Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пашыраць вуліцу Макаёнка для новага комплексу сэрбскіх забудоўнікаў


Высечаныя дрэвы на Макаёнка, 14 траўня
Высечаныя дрэвы на Макаёнка, 14 траўня

14 траўня на менскай вуліцы Макаёнка пачалі высякаць каштаны і клёны, каб пашырыць дарогу да чатырох палос. Гэта зьвязана з будаўніцтвам шматфункцыянальнага комплексу, што разгарнула кампанія «Дана Астра», паведамілі Свабодзе ў прадпрыемстве «Менскграда».

«Павялічваецца транспартны паток. Там жа разьмяшчаецца вялікая колькасьць жыльля і грамадзкіх плошчаў, у сувязі з гэтым павялічваецца колькасьць насельніцтва і працаўнікоў. Адпаведна, павялічваецца машынапаток. Каб не было коркаў і загазаванасьці, патрэбна пашырэньне вуліцы. Да таго ж там ствараюцца палосы разгону і тармажэньня пры зьезьдзе з Макаёнка на Парніковую. Але ў цэлым гэта ў складзе праекту «Дана Астра», — патлумачыла крыніца ў «Менскграда».

Будынкі ўзводзяцца ўздоўж дзіцячай чыгункі. Апошняя, другая чарга будаўніцтва заходзіць нават усярэдзіну кальца гэтай чыгункі.

Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу кампаніяй «Дана Астра»
Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу кампаніяй «Дана Астра»

«Уздоўж чыгункі, паміж Макаёнка і паркам Чалюскінцаў у іх ідуць жылыя дамы, паркінгі, паўнавартасны дзіцячы садок і іншыя аб’екты. У кальцы будуць жылыя дамы, сацыяльна-культурныя абʼекты і дзіцячы садок», — сказалі ў «Менскграда».

«Дана Астра» ўваходзіць у групу кампаній Dana Holdings. Менавіта яна паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі выступае заказчыкам будаўнічых праектаў. Dana Holdings падкантрольная сэрбскім бізнэсоўцам, асабіста знаёмым з Лукашэнкам.

«На скрыжаваньні з Парніковай яшчэ заплянавалі шматпавярховы паркінг»

Заказчык пашырэньня вуліцы — прадпрыемства «Горадбуд». Яго дырэктар Александар Ярошык сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў будучым плянуецца таксама пашырыць вуліцу Батанічную.

«Гэта будзе як своеасаблівая артэрыя. Цяпер, едучы па Філімонава, мала хто карыстаецца тым, каб праехаць па Парніковай, потым па Макаёнка. Гэтая вуліца будзе рабіцца больш магістральнай», — сказаў ён.

Паводле Ярошыка, будоўля комплексу таксама паскорыла праект пашырэньня вуліцы.

«Выезды з жылога комплексу заканчваюцца крыху раней. Асноўны ўпор да Парніковай, і там на скрыжаваньні з Парніковай яшчэ заплянавалі шматпавярховы паркінг. Частка тэрыторыі Белтэлерадыёкампаніі таксама будзе перабудоўвацца», — сказаў Ярошык.

Паводле галоўнага інжынэра УП «Зелянбуд Першамайскага раёну Менску» Аляксандра Сурмача, будуць зрэзаныя каля 183 дрэваў на адрэзку ад праспэкта Незалежнасьці да разваротнага кальца аўтобусаў.

«Перад дзіцячай чыгункай, у гэтым прамежку, ідзе пашырэньне дарогі і яе рэканструкцыя. Таму частку дрэваў, якія трапляюць у зону работ, высякаюць, а пасьля заканчэньня ўладкаваньня дарожнага каменю, па праекце, будуць высаджвацца маладыя дрэвы», — сказаў карэспандэнту Свабоды Аляксандар Сурмач.

«Там могуць быць птушыныя гнёзды»

Прадстаўніца грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Ганна Трафімчук лічыць, што цяпер высякаць дрэвы нельга, бо там могуць быць птушыныя гнёзды.

«Таму да 15 жніўня па законе аб жывёльным сьвеце высякаць дрэвы забаронена. Яны сёньня высеклі паабапал дарогі каштаны і клёны. І мне сказаў прадстаўнік „Зеленбуда“, што яны будуць высякаць усе дрэвы ўздоўж дарогі, — сказала яна Свабодзе. — Тут цудоўная вуліца, і няма ўражаньня, што яна патрабуе пашырэньня. Відавочна, гэта робіцца праз будаўніцтва новага комплексу».​

Паводле Трафімчук, зелянбудаўцы параілі ёй зьвяртацца да прэзыдэнта, бо «гэта яго прамое распараджэньне пашыраць тут дарогу».

«Гэта вы ў сябе пасадзіце дрэва з кукіш»

Раней кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў спыніць разбой зь неабгрунтаваным ушчыльненьнем жыльлёвай забудовы і вычяканьнем дрэў у населеных пунктах.

«І потым, вы саджалі гэтыя дрэвы, каб іх пілаваць? Кожны чалавек імкнецца выйсьці, каб настрой у яго быў, на дрэвы гэтыя паглядзець. Не, усё пілуем. Мы, маўляў, новыя пасадзім недзе. Гэта вы ў сябе ў двары сьпілуйце векавыя дрэвы і пасадзіце там дрэва з кукіш, і якая будзе ад гэтага карысьць... Трэба спыніць гэты разбой!» — запатрабаваў Аляксандар Лукашэнка.

«Мінск Сіці» ня будзе. Ці зьявіцца «Мінск Сьвет»?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG