Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WikiLeaks сьцьвярджае, што апублікаваў першую частку найбуйнейшага працёку дакумэнтаў ЦРУ


Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж

WikiLeaks сьцьвярджае, што апублікаваў першую частку дакумэнтаў ЦРУ, якую заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж назваў найбуйнейшым працёкам унутраных дакумэнтаў разьведвальнага ўпраўленьня.

Прэс-канфэрэнцыя Асанжа з нагоды публікацыі дакумэнтаў, якую ён праводзіў у Фэйсбуку і дадатку Periscope, была сарваная невядомымі хакерамі. Тым ня менш дакумэнты былі апублікаваныя на сайце WikiLeaks.

Публікацыя пад кодавай назвай Vault 7 зьмяшчае 8 тысяч 700 дакумэнтаў і файлаў з унутранай сеткі Цэнтру кібэрвыведкі ў штаб-кватэры ЦРУ ў Лэнглі, штат Вірджынія. У ёй гаворыцца, што на тэрыторыі ФРГ у консульстве ЗША ў Франкфурце-на-Майне знаходзіцца сакрэтны хакерскі цэнтар ЦРУ. Паводле WikiLeaks, яго супрацоўнікі працуюць там пад дыпляматычным прыкрыцьцём і могуць свабодна перамяшчацца па тэрыторыі Эўразьвязу. Консульства ЗША ў Франкфурце-на-Майне ёсьць базай ЦРУ для арганізацыі кібэратакаў на дзяржавы Эўропы, Блізкага Ўсходу і Афрыкі, гаворыцца ў прэс-рэлізе.

WikiLeaks сьцьвярджае, што ЦРУ ўмее перахопліваць паведамленьні мэсэнджэраў WhatsApp, Telegram і Signal да стадыі шыфраваньня. Паводле WikiLeaks, ЦРУ навучылася атрымліваць інфармацыю з камэраў і мікрафонаў смартфонаў, а таксама тэлепрыставак. У прэс-рэлізе гаворыцца, што спэцыялісты ЦРУ працуюць над пошукам слабых месцаў, пра якія ня ведаюць распрацоўнікі. У прыватнасьці, выведнае агенцтва зацікавілася апэрацыйнай сыстэмай iOS, бо яна папулярная сярод палітычных, дыпляматычных і бізнэс-элітаў.

WikiLeaks — гэта міжнародная некамэрцыйная арганізацыя, якая апублікавала шэраг важных дакумэнтаў аб выдатках на вайну ў Афганістане, файлы наконт турмы Гуантанама, сакрэтныя дакумэнты Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША і электронную перапіску Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ЗША. Джуліян Асанж хаваецца ад амэрыканскага правасудзьдзя, якое абвінавачвае яго ў раскрыцьці і абнародаваньні фактаў, якія адносяцца да катэгорыі сакрэтных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG