Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут жылі нашыя сем пакаленьняў!» Гомельскія ўлады хочуць зьнесьці 33 прыватныя дамы


На вуліцы Мечнікава ў Гомлі

Жыхары аднаго з кварталаў Навабеліцкага раёну Гомля былі шакаваныя весткай, што іхныя трыццаць тры прыватныя дамы могуць зруйнаваць.

На гэтым месцы ўлады плянуюць пабудаваць чатыры шматпавярховыя дамы. Уласьнікі дамоў супраць. Яны сабралі сотні подпісаў пад калектыўнымі зваротамі.

«Для нас гэта ня проста кавалак зямлі, дзе мы пражываем сваё жыцьцё. Тут жылі нашы прадзеды. На гэтай зямлі мы сёмае пакаленьне», — кажа Кірыл Осіпаў, адзін з жыхароў вуліцы Мечнікава.

Пра пляны зносу даведаліся выпадкова

Жыхары вуліц Герцэна, Урыцкага, Радзішчава, Мечнікава і Дзімітрава пра пляны пабудаваць шматпавярховікі на месцы іхных дамоў даведаліся выпадкова.

Людміла Рагоўцава і Кірыл Осіпаў
Людміла Рагоўцава і Кірыл Осіпаў

«Нам патэлефанавалі сваякі. У мясцовай газэце на перадапошняй старонцы, у маленькай нататцы, вычыталі, што нашы дамы плянуюць зруйнаваць. Гэта быў шок. Нас ніхто не папярэдзіў!», — кажа Людміла Рагоўцава.

На вуліцы Мечнікава жанчына пражыла 60 гадоў. Дом пабудавала яе бабуля ў 1944 годзе. Потым жытло рамантавалі, дабудоўвалі. Цяпер гэта камфортны і ўтульны дом, які патанае ў кветках і зеляніне. Такія ж і суседзкія сядзібы — дагледжаныя, адрамантаваныя.

На вуліцы Мечнікава
На вуліцы Мечнікава

Людзі арганізаваліся і пайшлі ў адміністрацыю Навабеліцкага раёну. Празь дзень пасьля іхнага візыту да чыноўнікаў прадстаўнікі адміністрацыі раскідалі ў паштовыя скрынкі анкеты для прапановаў да грамадзкага абмеркаваньня праекту.

27 ліпеня — апошні дзень грамадзкіх слуханьняў наконт гэтага праекту. Людзі хутка сабралі больш за 380 подпісаў супраць зносу, каля 200 чалавек падпісалі электронны зварот, 180 упісалі ў анкеты прапанову не чапаць іхныя дамы.

Бракуе інфраструктуры

«Як можна ў нашым квартале будаваць шматпавярховыя дамы? На ўвесь мікрараён — адна дарослая і адна дзіцячая паліклініка. Не прабіцца да дактароў, бракуе месца ў дзіцячых садках, школах, мала крамаў, праблемы з транспартнай камунікацыяй», — скардзяцца жыхары кварталу.

У калектыўным звароце яны назвалі «калясальнай праблемай» Навабеліцкага раёну «бязглуздае жыльлёвае будаўніцтва пры поўным ігнараваньні разьвіцьця інфраструктуры». За апошнія дзесяцігодзьдзі найменшы ў горадзе мікрараён вырас з 30-35 да 75 тысяч чалавек. І пры гэтым сацыяльная інфраструктура практычна не зьмянілася.

Людзей чакае пагаршэньне экалягічнай сытуацыі, высяканьне дрэваў. Адбіраюць зямельныя пляцы пад будаўніцтва шматпавярховікаў «для дзяржаўных патрэбаў». «Аднак ніякай дзяржаўнай патрэбы ў адбіраньні ўчасткаў папраўдзе няма. Упраўленьне капітальнага будаўніцтва проста будзе нажывацца на будаўніцтве новых кватэраў», — упэўненыя падпісанты зваротаў.

Надзел ад князя Паскевіча

Осіпаў падлічыў, што на гэтым пляцы зямлі жыве сёмае пакаленьне ягонай сям’і. Кавалак зямлі яго продак атрымаў яшчэ ад князёў Паскевічаў, якія фактычна валодалі горадам у часы Расейскай імпэрыі. Цяпер у квартале кампактна жывуць чатыры сям’і — нашчадкі заможнага гараджаніна.

«Пасьля рэвалюцыі наш продак трапляў пад раскулачваньне і таму хутка раздаў зямлю сваім сваякам — стрыечным братам, пляменьнікам. Тут жылі нашы прадзеды, дзяды. Усё наша жыцьцё тут. Таму крыўдна. Балюча... Гэта ня проста кавалак зямлі, дзе мы пражываем сваё жыцьцё», — кажа Осіпаў.

Ён зьвяртае ўвагу: у квартале будуюцца новыя прыватныя дамы, на гэта ўлады давалі людзям дазвол.

«Я разумею так — каб зносілі аварыйныя, старыя дамы. У нас жа дамы дагледжаныя, адрамантаваныя. Вядома, забудоўніку выгада — ня трэба весьці кілямэтры камунікацыяў, усё на месцы, ціхі, утульны раён», — перажывае Людміла Рагоўцава.

Дом у суседзтве — адзіны, які застаўся пасьля пажару ў часе вайны.

«Тут жыў у вайну праваслаўны сьвятар. Немцы, калі адыходзілі, падпалілі ўсе дамы, людзі пасьпелі пахавацца. А гэты дом адзіны, які не згарэў тады. Зараз і яго зруйнуюць», — з жалем зазначае жанчына.

Практычна ўсе жыхары кварталу супраць зносу.

Ушчыльненьне на Піянэрскай

Таксама выпадкова пра пляны будаўніцтва 11-павярховага дому даведаліся жыхары вуліцы Піянэрскай. Абвестка зьявілася на сайце адміністрацыі Навабеліцкага раёну, у непрыкметным разьдзеле «Грамадзкія слуханьні».

Мэта зносу прыватных дамоў і будаўніцтва шматпавярховага — «павышэньне ўзроўню добраўпарадкаваньня і эстэтычных якасьцяў шматкватэрнай забудовы шляхам яе ўшчыльненьня».

Жыхары Піянэрскай зьвяртаюць увагу: яшчэ толькі абмяркоўваецца праект, а каля іхных дамоў ужо пракладзеныя новыя камунікацыі!

Ушчыльненьнем абураныя ўласьнікі прыватных дамоў і суседняга 9-павярховага. Калі праект будзе рэалізаваны, жыхары дзевяціпавярховіка будуць пазіраць у суседзкія вокны.

«Дом хочуць пабудаваць паралельна нашаму, вышэйшы на два паверхі. Усё, ня будзе ні сонца, ні паветра. У нас і так зараз шчыльнасьць як у Шанхаі. Яшчэ і паркоўку зладзяць пад нашымі вокнамі», — наракаюць жыхары дому № 8 на вуліцы Піянэрскай.

Яны сабралі 660 подпісаў пад калектыўным зваротам, запоўнілі больш за 400 анкет для грамадзкага абмеркаваньня.

Людзі кажуць: пры такой шчыльнасьці забудовы інфраструктура раёну ўжо не забясьпечвае мінімальных патрэбаў чалавечага існаваньня: чаргі на прыём да доктара трэба чакаць тыднямі, на абсьледаваньне — месяц. Запісвацца ў дзіцячы садок трэба з радзільні.

«Транспартная інфраструктура ў час пік даступная толькі загартаваным целам і духам людзям», — пішуць у звароце жыхары Піянэрскай.

Улады Гомля і Навабеліцкага раёну пакуль недаступныя для камэнтару сытуацыі — магчыма, гэта зьвязана з тым, што ў горадзе чакаюць прыезду Аляксандра Лукашэнкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG