Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель рыхтуюць да прыезду Лукашэнкі: рамантуюць дарогі і фасады, а «Майбах» зьявіўся ў горадзе ўжо зь вечара. ФОТА


У паліклініцы побач з новым дзіцячым шпіталем, які павінен адкрыць прэзыдэнт, параілі пакуль не запісвацца на прыём. А студэнтам у інтэрнаце сказалі не выходзіць на вуліцу і не адчыняць вокны.

Апошнія дні на вуліцах Гомлі ідуць актыўныя працы — горад рыхтуюць да прыезду Лукашэнкі. Як заўжды, афіцыйнай інфармацыі напярэдадні не давалі, але многія ў горадзе кажуць, што візыт дакладна адбудзецца, магчыма — ужо ў пятніцу.

І гэта відавочна: па маршруце ад уезду ў горад зь менскай трасы і да цэнтру Гомлі, асабліва каля новага дзіцячага шпіталю, які павінен адкрыць Лукашэнка, усё літаральна вылізваюць. «Свабода» назірала за працэсам.

Побач з новым шпіталем.
Побач з новым шпіталем.

Дворнікі зьмятаюць лужыны, камунальнікі фарбуюць фасады дамоў, прыпынкі і шапікі ўздоўж Савецкай вуліцы. Тэхніка рамантуе дарогу, па якой праедзе прэзыдэнт, побач асфальтуюць тратуары, мяняюць агароджы і плітку.

На перакрыжаваньні Яфрэмава і Савецкай, дзе, як мяркуецца, картэж Лукашэнкі будзе паварочваць на галоўную вуліцу гораду, працавалі жанчыны з прадпрыемства «Чырвоная гвазьдзіка». Рыдлёўкамі яны насілі з экскаватара зямлю на клюмбу. Размаўляць і здымацца жанчыны баяліся.

Па дарозе да новага шпіталя, на перакрыжаваньні Савецкай і Кірава, мяняюць трубы. Ямы схавалі за высокім зялёным плотам.

Найбольш народу каля новабудоўлі. Увечары ў чацьвер там былі ня толькі дворнікі і прыбіральшчыцы, але й людзі ў белых кашулях. Каля шпіталя ўжо адбілі паркоўку для дэлегацыі, вуліцу Жаркоўскага, на якой месьціцца новабудоўля, перакрылі. Ужо зь вечара тут стаялі машыны зь цёмным шклом і зь менскімі нумарамі, аўтамабіль ДАІ зь дзяржаўным гербам на дзьвярох, а побач — прэзыдэнцкі «Майбах» без нумароў.

Жыхары дамоў насупраць новай клінікі кажуць, што ніякіх папярэджаньняў ім не было, а студэнты інтэрнату распавялі, што вахцёр сказаў ім не выходзіць у пятніцу з інтэрнату і не адчыняць вокны.

Уваход у новы шпіталь.
Уваход у новы шпіталь.

Побач месьціцца і паліклініка. На пытаньне, ці можна запісацца ў пятніцу на прыём, мэдыкі разгубіліся:

— Лепей запішыцеся на іншы дзень. Альбо на пасьля абеду. Нам сказалі, што ўсё будзе праходзіць зь 9 да 13 гадзінаў, пра ніякія забароны не папярэджвалі, але ці мала што... А лепей патэлефануйце загадзя ў рэгістратуру — скажуць дакладна.

Падфарбоўваюць фасады і па дарозе да аблвыканкаму і Палацу Паскевіча — там, магчыма, пройдзе сустрэча зь мясцовымі ўладамі. На плошчы Леніна, перад будынкамі выканкаму і Палацу, мяняюць плітку.

Нагадаем, дагэтуль мэдыкі зь іншых клінік шмат дзён запар прыбіралі новы шпіталь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG