Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка кітайскага дантыста. Стары Новы год у Каралішчавічах


Каралішчавічы, былы Дом творчасьці пісьменьнікаў сёньня
Каралішчавічы, былы Дом творчасьці пісьменьнікаў сёньня

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

СТАРЫ НОВЫ ГОД У КАРАЛІШЧАВІЧАХ

У Каралішчавічы я вельмі хацеў патрапіць менавіта зімою. Сама назва колішняга Дому творчасьці пісьменьнікаў і расповеды бывалых там лю­дзей — усё гэта міжволі асацыявалася з Новым годам. Каб падаў зь вечаровага неба сьнег, пакрываючы лясную дарогу. Каб дарога кружляла ў засьнежаным яловым лесе. Такім, як у старых кінафільмах-казках. Каб з-за маўклівай сьцяны гэтага прыгожага лесу паказаўся драўляны двухпавярховы асабняк на паляне, нібы палацык на навагодняй паштоўцы, ад асьветленых вокнаў якога патыхае цяплом і чаканьнем нечага абавязкова сьветлага й радаснага.

Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін

Ідэю ўзяць ды наведаць Каралішчавічы з радасьцю ўспрыняў паэт Рыгор Барадулін. Нам незвычайна пашанцавала з надвор’ем. Як на замову, неба раздобрылася шыкоўным сьвяточным сьнегам. І ў гэтым сьнезе мы доўга кружлялі вакол вёскі Каралішчавічы. Ніяк не знахо­дзілася тая дарога, па якой паэтам некалі было столькі ежджана-пераежджана на таксоўцы ў кампаніі з Караткевічам. На паказальніку мільганула назва «Апчак». Барадулін ажывіўся.

«ХЛОПЦЫ ЧЭШУЦЬ У АПЧАК»

— Апчак быў недалёка ад Дому творчасьці. Нам заўсёды не хапала выпіўкі і трэба было бегчы ў Апчак па гарэлку. «Чак-чак-чак-чак, хлопцы чэшуць у Апчак. Іх чакае ў Апчаку сем чакушак начаку».

Даехалі да Каралішчавічаў, дзе прадавачка растлумачыла, як даехаць да Дому пісьменьнікаў. У вёсцы да гэтае пары ўпэўненыя, што пісьменьнікі нікуды адсюль не зьяжджалі. Але старой дарогі няма. Яе накрыла сабою вялікая аўтастрада. Збочыўшы на яе з Магілёўскай трасы ў заходні бок, літаральна праз кілямэтар вы заўважыце паказальнік «Д.А. На ростанях». Трэба яшчэ крыху праехаць па лесе, і з-за дрэваў пакажацца стары драўляны дом. Нават калі вы вельмі сьпяшаецеся, нават калі вы нічога ня чулі пра гісторыю гэтага дому, усё адно вам абавязкова захочацца зрабіць тут невялікі прыпынак.

— Гісторыя гэтага дамка чыста савецкая… — сказаў Рыгор Барадулін. — Пасьля вайны быў старшыня савету міністраў Наталевіч. Гэта было яго паляўнічае лецішча. Тут зьбіраліся, рабіліся п’янкі савецкія пры ім. І Наталевіч любіў асабліва паляваць на зайцоў. Ён за ноч заганяў козьліка-машыну. Гэта ў той паваенны час, калі партызанам, якія ваявалі за савецкую ўладу, завесьці каня не было як. Для Наталевіча былі машыны, каб паляваць на зайцоў. Фарамі асьвятляюць, у фарах гоняць зайца, і пакуль заяц ня тропнецца. Ад разрыву сэрца. Мы яшчэ жартавалі: ён баіцца закасіць лінію генэральную, заяц. Ну вось, дарэчы, прой­дзем далей.

Каралішчавічы, так былы Дом творчасьці пісьменьнікаў выглядае сёньня
Каралішчавічы, так былы Дом творчасьці пісьменьнікаў выглядае сёньня

Барадулін спыніўся насупраць будынку і заўсьміхаўся. Якіх толькі цікавых пісьменьнікаў тут не бывала. Цікавых не сваімі кнігамі.

«ДЗЯ­ДЗЮШКА ХУ ВЫЙШАЎ ІЗ ФАНЗЫ»

— Тут быў заўсёднікам такі рускамоўны пісьменьнік Юры Багушэвіч, які напісаў раман «Дерево дружбы». Пра Карэю. У ягоных успамінах уся Вялікая айчынная вайна — гэта жанчыны і праблема дастаць гарэлку. Памятаю ягоныя расказы пра Германію: «Ся­дзіць Эльза, нага за нагу, на кончыку нагі боўтаецца тапачак, а сьпіна дэкальтаваная й напудраная. І тут урываецца муж! Немец-эсэсавец!» Вось такі ваенны страх! А пасьля распавядаў пра цяжкія франтавыя будні. «Колька, Пецька, Ванька і я — ты разумееш, якая цяжкая ваенная абстаноўка — адна паўлітра на ўсіх. І тады прыйшла ідэя. Мы ўзялі дзьве буханкі хлеба, пакрышылі ў гарэлку, стала адразу нармальна». Багушэвіч жыў у вялікім пакоі і на ноч ха­дзіў да жанчын. У яго былі цэлыя тунэлі ў гурбах праробленыя на хутары. А мы з Вало­дзем Караткевічам што зрабілі… Тут два сабакі было. Джэры й Дазор («Сук Дазор і сучка Джэры жралі сок і суп з фужэра»). Мы прывучылі Джэры спаць, паколькі на ноч Багушэвіч зьнікаў, на падушцы й накрывалі коўдрай. І яна спала там у Багушэвіча… А Багушэвіч прывёз стос вялізны паперы й за два месяцы напісаў… Першая фраза: «Дзя­дзюшка Хо выйшаў із фанзы». Два месяцы ён прабыў, пасьля склаў рукапіс і так і паехаў. Ну, мы з Караткевічам паправілі, што «Дзя­дзюшка Ху выйшаў із фанзы»…

За домам старыя дрэвы высякаюць. На бязладнай пустцы ўзво­дзяць шматпавярховыя карпусы дому адпачынку. А­дзіным напамінам пра былое гля­дзіцца асуджаны на знос драўляны аднапавярховы будынак колішняй сталоўкі.

— Вось мы зараз і­дзем дарожкай, якая вя­дзе на кухню. Вось тут во зьлева была абнесена сасна ланцужкамі і напісана «Тут любіў адпачываць Народны пісьменьнік БССР Якуб Колас». І заўсёды Вало­дзя Караткевіч, гле­дзячы на гэта, успамінаў, як ва Ўкраіне не­дзе было — таксама абнесены ланцугамі дуб, мэталёвая шыльда й на шыль­дзе напісана, што пад тым дубам Тарас Шаўчэнка напісаў сваю слынную паэму «Варнак». І нехта зь веселуноў узяў і прыбіў шыльдачку з другога боку: «Пад гэтым дубам Тарас Шаўчэнка ў п’яным стане еў жолу­д».

«КРЫК ЗОЙКІ»

Калісьці на месцы гэтае пусткі расьлі сосны і стаялі драўляныя катэджы. Для найвышэйшага кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў.

Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Уладзімер Караткевіч
Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Уладзімер Караткевіч

— У дамках адпачывалі Колас, Броўка, Глебка, Куляшоў. Ну, пасьля ім быў дазвол пабудаваць свае лецішчы, і тут яны мала былі. Восеньню тут часта працаваў Пімен Панчанка. Тут ён пісаў «Крык сойкі». Паэт Вялюгін называў тую паэму «Крык Зойкі». Жонка Панчанкі — Зоя Канстанцінаўна. Помню яшчэ, прыехала такая дама зь Берасьця зьбіраць вершы пра Брэсцкую крэпасьць. А выдавец быў Мікола Татур з «Полымя». Дык мы зь Вялюгіным такі экспромт зрабілі:

Яшчэ ня згаслы кратэр

Штурмуючы ў пасьцелі,

Загінуў Коля Татур

На брэсцкай цыцадэлі…

Я з асалодаю глытаў зімовае лясное паветра, слухаючы расповеды пра пераважна незнаёмых мне лю­дзей. Нават крыху зайздросьціў ім. У часы, калі беларушчыну труцілі камунізмамі ды сацрэалізмамі, калі мова амаль пакінула сталіцу, калі не было ўжо моцы трываць усе гэтыя партактывы ды аргвывады, знахо­дзілася месца, куды можна было зьбегчы ад усяго гэтага хоць на ты­дзень. У спрадвечным беларускім лесе пра камунізм ніяк ня думаецца. А тым больш ня пішацца. Для Барадуліна Каралішчавічы найперш зьвязаныя з Ула­дзімерам Караткевічам. Тут яны ўпершыню пазнаёміліся ў 1955 го­дзе. На нара­дзе маладых пісьменьнікаў. Тут пісаўся а­дзін з самых знакамітых Караткевічавых раманаў. І тут назаўжды мог быць страчаны сцэнар фільма паводле таго раману.

— Вало­дзя ў флігельку гэтым ся­дзіць, к яму прыяжджае Анатоль Забалоцкі. Апэратар, які «Каліну чырвоную» з Шукшыным рабіў. Ён з сыбірскіх беларусаў, найцікавейшы чалавек быў. Яго выжылі, як заўсёды ў нас, нармальных лю­дзей тады выжывалі з кінастудыі. Я выходжу раніцай з сабакамі. Якраз сьнег вось такі ішоў, густы-густы. Гляджу, Джэры пачынае нешта капáць. А раптам гляджу — рукапіс! Знаёмы почырк. Почырк Караткевіча! Аказваецца, Караткевіч сцэнарны плян і большую частку сцэнару «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» аддаў Забалоцкаму, каб ён занёс машыністцы. А Забалоцкі, паколькі добра ўзяў, упаў і рукапіс згубіў. Рукапіс прапаў бы.

Далібог, сюжэт для помніка сабаку Джэры, які выратаваў рукапіс «Эвангельля ад Юды».

«ЗА ЗДАРОЎЕ ПЕЦІ БРОЎКІ»

— Мы з Вало­дзем, узяўшы чарку, сьпявалі:

Кожны дзень мы п’ём літроўку

За здароўе Пеці Броўкі.

За здароўе Броўкі Пеці

Мы прап’ём усё на сьвеце.

За здароўе Петруся

Вып’ю літр і вытруся.

За здароўе Ткачова Колі

Мы не адмовімся ніколі.

За здароўе М. Ткачова

Бу­дзем піць мы хоць з начовак.

За здароўе Фані Алер

Мы прап’ём і гэлд, і талент.

За здароўе Алер Фані

Мы ў літфон­дзе ракам станем.

За здароўе Куляшовай

Вып’ем, толькі не дзяшовай.

За здароўе яе мужа

Вып’ем, хлопцы, але ня дужа.

Бо яму-такі падкакаў

Гэны самы Нэйфах Якаў.

За здароўе Шамякіна

Мы яшчэ паўлітра ўкінем.

За здароўе Шамякіна Йвана

Вып’ем, хлопцы, толькі таннай…

Фаня Алер была дырэктарам Літфонду. Ткачоў Мікола быў сакратаром Саюзу пісьменьнікаў. Ну Куляшова Аксана Фёдараўна, прыгажуня, была жонка Арка­дзя Куляшова. Ну а Куляшоў — гэта вядома хто.

Я шкадаваў, што ня маю з сабою відэакамэры. Было адчуваньне, што такога лесу, такіх прысадаў і такога дому я ўжо не пабачу. І рэч тут не ў надвор’і. А ў тым, невядома кім на гэтай зямлі заве­дзеным правіле, агучаным Лявонам Вольскім: «Лепей ня бу­дзе, бу­дзе толькі горш». Пагля­дзець бы на таго дзівака, што захоча адпачыць на гэтым «касмадроме».

— Тут цяпер ужо ўтульнасьці той няма. Ёсьць наступ нейкіх незразумелых цагляных будынін. А вось тады была ўтульнасьць. Калі гасла сьвятло, неяк са сьвечкамі нават ся­дзелі. Памятаю, тут маё трыццаціго­дзь­дзе а­дзначалі. Мама спазьнілася, зноў зблыталі дарогу. Мама з жонкай Валяй павінны былі падвезьці бражку. Ну, як і мы, паблыталі дарогу. У тыя Каралішчавічы павёз іх таксіст. Пасьля было, безумоўна, вялікае застольле. І вось мама мая выхо­дзіць. А тут на ганку мастак Барыс Забораў перагнуў жонку высокапастаўленага паэта. Як убачылі маму, адскочылі. Мама ім гаворыць: «Цалуйцеся, цалуйцеся. Я не перашкоджу. У мяне добрае вока, я не сурочу». Тут многа было такога вясёлага, цікавага. І тут працавалася нармальна. Дарэчы, вы мяне вярнулі ў маладосьць.

Каралішчавічы, былы Дом творчасьці пісьменьнікаў сёньня
Каралішчавічы, былы Дом творчасьці пісьменьнікаў сёньня

Увайсьці ў сярэ­дзіну дому Барадулін катэгарычна адмовіўся. Я ўвайшоў адзін. Прасторнае, цёмнае фае, драўляная лесьвіца запрашала на другі паверх. У інтэр’еры ўсё сьведчыла пра сярэ­дзіну мінулага стаго­дзь­дзя. Як быццам героі тых расповедаў, якія я хвіліну таму чуў ад дзя­дзькі Рыгора, на нейкі час пакінулі свае апартамэнты. Цішыня й цемра нараджалі вусьціш. Зданям ды прывідам толькі й жыць вось у такіх дамках. Раптам за сьцяною прагучаў такі крык, што я скалануўся. За дзьвярыма з шыльдаю «Директор» непрыемны старэчы голас ле­дзь­ве ня матам кагосьці расьпякаў у тэлефон за нейкія «кирпичи и битум». Я асьцярожна, бяз шуму пакінуў дом. Дом, дзе ў мінулым стаго­дзь­дзі быў напісаны й ле­дзь ня быў згублены сцэнар «Хрыста». З палёгкаю зачыніўшы дзьверы, я быццам толькі ў гэты момант па-сапраўднаму адчуў, што яно скончылася, ХХ стагодзь­дзе. Хоць зь неба валіў сьнег, народжаны па-над Атлянтыкай, магчыма, яшчэ ў сьнежні. Апошні сьнег дваццатага стаго­дзь­дзя заваліў машыну, каля якой мяне чакаў крыху спахмурнелы паэт.

2001, сту­дзень

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Паэт і вэтэран НКВД

Дзе закапанае панскае золата

Сынтэз паганства і хрысьціянства

Асілак на дрэве

Гадаваўся «пры гарэлцы»

Невядомая Надзея

Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору

Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай

Імя па маці

«Быў час, быў век, была эпоха…»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG