Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб даць ход справе жыхароў супраць цэлюлёзнага заводу, суд патрабуе 370 тысяч рублёў пошліны


Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы, архіўнае фота
Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы, архіўнае фота

Пазоў 37 жыхароў вёскі Якімава Слабада супраць цэлюлёзнага заводу ў Сьветлагорску паклалі пад сукно — патрабуюць з кожнага пазоўніка па 10 тысяч рублёў пошліны.

Суд Сьветлагорскага раёну пакінуў бяз руху пазоў 37 жыхароў вёскі Якімава Слабада да мясцовага цэлюлёзна-кардоннага камбінату і кітайскай карпарацыі «Самсе» на кампэнсацыю шкоды здароўю і маёмасьці — за выкіды ў паветра смуродных рэчываў з новапабудаванага заводу беленай цэлюлёзы.

Вызначэньне пакінуць пазоў бяз руху прыняла яшчэ 12 сакавіка судзьдзя Людміла Сядзько. У канцылярыі судовае вызначэньне зарэгістраванае 15 сакавіка. Жыхары Якімавай Слабады атрымалі яго 20 сакавіка.

Як сказана ў вызначэньні, «у адпаведнасьці з часткай 1 артыкула 14 Закону „Аб ахове навакольнага асяродзьдзя“ права на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе належыць грамадзяніну ад нараджэньня, гэта значыць, права на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе прызнана за кожным грамадзянінам на вышэйшым заканадаўчым узроўні і ў дадатковым прызнаньні ня мае патрэбы. Такім чынам, у заяўнікаў адсутнічае права на зварот у суд з такім пазовам».

«Мы проста выпадаем у асадак ад такіх фармулёвак, — кажа адна з жыхарак Якімавай Слабады. — Бо ў суд зьвярнуліся ня дзеля таго, каб за намі прызналі права на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе, а таму, што наша права на такое асяродзьдзе парушаецца».

Яшчэ адзін пункт, паводле якога пазоў пакінуты бяз руху, — няправільна сплачаная судовая пошліна. За зварот у суд вяскоўцы заплацілі 5 базавых велічыняў — 122,5 рубля. Але ў вызначэньні гаворыцца, што кожны з пазоўнікаў павінен заплаціць 5% дзяржпошліны ад вызначанай сумы шкоды. І паколькі агулам жыхары патрабуюць спагнаць з камбінату і кітайскай карпарацыі 7,4 мільёна рублёў, то за зварот у суд давядзецца сплаціць 370 тысяч рублёў, альбо па 10 тысяч рублёў з кожнага.

«Ніхто зь вяскоўцаў такую пошліну заплаціць ня ў стане. Гэта ж ясна як божы дзень. На такі вынік улады й разьлічваюць», — кажа адзін з пазоўнікаў.

5-адсоткавая дзяржпошліна налічаецца для пазоваў аб спагнаньні маёмаснай шкоды. Пазоўнікі сьцьвярджаюць, што падавалі на спагнаньне маральнай шкоды — за перажытыя прыступы ўдушша, галаўны боль, крывацёк з носа, ваніты, алергію, выкліканыя выкідам у паветра мэтыльмэркаптану.

Пазоўнікам належыць удакладніць пазоў і заплаціць дзяржпошліну да 26 сакавіка.

Жыхары Сьветлагорску і раёну сабралі больш як 10 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы (падпісалася каля 12% насельніцтва). Аднак улады праігнаравалі грамадзкую думку і летась у лістападзе запусьцілі завод у тэставым рэжыме. Празь недаробкі на заводзе было выкінута 113,7 тоны забруджвальных рэчываў пры гадавым ліміце 5 тон.

25 сьнежня ў Якімавай Слабадзе, што побач з заводам, адбыўся стыхійны мітынг, на які выйшла каля 200 чалавек. Пратэсты працягваліся і ў студзені. Але цяпер людзі пратэставаць адкрыта баяцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG