Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 праблем з ушчыльненьнем забудовы, якія неабходна вырашыць


Улады не павінны дыктаваць зьверху, што і дзе будаваць. Гараджане павінны стаць паўнапраўнымі ўдзельнікамі прыняцьця рашэньняў аб разьвіцьці гарадзкіх тэрыторый. Грамадзкія слуханьні трэба праводзіць не фармальна і на самай раньняй стадыі праекту. З Закону аб зямлі трэба прыбраць тэрміны «генплян», «ПДП», «дзяржаўныя патрэбы».

Свабода з дапамогай экспэртаў вызначыла 5 першачарговых крокаў, як змагацца з ушчыльненьнем.

У Беларусі ня раз узьнікалі сурʼёзныя канфлікты з нагоды ўшчыльненьня забудовы, якое мясцовыя жыхары лічылі неабгрунтаваным: у Менску масава пратэставалі супраць зносу Асмалоўкі, «кропкавай» забудовы ў Зялёным Лузе, зносу прыватнага сэктару ў Сельгаспасёлку, на Грушаўцы, высечкі лесу ў Бараўлянах. Пратэсты жыхароў нярэдка застаюцца безвыніковымі: у Менску высеклі парк каля гатэля «Пэкін», ва Ўруччы ўсё ж пабудавалі дом для АМАПу, дагэтуль ня вырашанае пытаньне з высечкай зялёнай зоны на вуліцы Каліноўскага і будаваньнем там шматпавярховікаў.

Днямі Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай праекту новага Жыльлёвага кодэксу, абурыўся неабгрунтаваным ушчыльненьнем забудовы і высяканьнем дрэваў — маўляў, «замест таго каб парк закласьці, пачынаюць штампаваць жыльлё». І параіў чыноўнікам «перасяліцца ў гэты дом і жыць там, а побач пабудаваць гмах на 12 паверхаў, каб ваш дом апынуўся ў двары гэтага гмаху».

1. Праблема ўшчыльненьня наўпрост зьвязаная з арганізацыяй гарадзкой прасторы

Генэральны плян Менску не выконваецца, акрамя пункту пра будоўлю жытла. Гэта пагражае гораду чарговай хваляй ушчыльненьня, зносам прыватнага сэктару, скарачэньнем санітарна-ахоўных зон прамысловых прадпрыемстваў.

«Дастаткова банальна выконваць Генэральны плян Менску, дзе прапісаныя санітарныя, экалягічныя нормы, стандарты азеляненьня. Генплян у прынцыпе някепскі. Расьпісаная стратэгія зялёных зонаў, прамысловых зонаў, будаўніцтва сацыяльных абʼектаў — школ, дзіцячых садкоў, паліклінік — цалкам гарманічнае разьвіцьцё.

Насамрэч Менгарвыканкам выконвае толькі адзін разьдзел — жыльлёвае будаўніцтва. Астатняе — не», — перакананы памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, каардынатар руху «Экаград» Віктар Янчурэвіч.

Праблема ўшчыльненьня наўпрост зьвязаная з арганізацыяй гарадзкой прасторы. Дзяніс Кобрусеў, каардынатар руху «Генплян для менчукоў», прывёў прыклад:

«Два мільёны чалавек у Менску жыве на 350 квадратных кілямэтрах. У Празе насельніцтва — 1,2 мільёна чалавек, і яны займаюць тэрыторыю ў 500 квадратных кілямэтраў. Адпаведна, у Празе менш стаіць праблема ўшчыльненьня.

Таму трэба прымаць рашэньне аб пашырэньні межаў гораду, будаўніцтва ў прыгарадах. І неабходна запускаць праграму, пра якую шмат казалі і якая сёньня не працуе — гарадоў-спадарожнікаў сталіцы.

2. Грамадзкасьць павінна ўдзельнічаць у абмеркаваньнях на пачатковым этапе

Канстытуцыя, Закон аб архітэктуры і горадабудаўнічай дзейнасьці гарантуюць, што народ мае права ўдзельнічаць у абмеркаваньні сацыяльна значных праектаў. Але працэдура грамадзкага абмеркаваньня прапісаная фармальна, улады толькі робяць выгляд, што раяцца з грамадзянамі, перакананы Віктар Янчурэвіч, памочнік дэпутата Ганны Канапацкай, каардынатар руху «Экаград»:

«Чыноўнікі пішуць заданьне праектнаму інстытуту, праектная арганізацыя выконвае заданьне — і ўсё. На абмеркаваньне выносіцца ўжо гатовы праект. Жыхары абураюцца і пратэстуюць. Ніхто ня думае пра якасьць жыцьця, пра экалёгію — праект ушчыльненьня забудовы скіраваны толькі на выцягваньне з тэрыторыі максымальнага прыбытку. І толькі калі высьпявае народны выбух, калі людзі выходзяць на пікеты, акцыі, калі зьбіраюцца поўныя залі, чыноўнікі вымушаныя неяк рэагаваць.

А грамадзкасьць павінна ўдзельнічаць у абмеркаваньні на самым пачатковым этапе — фармаваньня заказу, архітэктурнага заданьня, а не падключацца тады, калі ўжо нічога зьмяніць немагчыма».

Каардынатар кампаніі «Генплян для менчукоў» Дзяніс Кобрусеў таксама лічыць, што яшчэ да распрацоўкі праекту людзі павінны выказваць прапановы, што б яны хацелі бачыць у пэўным месцы — зялёную зону, паліклініку ці жылы дом:

«Калі праект яшчэ толькі зьбіраюцца распрацоўваць, мясцовы орган улады павінен пра гэта паведаміць грамадзянам. І грамадзяне на працягу трох месяцаў пасьля абвесткі могуць дасылаць свае прапановы, што б яны хацелі бачыць у гэтым праекце».

Такая практыка, на думку спадара Кобрусева, павінна зьнізіць жар спрэчак.

3. Дакладна прапісаць працэдуру грамадзкіх слуханьняў

У Законе аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці гаворыцца, што гараджане маюць права атрымліваць інфармацыю. Больш дэталёва гэта рэглямэнтуецца Палажэньнем № 687 Савету Міністраў «Аб парадку арганізацыі грамадзкіх абмеркаваньняў», кажа Дзяніс Кобрусеў, каардынатар кампаніі «Генплян для менчукоў»:

«Тое палажэньне, якое дзейнічае цяпер, дае магчымасьць мясцовым органам улады праводзіць гэтыя абмеркаваньні досыць фармальна — правесьці адну прэзэнтацыю. Шляхі інфармаваньня наагул не расьпісаныя. Грамадзян проста інфармуюць, што будзе. Але часьцяком ігнаруецца 46 артыкул Канстытуцыі — права на спрыяльнае асяродзьдзе пражываньня.

Трэба дакладна прапісаць мэханізм, каб у мясцовых органаў не было магчымасьцяў для маніпуляцый і фармальнага правядзеньня слуханьняў».

Таксама часьцяком абмеркаваньне праводзіцца камісіяй. І на сёньняшні дзень у многіх ініцыятыўных групаў узьнікае праблема — як уключыць сваіх прадстаўнікоў у склад гэтай камісіі. Гэтую практыку трэба мяняць.

4. Прыбраць зь Зямельнага кодэксу згадкі пра генпланы гарадоў і ПДП як «дзяржаўныя патрэбы»

Шмат якія праблемы ў горадабудаваньні, ушчыльненьні, зносе прыватнага сэктару выцякаюць з таго, што гэтыя праекты ажыцьцяўляюцца пад прыкрыцьцём фразы «для дзяржаўных патрэбаў», лічыць праваабаронца Віктар Барташэвіч:

«Зь Зямельнага кодэксу, з артыкула 1 неабходна прыбраць словы „дзяржаўныя патрэбы“. Бо ў гэтым артыкуле дробнымі літарамі прапісана, што „дзяржаўнымі патрэбамі“, апрача такіх абʼектаў, як школа, стадыён, аэрапорт, зьяўляюцца яшчэ генэральны плян і праект дэталёвага плянаваньня.

Калі ў адпаведнасьці з праектам дэталёвага плянаваньня запраектаванае казіно, і гэта прапісана, то казіно — гэта „дзяржаўная патрэба“

Такім чынам, разыгрываецца хітрая схема. Калі ў адпаведнасьці з праектам дэталёвага плянаваньня запраектаванае казіно, і гэта прапісана, то казіно — гэта „дзяржаўная патрэба“. Я ня ўтрырую.

Усе рашэньні гарвыканкаму аб зносе прыватнага сэктару, аб ушчыльненьні пачынаюцца аднолькава: „У выкананьне генэральнага пляну, дзеля дзяржаўных патрэбаў робіцца тое і тое“. І тут крыць няма чым. Пакуль у Кодэксе аб зямлі ёсьць гэтыя два тэрміны — генплян і ПДП — нічога ня зьменіцца».

5.Усе рашэньні павінны прымацца не выканаўчай уладай, а выбарчым органам — гарадзкім Саветам

На сёньняшні дзень усе рашэньні аб забудове прымаюцца выканаўчай уладай. Выканаўчая ўлада — і замоўцы, і выканаўцы, і арганізатары грамадзкага абмеркаваньня, кажа Дзяніс Кобрусеў:

«Выканаўчая ўлада прымае рашэньне, што будаваць, што не будаваць. А паколькі выканаўчая ўлада не выбіраецца, яна не падсправаздачная выбарцам, для яе няма ніякай рызыкі. А прымаць рашэньне, будаваць ці не будаваць, зацьвярджаць праекты ці не, павінны абраныя органы ўлады, то бок гарадзкі Савет. У заходніх краінах так і адбываецца: генэральны плян гораду ў Швэцыі, да прыкладу, можа пераглядацца пасьля кожных муніцыпальных выбараў ці выбараў мэра».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG