Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматпавярховік пасярод менскай Дзіцячай чыгункі будуюць сэрбскія знаёмцы Лукашэнкі


Будаўніцтва ў кольцы дзіцячай чыгункі. Фота з дрона, красавік 2018

Проста ў кольцы Дзіцячай чыгункі ў Менску кампанія сэрбскіх бізнэсоўцаў, што асабіста знаёмыя з Аляксандрам Лукашэнкам, будуе шматпавярховы жылы дом. Адмыслоўцы лічаць, што гэтая забудова прывядзе да зьнішчэньня ўнікальнага архітэктурнага ансамблю і культарнага ляндшафту.

Што такое менская Дзіцячая чыгунка

Дзіцячая чыгунка ў Менску запрацавала 9 ліпеня 1955 году. Тут сапраўдныя цеплавозы з вагонамі, правілы руху, машыністы, праваднікі, начальнікі станцый і пасажыры. Ад вялікай чыгункі яна адрозьніваецца толькі шырынёй каляіны ў 750 мм (удвая вузейшай) і даўжынёй трасы (усяго 4,5 км).

Цяпер дзіцячая чыгунка мае два цеплавозы, 12 вагонаў і тры станцыі.

Дарога пачынаецца каля парку імя Чалюскінцаў і вядзе ў Сьляпянскі лес на ўскраіне Менску. Чыгунку абслугоўваюць менскія школьнікі, якія папярэдне прайшлі патрэбную падрыхтоўку.

Першай у сьвеце лічыцца дзіцячая чыгунка ў Тбілісі. Шмат у якіх краінах дзіцячыя чыгункі, якія зьявіліся за савецкім часам, з розных прычын пазакрывалі альбо паперараблялі ў атракцыёны.

Хто будуе ў кольцы дзіцячай чыгункі

Адказу на гэтае пытаньне Радыё Свабода чакала ад Менгарвыканкаму больш за два месяцы.

Пашпарт аб'екту
Пашпарт аб'екту

У прэс-службе Менгарвыканкаму нам паведамілі, што жылы дом у кольцы Дзіцячай чыгункі ў межах праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Макаёнка будуе замежнае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Зомэкс Інвэстмэнт», якое створана кампаніяй Dana Holdings.

Dana Holdings падкантрольная сэрбскім бізнэсоўцам братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, якія асабіста знаёмыя з Лукашэнкам. Драгамір Карыч ёсьць дэпутатам сэрбскага парлямэнту, дзе ўзначальвае групу па супрацы зь Беларусьсю. Падчас парлямэнцкіх выбараў 2016 году у Беларусі ён у якасьці назіральніка актыўна нахвальваў высокую яўку на дзяржаўных тэлеканалах.

Заходняя прэса называла Карычаў асабістымі банкірамі сям'і сэрбскага лідэра Слабадана Мілошавіча, якога Гаагскі трыбунал судзіў за ваенныя злачынствы ў Косаве.

Dana Holdings выступае заказчыкам найбуйнейшых будаўнічых праектаў у Менску, зацьверджаных Лукашэнкам.

Багалюб Карыч, старшыня Менскага гарвыканкаму Ўладзімер Шорац, Драгамір Карыч. Архіўнае фота
Багалюб Карыч, старшыня Менскага гарвыканкаму Ўладзімер Шорац, Драгамір Карыч. Архіўнае фота

У аддзеле продажаў Dana Holdings карэспандэнту Свабоды сказалі, што кампанія выйграла тэндэр на будаўніцтва і атрымала зямлю. Іншых камэнтароў кампанія не прадставіла.

Што будуюць у кальцы Дзіцячай чыгункі і на якой падставе

Паводле прэс-службы Менгарвыканкаму, жылы дом № 1 мае зьменную паверхавасьць: 10–12 паверхаў з павышэньнем у цэнтральнай частцы да 14–15.

У яго будзе ўбудаваны дзіцячы садок у складзе аб’екта «Шматфункцыянальны комплекс на скрыжаваньні праспэкта Незалежнасьці — вуліцы Макаёнка ў Менску».

Будоўля дазволена на падставе рашэньняў Менгарвыканкаму

  • ад 28.11.2013 № 2925,
  • ад 18.09.2014 № 2344,
  • ад 31.03.2015 № 756,
  • ад 28.09.2017 № 3272,
  • ад 24.05.2018 № 1701.

«Яна вядзецца ў адпаведнасьці з інвэстыцыйнай дамовай, заключанай паміж інвэстарам і Рэспублікай Беларусь, — паведамляе прэсавая служба. — Пляніровачнае рашэньне абʼекта распрацавана з улікам захаваньня Дзіцячай чыгункі імя Заслонава».

Паводле прэс-службы, узьвядзеньне абʼекта ня будзе перашкаджаць паўнавартаснаму функцыянаваньню Дзіцячай чыгункі.

«Праект комплексу ўлічвае захаваньне межаў зямельнага ўчастка для абслугоўваньня і эксплюатацыі дарогі».

У Менгарвыканкаме сьцьвярджаюць, што праект комплексу прадугледжвае захаваньне гісторыка-культурнай каштоўнасьці — будынка вакзалу станцыі «Заслонава» «бязь зьмены межаў іх зямельнага ўчастка для абслугоўваньня, эксплюатацыі і магчымасьці паўнавартаснага функцыянаваньня будынка».

«Комплекс, які ўзводзіцца, не парушае мяжы паласы адводу чыгункі, а таксама навакольнага ляндшафту. Цяпер абʼектам гісторыка-культурнай спадчыны зьяўляецца архітэктурны ансамбль забудовы праспэкту Незалежнасьці на ўчастку ад будынка Галоўпаштамту да вуліцы Казлова. Дзіцячая чыгунка імя Заслонава не зьяўляецца ахоўным абʼектам», — адзначае прэс-служба Менгарвыканкаму.

На пытаньне, ці будзе чыгунка ствараць нейкую небясьпеку для жыхароў дома, у прэс-службе адказалі, што праектам «улічаны патрабаваньні бясьпекі, прадугледжана рацыянальнае функцыянальнае занаваньне тэрыторыі».

Маецца на ўвазе:

  • двухбаковы праезд па пэрымэтры ўчастку;
  • уезды ў падземны гараж-стаянку;
  • пераезд у розных узроўнях праз чыгунку:
  • дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі і пляцоўкі для адпачынку насельніцтва прадугледжаны з боку двара;
  • забясьпечана магчымасьць падʼезду пажарных машын, праезду з двух бакоў уздоўж фасадаў;
  • магчымасьць доступу пажарных падразьдзяленьняў з дапамогай аўталесьвіцы і падʼёмнікаў у кожную кватэру.

Раней ў Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму карэспандэнту Свабоды патлумачылі, што «ўсё ўзгоднена, рэалізацыя праекту ідзе ў рамках указу прэзыдэнта». «Генплянам і дэталёвым плянам разьмяшчэньне жылой забудовы на гэтай тэрыторыі не забаронена», — сказалі там.

Адміністрацыя чыгункі: «Гэта ўнікальнае прадпрыемства ў Беларусі»

У адміністрацыі дзіцячай чыгункі спадзяюцца, што ўзьвядзеньне дома ў кальцы станцыі «Заслонава» ня будзе пачаткам забудовы ўнікальнага аб’екта.

«Нас не зацісьнеш. У дадзены момант мы нікому не перашкаджаем. Заезд у гэты дом будзе з боку вуліцы Макаёнка. Да нас жа заяжджаюць з праспэкту Незалежнасьці», — сказала карэспандэнту Свабоды намесьнік начальніка чыгункі Натальля Саевіч.

Але, паводле яе, пасажырам лепш глядзець на прыроду, чым на двор дома.

«У нас ёсьць добрыя абаронцы — Беларуская чыгунка і ўвесь Менск. Калі нас раптам перанясуць недзе ў канец гораду, то пасажыры да нас езьдзіць ня будуць».

За сэзон, пераважна летам і ў зімовыя канікулы, чыгунка перавозіць амаль 60 тысяч пасажыраў. Кошт квітка — 3 рублі 50 капеек.

«Гэта ўнікальнае прадпрыемства ў Беларусі, якое выхоўвае падрастаючае пакаленьне». — сказала Натальля Саевіч.

Вакзал Менскай дзіцячай чыгункі
Вакзал Менскай дзіцячай чыгункі

Гарадзскі актывіст: «Забудова ў кольцы дзіцячай чыгункі — гэта скандал»

Паводле каардынатара Таварыства «Горад для гараджан» Дзяніса Кобрусева, забудова ў кольцы дзіцячай чыгункі і па вуліцы Парніковай — гэта скандал.

Дзяніс Кобрусеў
Дзяніс Кобрусеў

​«Dana Holdings любіць будаваць велізарныя дамы, абсалютна ня дбаючы пра навакольную прастору. „Маяк Менску“ гэтаму пацьверджаньне. Цяпер па Парніковай вырасьлі вялікія гмахі, і ў кольцы дзіцячай чыгункі таксама будзе вялікі будынак. Фактычна дзіцячая чыгунка будзе аб’яжджаць вакол дваровай тэрыторыі нейкага дома. Плюс яшчэ будзе проста сапсаваны від на праспэкт, які з гэтага боку будзе яго проста падаўляць».

Паводле Кобрусева, юрыдычныя нормы гэтага будаўніцтва «нібыта датрыманыя». «Але комплекс дзіцячай чыгункі будзе загублены», — лічыць актывіст.

Гарадзкі актывіст кажа, што Dana Holdings, маючы пратэкцыю на самым высокім узроўні, «бярэ самыя ласыя кавалкі тэрыторыі і ўзводзіць нічым не выбітную, шараговую забудову, якая будзе псаваць увесь выгляд».

«Так адбылося таксама з Кастрычніцкай плошчай, калі яны атрымалі надзел па ўказу прэзыдэнта. І ў гараджан няма магчымасьці паўплываць на тое, як гэта будзе выглядаць. Мы проста губляем месцы, на якіх зь цягам часу маглі б паўстаць камфортныя, сымпатычныя, эўрапейскага ўзроўню будынкі», — кажа Кобрусеў.

Бізнэс-цэнтар на Кастрычніцкай плошчы: «Гэта не самавольнае будаўніцтва»

Паводле актывіста, ушчыльненьне вядзецца ў такой зоне, дзе побач няма дамоў, няма мясцовай супольнасьці, якой бы гэта пагаршала ўмовы жыцьця.

«Усе будаўнічыя пратэсты адбываюцца там, дзе шмат людзей. А калі ўшчыльняюць там, дзе гэта наўпрост ня тычыцца жыхароў, усё праходзіць незаўважна. Пацьвярджэньне гэтаму „Маяк Менску“, дзе ніхто асабліва не пратэставаў, ці знос будынку БелЭкспа. Гэта ж тычыцца і дзіцячай чыгункі, хоць многія людзі падпісвалі пэтыцыі супраць гэтага будаўніцтва. Але паколькі ніхто беспасярэдне ня жыў на гэтым месцы, то пратэст застаўся толькі ў інтэрнэце», — тлумачыць Кобрусеў.

Культуроляг: «Парушаць унікальны ляндшафт — гэта злачынства»

Культуроляг і знаўца гісторыі Менску Сяргей Харэўскі выказвае занепакоенасьць, што менавіта кампаніі Dana Holdings выдаюцца самыя каштоўныя і дарагія месцы ў Менску — каля Нацыянальнай бібліятэкі, пляцоўка музэю вайны, а цяпер — дзіцячай чыгункі.

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

«Я лічу, што пракуратура павінна пацікавіцца, на якой падставе так атрымліваецца. Чаму менавіта адной кампаніі выдаюцца самыя дарагія і знакавыя месцы гораду. Тэрыторыя дзіцячай чыгункі — гэта ўнікальны ансамбль, створаны па вайне. Разам зь лесам гэта вельмі важная экалягічная зона. Гэта спэцыфічны ўнікальны культурны ляндшафт. Парушаць яго, зьмяняць структуру — гэта злачынства», — сказаў Сяргей Харэўскі.

Ён мяркуе, што цяперашняе будаўніцтва не абыдзецца бяз масавага высяканьня дрэваў і зьнішчэньня ляснога масіву дзеля парковак.

«Антрапагенны прэс на гэтую тэрыторыю рэзка ўзрасьце. Гэтая запаведная тэрыторыя, якая мела такі статус амаль 70 гадоў, фактычна ператвараецца ў зону інтэнсіўнай забудовы без увагі на памяць, культурную каштоўнасьць і экалёгію».

Паводле Сяргея Харэўскага, захоўваць дзіцячую чыгунку бясспрэчна варта.

«Для беларусаў чыгунка — гэта як для іншых народаў мора і порт. Гэта частка нашага мэнталітэту і спадчыны. І так абсалютна па-хамску распарадзіцца», — кажа ён.

У Менску пашыраць вуліцу Макаёнка для новага комплексу сэрбскіх забудоўнікаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG