Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка кітайскага дантыста. «Мутнае вока»


«Юбілейны дом», Менск

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

«МУТНАЕ ВОКА»

Неяк слотнай восеньскай ноччу я сьпяшаўся на станцыю мэтро «Кастрычніцкая». Я бег праз Цэнтральны сквэр у на­дзеі пасьпець на апошні цягнік. Горад ужо сьцішыўся, каб заснуць. Ніводнага чалавека ў цёмным сквэры, рэдкія машыны на праспэкце, суворая грамада Дому афіцэраў і… я нават спыніўся ў нерашучасьці… слабое, ле­дзь заўважнае сьвятло з вокнаў даўно закінутага былога Дому мастацтваў. Разумеючы, што яшчэ хвіліна, і мне прый­дзецца дабірацца пешкі, я без ваганьняў збочыў у цёмныя задворкі. На тое прывіднае сьвятло зь нежывых закратаваных вокнаў.

Я ведаў, што ў гэтых, нейкім цудам не разбураных вайною і саветамі, мурах некалі быў царкоўны музэй, пасьля тут гучалі галасы ўрадоўцаў БНР. Але й па сёньня сярод менскай багемы гэты адрас дзякуючы кавярні для творцаў застаецца вядомы як «Мутнае вока». Хоць ужо колькі гадоў дзьверы былога Дому мастацтваў не адчыняліся для ягоных заўсёднікаў. І раптам гэтае нерэальнае сьвячэньне сярод восеньскай ночы…

Сакрэт жоўтага сьвятла быў да крыўднага простым. Скрозь пыльную шыбу я ўбачыў голыя абадраныя сьцены вялікага пустога пакою, асьветленага наскрозь люмінэсцэнтным сьвятлом вулічнага ліхтара праз вокны фасаду. Два казённыя фатэлі каля супрацьлеглай сьцяны, пакінутыя ці забытыя тут невядома калі, толькі падкрэсьлівалі халодную няўтульную пустату некалі вельмі шумнага месца. Як мог я напружваў фантазію, намагаючыся ажывіць мёртвы дом гукамі нястройнага фартэпіяна, гучнымі тостамі, звонам посуду ды тлумам цыгарэтнага дыму. Нічога не атрымлівалася. Станавілася яшчэ больш халодна і няўтульна. Я зразумеў, што спазьніўся незваротна…

«РАДУЙСЯ Й ТЫ, ВЕРАБЕЙ ЦУДАТВОРЦА-А-А!»

Вясною 1999-га я меў гонар у кампанii лiтаратараў, чые iмёны й творы вывучаюцца ў школе, зьезь­дзiць на Полаччыну. З прапагандаю, так бы мовiць, сярод беларусаў роднага слова. У сьцю­дзёным гатэлi засьнежанага Наваполацку, у кампанii з Рыгорам Барадулiным, я не ўстрымаўся, каб не запытацца ў маэстра, а цi ня ён прыдумаў легендарную назву на нефармальнай мапе яшчэ савецкага Менску «Мутнае вока».

Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін

— Можа я, можа ня я, — засьмяяўся Барадулін. — Праз «Мутнае вока» прайшла цэлая армiя актораў, паэтаў, празаiкаў, фiлёзафаў, прафэсараў, так сказаць. Усiх не зьбярэш. Бо гэта было адзiнае месца, дзе пахла нейкай незалежнасьцю. Ну, нефармальна, таму што мiкрафоны стаялi пад кожным столiкам. Але можна было нешта гаварыць, i ўзьнiкала ўражаньне вольнай багемы. Што ў нас ле­дзь не Манмартар.

Будынак царкоўна-археалягічнага музэю быў пабудаваны ў 1913 го­дзе да 300-х угодкаў Дому Раманавых. Між іншым, гэты дом — а­дзіны ўзор псэўдарускага стылю ў Менску. Усім сваім выглядам ён прызначаўся для царкоўных пяяньняў і строгіх абразоў. Ніяк не для багемных папоек. Зрэшты, пяяньні тут адбываліся. Частым госьцем «Мутнага вока» быў галоўны бас тагачаснай менскай Опэры Віктар Чарнабаеў.

— А ў наш час было: «Актёры первые едят, в меню мечтательно глядят. О, бедный архирейский дом. Я узнаю тебя с трудом»… — працягваў свае згадкі Рыгор Барадулін. — Зразумела, «Мутнае вока» не магло быць без Караткевiча. Я памятаю, быў нейкi вечар, мы прынесьлi з сабою нешта выпiць i ў буфэце яшчэ бралi. I Чарнабаеў Вiктар Максiмавiч нешта засьпяваў. I тут, вядома, Караткевiч не ўцярпеў. Як гэта яго нехта пераб’е! Наагул, Ула­дзiмер не цярпеў канкурэнцыi нi ў чым. Нi ў мастацтве, нi ў выпiўцы. I вось Вало­дзя тут экспромтам сваiм магутным голасам пачаў сьпяваць: «Багаты чалавек каня запражэ дый вые­дзе-е-е. А бедны чалавек жонку пакла­дзе дый выебе-е-е. Радуйся, сарока, радуйся, варона. Радуйся й ты, верабей цудатворца-а-а!» Чарнабаеў ашалеў. Там усе ашалелi. Бо ў архiярэйскiм так званым доме — i такi царкоўны хваласьпеў, i з такiм тэкстам!..

Як добра, што некаторыя творцы для мяне застануцца знаёмымі толькі сваімі вершамі. А не асабіста.

НАВАКСАВАНЫЯ МЕЛЕЖАВЫ ТУФЛI

Міхась Стральцоў
Міхась Стральцоў

— Я памятаю яшчэ, як у «Мутным воку» быў нейкi чарговы бэнэфiс Мележа, самага самазакаханага пiсьменьнiка Беларусi. I вось калi ён выхо­дзiў, на шляху яму сустрэўся Мiхась Стральцоў пад добрай мухай. I Мiшу дужа не спадабалiся надта наваксаваныя Мележавы туфлi. Свае адносiны да клясыка Стральцоў выказаў тым, што, ня кажучы нi слова, стаў сваiмi нячышчанымi ботамi зацiраць нашмараваныя туфлi героя дня. Быў страшны скандал. Стральцоў, якi невядома дзе начаваў, i Iван Паўлавiч — кадравы работнiк ЦК i…

Іван Мележ
Іван Мележ

Пра тое, што Мележ быў сакратаром праўленьня СП, дэпутатам Вярхоўнага савету БССР, чальцом Усясьветнай рады міру і старшынём Беларускага камітэту абароны міру, цяпер можна даведацца толькі зь вікіпэдыі. Бо для ўсіх Мележ — аўтар «Лю­дзей на балоце». А вось хто з маіх аднагодкаў памятае вершы Анатоля Вялюгіна? Сорамна, але пасьля барадулінскага аповеду для мяне гэтае паэтычнае імя назаўжды прапісалася ў «Мутным воку».

Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Уладзімер Караткевіч
Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Уладзімер Караткевіч

— Самым сталым клiентам «Мутнага вока» быў Вялюгiн. У Вялюгiна былi два апорныя рэстараны. Гэта рэстаран «Беларусь», дзе ў яго быў знаёмы афiцыянт — разьведчык былы, канечне кагэбiст, само сабой. А калi ўжо яму не хапала, ён тады iшоў у «Мутнае вока». А ён жыў насупраць цырку, у доме, якi звалi «залаты фонд гаркаму партыi». У «Мутным воку» ён дахо­дзiў да кандыцыі і мог заснуць. Тады званiлi жонцы. Жонка забiрала, вяла. Ну а пасьля ўжо ранiцай назаўтра цi жонка, цi хто, цi мне было даручэньне занесьцi п’яныя даўгi.

З ТРЫБУНЫ ЧЫТАЎ ГОЛАСАМ ГІТЛЕРА

Актора Рамана Філіпава нельга назваць знакамітым. Хутчэй запамінальным. Хоць у ягонай кінакар’еры былі такія заўважныя ролі, як пан Дубатоўк зь «Дзікага паляваньня» і Ляпіс-Трубяцкой з «12 крэслаў», масавы глядач наўрад ці памятае ягонае імя. Ягонае грознае аблічча згадваецца найперш па фразе «Будете у нас на Колыме, милости просим» з кінакамэдыі «Брыльянтавая рука». Тое, што Філіпаў быў вядучым акторам Купалаўскага тэатру на працягу ўсіх 1960-х, для мяне было сюрпрызам.

Раман Філіпаў
Раман Філіпаў

— З «Мутнага вока» аднойчы выйшаў ноччу Раман Фiлiпаў. Выдатнейшы актор, расеец сам, зь Нiжняга Ноўгараду, але ён так вывучыў беларускую мову, што гаварыў лепш, чым многiя нашы… I вось Раман Фiлiпаў, гэтая махiна, узьлез на трыбуну, зь якой урад тады вiтаў на сваiх сьвятах шэсьцi. Стаў на гэтай трыбуне i сваiм магутнейшым голасам… цi кавалак з «Майн кампфу» прачытаў, цi ўрывак зь нейкай прамовы Гiтлера. Прычым голасам фюрэра. Ну гэта быў скандал страшны. I гэты выступ быў адной з прычынаў ягонага вяртаньня ў Маскву. Шмат чаго было там вясёлага. У «Мутным воку». Цяпер усё i не згадаеш.

Тады толькі выйшаў на экраны фільм «Звычайны фашызм», у якім рэжысэр Міхаіл Ром паказаў падабенства сталінскага і гітлераўскага рэжымаў. У тыя ж часы Гітлера гратэскна граў Ула­дзімер Высоцкі ў таганкаўскім спэктаклі «Палеглыя і жывыя». Таму «гітлераўская» прамова на савецкай трыбуне мяне не зь­дзіўляе. Думаю, у выкананьні Філіпава гэта выглядала вельмі сьмешна. Шкада, што праз гэты выбрык Купалаўскі пазбавіўся добрага актора. Праўда, пасьпеўшы даць яму званьне заслужанага артыста БССР.

Я ішоў дадому начным праспэктам і думаў наконт праў­дзівасьці адной высновы. «Усё адбылося так, як павінна было адбыцца. Таму ўсё, што намі страчана ўчора, сёньня ня мела шанцаў на жыцьцё». Выхо­дзіць, ня варта плакаць па Менску зь Нямігай і Замкавай. А пагатоў сумаваць па замкнёных дзьвярах «Мутнага вока», якія ніколі ўжо не адчыняцца для вясёлых блюзьнераў. Будынак аддалі праваслаўнай япархіі… Шмат чаго яшчэ пасьпее забыцца, зьнікнуць і адра­дзіцца наноў. Але, здаецца мне, жыцьцё гэтай вясёлай назвы ня скончылася з закрыцьцём Дому мастацтваў.

P. S. «Мутнае вока» ня зьнікла. Для новага пакаленьня гэта ўжо не забыты адрас, а назва рок-гурту. А «дамоў мастацтваў» у сталіцы, дзе адбываюцца канцэрты, чытаньні, прэзэнтацыі і лекцыі, цяпер столькі, што няма сэнсу сумаваць аб тым, што аддалі царкве.

1999, лістапад

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Паэт і вэтэран НКВД

Дзе закапанае панскае золата

Сынтэз паганства і хрысьціянства

Асілак на дрэве

Гадаваўся «пры гарэлцы»

Невядомая Надзея

Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору

Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай

Імя па маці

«Быў час, быў век, была эпоха…»

Стары Новы год у Каралішчавічах

Хто закончыў «школу наадварот»

Пад’езд старых кавалераў

Груша над дняпроўскаю стромаю

«Зямля пад белымі крыламі»

Швэйкаў штук 50

«Паэтаў мінскіх атаман»

Прыватныя гісторыі пра Караткевіча

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG