Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абстаноўка нэрвовая». Як працуюць у бараўлянскім шпіталі без галоўнага лекара


Аддзяленьне рэнтгену ў Менскай абласной клінічнай лякарні, ілюстрацыйнае фота
Аддзяленьне рэнтгену ў Менскай абласной клінічнай лякарні, ілюстрацыйнае фота

Свабода пагутарыла зь лекарамі і пацыентамі аднаго са шпіталяў, кіраўнік якога арыштаваны ў рамках «справы мэдыкаў».

Андрэй Каралько
Андрэй Каралько

20 чэрвеня ў рамках антыкарупцыйнай кампаніі быў затрыманы Андрэй Каралько, галоўны лекар Менскага абласнога шпіталя ў Бараўлянах. Яго абвінавачваюць у злоўжываньні службовым становішчам падчас закупаў дарагога абсталяваньня.

Выканаўца абавязкаў галоўнага лекара: «Усё ідзе сваім ходам»

Пэрсанал у кулюарах не хавае абурэньня арыштам свайго 38-гадовага боса. Пацыенты таксама кажуць пра нэрвознасьць, якая пануе на паверхах будынка, мадэрнізаванага за пяць апошніх гадоў, што Каралько быў на пасадзе.

Валеры Усьніч
Валеры Усьніч

Ад пачатку ліпеня абавязкі галоўнага лекара выконвае Валеры Усьніч, які дагэтуль быў намесьнікам па мэдычнай частцы (на сайце шпіталя галоўным лекарам па-ранейшаму значыцца Каралько).

На спробы ўдакладніць, што вядома пра затрыманага калегу, Валеры Усьніч адказвае коратка: ніякай інфармацыі ня мае.

«Афіцыйных зьвестак няма, а тое, што адна баба нешта сказала іншай, я не камэнтую, — сказаў ён у размове са Свабодай. — Усё ідзе нармальна, ніякіх праблемаў. Ад 1 жніўня прыходзяць маладыя спэцыялісты, колькі — пакуль ня ведаю, прыйдуць — зафіксуем».

А ці ёсьць чэргі ў вашай паліклініцы, шпіталі? Дасылайце вашыя фота і відэа нам на email, праз форму на сайце ці ў прыватных паведамленьнях праз Facebook, Instagram, «УКантакце», «Одноклассники».

Пра што гавораць у бальнічных калідорах

Цяпер у абласным шпіталі праходзіць курс лекаваньня пасьля інфаркту Лявон Цімохін — у мінулым выкладчык гісторыі, экс-дэпутат Маладэчанскага гарсавету, адзін з ініцыятараў дэсавэтызацыі гораду. Цімохін кажа, што надзвычайнае здарэньне нэгатыўна адбілася на ўсім працэсе, мэдыкі баяцца «зачыстак».

Лявон Цімохін у палаце абласнога шпіталя
Лявон Цімохін у палаце абласнога шпіталя

«Найменей хачу, каб пакутавалі людзі, пацыенты, але факт застаецца фактам: памянялася кіраўніцтва шпіталя, з высокіх трыбунаў тлумачаць, што абвешчана вайна тым, хто нешта недзе краў, ня так закупляў і г.д. Ці падумалі, якім чынам гэта адаб’ецца на вялікім і складаным арганізьме, які ўяўляе сабой шпіталь, — такім пытаньнем, відаць, не задаваліся», — кажа Цімохін.

Ён чуў размовы пэрсаналу, што разам з галоўным лекарам затрыманыя і іншыя супрацоўнікі шпіталя. Пацьвярджэньня гэтаму няма. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што Каралько быў добрым кіраўніком, пры ім шпіталь зрабіў якасны скачок у пляне абсталяваньня — былі набытыя тры ультрасучасныя апараты МРТ. Сёлета Андрэя Каралько абралі ў абласны савет дэпутатаў.

А вось тое, што пачалася неразьбярыха з кадрамі, — факт. Цяпер тут усё больш рэгіянальных «гастарбайтэраў».

«Кадры амаль усе маладзенькія, мясцовых практычна няма, езьдзяць з раёнаў — Маладэчна, Вілейка, Лагойск, — кажа Цімохін. — Неяк працуюць, працэс сяк-так ідзе. Але, як сказаў мне адзін лекар-кардыёляг, сёньня зусім інакшае пакаленьне — ня тое, што раней. Некалі працавалі за сумленьне, а цяпер як плацяць, так і працуюць. Заробак зусім не высокі, каб толькі ногі не працягнуць».

Рука пацыента пасьля курсу лекаваньня
Рука пацыента пасьля курсу лекаваньня

У якасьці доказу Цімохін дэманструе руку, учарнелую ад уколаў — маладым практыканткам не заўсёды ўдаецца зь першага разу пацэліць у вену. Але ён, як і астатнія пацыенты, удзячны мэдыкам, што тыя нават у такой няпростай сытуацыі намагаюцца захоўваць вытрымку.

Напярэдадні маладэчанскага адраджэнца праведалі актывісты курапацкага супраціву — сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец і кінарэжысэр Аляксей Туровіч.

У 1990-я Лявон Цімохін быў ініцыятарам усталяваньня помніка ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсій у Маладэчне і сёньня як можа салідарызуецца з вахтай у Курапатах. З бальнічнага ложка прысьвяціў абаронцам верш «Пякельная шаша» — у працяг тэмы, узьнятай Васілём Быкавым у апавяданьні «Жоўты пясочак», які нядаўна экранізаваў Аляксей Туровіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG