Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асанж павінен пакінуць амбасаду ў Лёндане, заявіў прэзыдэнт Эквадору


Джуліян Асанж.

Улады Эквадору абмеркавалі сытуацыю з заснавальнікам Wikileaks Джуліянам Асанжам з брытанскім урадам, паведамляе Reuters.

З 2012 года ён жыве ў эквадорскай амбасадзе ў Лёндане, дзе яму далі прытулак, каб пазьбегнуць экстрадыцыі ў Швэцыю па абвінавачваньні ў згвалтаваньні.

У пятніцу ў Мадрыдзе прэзыдэнт Эквадору Ленін Марэна заявіў, што Асанж павінен пакінуць амбасаду краіны ў Вялікабрытаніі, аднак канкрэтных тэрмінаў ён не назваў.

«Гэтая сытуацыя ня можа працягвацца вечна. У нейкі момант ён павінен будзе выйсьці», — паведаміў Марэна.

«Адзінае, чаго мы хочам, дык гэта гарантый таго, што ягонаму жыцьцю ня будзе пагражаць небясьпека», — дадаў прэзыдэнт Эквадору.

«Мне ніколі не падабалася дзейнасьць, якую вядзе Асанж, гэтак жа, як і ўмяшаньне ў прыватную перапіску людзей з мэтай атрыманьня інфармацыі, якой бы каштоўнай яна ні была», — адзначыў Марэна.

Крыніца, блізкая да заснавальніка Wikileaks, паведаміла, што дыпляматычны тупік з нагоды знаходжаньня Асанжа ў пасольстве Эквадору блізкі да вырашэньня.

Некалькі месяцаў таму пасольства Эквадору адключыла інтэрнэт-злучэньне Асанжа, адключыла яго кампутары і тэлефоны, хоць ён усё яшчэ размаўляе са сваімі адвакатамі. У траўні Марэна загадаў вывесьці дадатковую ахову з будынку, піша The Guardian.

Грамадзянін Аўстраліі Джуліян Асанж заснаваў WikiLeaks ў 2006 годзе. Празь некалькі гадоў на партале былі апублікаваныя тысячы сакрэтных дакумэнтаў ЗША пра хаду вайны ў Аўганістане і Іраку, у тым ліку аб інцыдэнтах, зьвязаных з расстрэлам мірных жыхароў. У ЗША за несанкцыянаваную публікацыю дакумэнтаў Дзярждэпартамэнта аўстралійцу пагражае працяглы турэмны тэрмін, а патэнцыйна — і сьмяротнае пакараньне, прадугледжанае законам аб шпіянажы.

Хоць сам Асанж і яго адвакаты лічылі гэтыя абвінавачваньні палітычнымі, некалькі краінаў (апошняй была Францыя) пасьлядоўна адмаўляліся даць яму палітычны прытулак.

Выдачы Асанжа акрамя ЗША таксама дамагалася Швэцыя, адкуль, як асьцерагаецца сам Асанж, ён таксама мог быць экстрадаваны ў ЗША.

Летам 2010 года ў Швэцыі пачалося сьледзтва ў дачыненьні да Асанжа. Абвінавачваньне было па крымінальным артыкуле (за сэксуальны гвалт), таму пасьля пачатку сьледзтва па запыце швэдзкіх праваахоўных органаў на аўстралійца быў выпісаны ордэр, які патрабуе яго арышту ў любой краіне Эўропы, а яго самога затрымалі ў Лёндане.

Пасьля затрыманьня Асанж быў вызвалены пад заклад, пасьля чаго здолеў схавацца на тэрыторыі амбасады Эквадора ў Лёндане, дзе і знаходзіцца з лістападу 2012 году. Эквадор прадаставіў Асанжу палітычны прытулак, але пакінуць тэрыторыю амбасады за апошнія гады яму так і не ўдалося.

У 2017 годзе швэдзкае крымінальнае расьсьледаваньне было спынена, але брытанскі ордэр на арышт за парушэньне ўмоваў яго вызваленьня застаецца ў сіле.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG