — а­дзiнае, што супадала з кнiгай. Захаваўся нават той двухпавярховы дамок. Пафарбаваны цёмна-чырвонай фарбай, ён адразу прыцягваў увагу. На фоне хрушчовак, абкладзеных бляклай пліткай, гэты дом выглядаў як помнік даўніны. Пад’езд жа «кавалераў», у якiм калiсьцi жыў пiсьменьнiк, быў ня трэцi, а другi. Бо на пляцоўках «хрушчоўскiх» дамоў не магло быць па дзьве кватэры, як у рамане. Аўтар i тут «ушляхотніў» савецкае жытло. Праз што блыталася ўся выбудаваная сыстэма разьмяшчэньня герояў. Я стаяў на другiм паверсе на­дзвычай чыстага пад’езду перад 26-й кватэрай з новымi дзьвярыма i не адважваўся пазванiць. Паўзь мяне прабег iнтэлігентнага выгляду мужчына. Прабачце, — гукнуў я яго. — «Пардон, очень спешу». Я пазванiў. Званок не працаваў. Я пагрукаў. Нiякага адказу. Напэўна, гаспадароў няма дома, — зрабіў я выснову.

Двор «пад'езду старых кавалераў». Чырвонага дамка ўжо няма
Двор «пад'езду старых кавалераў». Чырвонага дамка ўжо няма

Ну павiнны ж жыхары такога пад’езду нешта ведаць цi адчуваць. Я йзноў выйшаў на двор, дзе абмяняўся параю фразаў з прыгожай маладой кабетай, што ўвахо­дзiла ў дом. Даруйце, — сказаў я, — вам iмя Ўла­дзiмер Караткевiч што-небу­дзь гаворыць? — «Короткевич? Писатель, да? Говорят, он живет в доме, где гастроном». — Жыве? — перапытаў я. — «Ну да. Я так слышала». — А што вы скажаце наконт 26-й кватэры? — «Ой, я сама тут недавно. Но 26-я продавалась уже раз десять. Наверное, и сейчас переходит из рук в руки». Даведаўшыся ад мяне, што ў ёй жыў Караткевiч, кабета, падумаўшы, спытала: «Так что, мы, выходит, живем в легендарном доме?» — Выхо­дзiць, — адказаў я.

Мае далейшыя блуканьнi па пад’езь­дзе ўсё больш пераконвалi мяне ў тым, што ня варта блытаць лiтаратуру з рэальнасьцю. Караткевiча тут, безумоўна, памяталi. Як шумнага п’янiцу. Старая настаўнiца з чацьвертага паверху паскар­дзiлася мне на пісьменьніка за тое, што той, п’яны, пераблытаў паверхi i вельмi яе напалохаў сярод ночы, ломячыся ў яе цiхае гняздо. Крыўда бабулi была настолькi натуральнай, быц­цам iнцыдэнт адбыўся ня тры дзясяткi гадоў, а пару дзён таму.

Пабыўшы ў ролi ўчастковага мiлiцыянта, я падняўся на пяты паверх. Пажылы iнжынэр паведамiў мне, як ён шкадуе, што ўвесь час адмаўляў Караткевiчу скласьцi кампанiю за пляшкаю гарэлкi. «Я ведь к водке отношусь строго отрицательно, — сказаў ён, — а сейчас было бы что вспомнить. И даже, может быть, рассказать что-нибудь вам».

Вядома, нi старыя кавалеры, нi высакародныя псыхiятры, нi адстаўныя шпiёны ў гэтым пад’езь­дзе нiколi не жылі. I, што самае для мяне дзiўнае, «Чорнага замку» з апытаных мною жыхароў нiхто не чытаў…

НАВОШТА БЫЛО РАМАНТЫЗАВАЦЬ «ХРУШЧОБЫ»

Ну навошта было рамантызаваць гэтыя няў­дзячныя «хрушчобы», наракаў я на аўтара. Ну, чаму ён не стварыў свой «пад’езд кавалераў» дзе-небу­дзь на няiснай сёньня Нямiзе?

Я выйшаў на вулiцу ды пайшоў на асфальтавую пустку, на месцы якой некалi шумеў Старажоўскi рынак. Вокны Косьмiча па-ранейшаму заставалiся цёмнымi. Закурыўшы, я разгарнуў кнiгу i ў канцы раману натрапiў на а­дзiн цiкавы абзац. Якiмi ж па-­дзiцячаму недарэчнымi выглядалi мае нараканьнi на няспраўджаны мiт!

«Пад'езд старых кавалераў»
«Пад'езд старых кавалераў»

«Вось i скончылiся мае пошукi, а ўсё адно застаецца адчуваньне нейкай незавершанасьцi, нiбы скончыў алфавiт не­дзе на трох ягоных чвэрцях. I ўспомнiўся герой нейкага твору, пакаёвы iнтэлiгент, якi цэлы дзень ха­дзiў па кватэры i абураўся, што вось не­дзе кошкi нага­дзiлi, а ён анiяк ня можа разабрацца дзе. I толькi вечарам выясьнiў, што гэта зусiм ня кошкi ў кватэры напаску­дзiлi, а гэта на вулiцы лiпы расьцьвiлi».

«Наш час» гэтага раману, якi шмат хто ўжо пасьпеў залiчыць у састарэлыя, насамрэч напера­дзе. Яшчэ ня раз памяняюцца жыхары ў гэтым доме. Яшчэ ня раз дзякуючы Караткевiчаваму мiту нехта iншы па-новаму зiрне на такi, здавалася, нецiкавы гара­дзкi краявiд. I яшчэ ня раз, праяжджаючы паўз гэты квартал, я скажу свайму спадарожнiку: а цi ведаеш, пане мой вялебны, што гэта за дом?

1999, жнівень

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Паэт і вэтэран НКВД

Дзе закапанае панскае золата

Сынтэз паганства і хрысьціянства

Асілак на дрэве

Гадаваўся «пры гарэлцы»

Невядомая Надзея

Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору

Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай

Імя па маці

«Быў час, быў век, была эпоха…»

Стары Новы год у Каралішчавічах

Хто закончыў «школу наадварот»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG