Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры такой сыстэме ў ахове здароўя ня можа ня быць карупцыі, — Раманчук


Яраслаў Раманчук

Госьць «Інтэрвію тыдня» — сябра дзяржаўнай Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва, эканаміст Яраслаў Раманчук. Ён адказвае на пытаньне, у чым асноўная прычына карупцыі ў беларускай мэдыцыне, тлумачыць, якія зьмены неабходныя ў сыстэме аховы здароўя, і распавядае, як спрачаўся з намесьнікам міністра аховы здароўя пра тое, ці павінны чыноўнікі ўдзельнічаць у камэрцыйных структурах (цяпер гэты намесьнік затрыманы і за кратамі).

Канфлікт інтарэсаў у структурах улады — гэта асноўная крыніца карупцыі, злоўжываньняў, манапалізму

—​ Вось ужо некалькі тыдняў у Беларусі разгортваецца "справа лекараў", каля 60 чалавек з галіны аховы здароўя знаходзяцца пад сьледзтвам, сілавыя структуры паведамляюць пра сотні тысяч даляраў, знойдзеныя ў падазраваных. Што гэтая справа кажа пра беларускую дзяржаўную сыстэму, карупцыю ў ёй, пра які стан рэчаў яна сьведчыць?

— Па сутнасьці, беларускі КДБ пацьвярджае мае тэзісы, якія я вылучаў цягам апошніх 15 гадоў, што канфлікт інтарэсаў у структурах улады — гэта асноўная крыніца карупцыі, злоўжываньняў, манапалізму, тых рэчаў, якія ёсьць крыніцай небясьпекі для жыцьця і здароўя беларусаў. КДБ даказвае, што сыстэма сэртыфікацыі, выдачы розных дазволаў не працуе. Што сыстэма дзяржаўнага кіраваньня, пабудаваная яшчэ ў Савецкім Саюзе (паводле якой дзяржаўнае — гэта найлепшае і сацыяльна арыентаванае) — гэта падман і бурбалка, якая цяпер лопаецца.

Пытаньне іншае — чаму менавіта сёньня гэта пачало развальвацца? Ёсьць шэраг тлумачэньняў. Нагадаю, што Лукашэнка ў сваім апошнім прэзыдэнцкім пасланьні прызнаў, што час цэнтралізаванай плянавай эканомікі заканчваецца, ён бачыць адсутнасьць крыніцаў росту ў гэтай мадэлі.

Таксама — падрасьлі дзеці, якія хочуць замяніць тых чыноўнікаў і камэрсантаў, якія кіруюць гэтымі плынямі. Таму трэба рабіць ратацыю. І камэрцыйную, і адміністрацыйную. Я думаю, варта чакаць пэўных зьменаў у сыстэме кіраваньня.

— Калі адбываюцца такія масавыя кампаніі арыштаў у нейкай галіне, то аналітыкі і публіцысты звычайна пачынаюць вылучаць вэрсіі, што гэта зьвязана з той ці іншай палітычнай кампаніяй — выбары, рэфэрэндум. Але ў Беларусі цяпер не назіраецца ніякай надзвычайнай палітычнай кампаніі. Чым тады можна патлумачыць такія рэпрэсіўныя дзеяньні ўладаў?

— Такая лёгіка дзейнічае ў краінах, дзе ёсьць палітычная канкурэнцыя, дзе трэба змагацца за рэйтынгі. У Беларусі гэтага няма. Беларусь — гэта закрытае акцыянэрнае таварыства, у якім дзейнічае зусім іншая матывацыя і мэханізмы прыняцьця рашэньняў. І людзі, якія кіруюць гэтым ЗАТ, заўважылі, што за апошнія 8 гадоў капіталізацыя нашай краіны зьменшылася на 70 мільярдаў даляраў. У гэты самы час сусьветная эканоміка вырасла больш чым на 21 працэнт. І яны кажуць самі сабе — каго гэта мы нанялі, якіх мэнэджэраў, што яны шкодзяць нашаму бізнэсу?

Другое — у 2019 годзе Расея зьмяняе падаткаабкладаньне нафты. І мы будзем купляць нафту зусім па іншых цэнах. Гэта прывядзе да таго, што мы страцім 15–20 працэнтаў бюджэту. Дзе мы возьмем грошы?

— Як "справа лекараў" можа паўплываць на пытаньне, дзе мы возьмем грошы?

— Бо для таго, каб абгрунтаваць нейкія зьмены ў эканамічнай палітыцы, трэба даказаць Лукашэнку, што ўсё існае неэфэктыўна і карупцыйна. Ён сам казаў яшчэ ў 2015 годзе, што трэба канфлікт інтарэсаў зьмяніць. Але я ня думаю, што пасьля гэтай чысткі будзе праведзеная рэформа аховы здароўя, будуць выкарыстоўвацца тыя канцэпцыі, якія мы прапанавалі. Калі мы бачым масавае незадавальненьне людзей, якія актыўна выяжджаюць зь Беларусі, бо тут няма заробкаў, — то нават Лукашэнку крыўдна, як кіраўніку ЗАТ, кіраваць такой краінай.

Дактароў няма, усе арыштаваныя
Дактароў няма, усе арыштаваныя

І калі мы зноў пакінем у Міністэрстве аховы здароўя ўсё як ёсьць, то нічога ня зьменіцца.

— Ці магчымы быў бы такі маштаб карупцыі, калі б мэдыцына ў Беларусі была не дзяржаўная, а платная і страхавая?

— Асноўная прычына карупцыі ў тым, што чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя адначасова рыхтуюць законы, прымаюць пастановы, выдаюць сэртыфікаты, ліцэнзіі, займаюцца бізнэсам — і ўсё гэта кантралююць. Гэта ўсё ў адным фляконе, і ў такой сыстэме ня можа ня быць карупцыі.

Што да страхавой мэдыцыны, то яна бывае розная. Калі б гэта было як у Сынгапуры, дзе ў кожнага чалавека ёсьць страхавы поліс, і ён сам і дзяржава туды плаціць, а потым ён купляе на рынку мэдычныя паслугі...

Але калі браць сёньняшнюю мэдыцыну нямецкую, брытанскую, польскую ці нават амэрыканскую — то гэта значная карупцыя з боку страхавога бізнэсу, з боку лекараў, клінік, якія выстаўляюць шалёныя грошы. Таму трэба вельмі сумленна падыходзіць да таго, якую выбіраць рэформу.

Але я пагаджуся, што калі будзе прыватная мэдыцына і чалавек сам будзе выбіраць, дзе лячыцца, і будзе жорстка акрэсьлена, што дзяржава забясьпечвае бясплатна для кожнага чалавека — тады будзе парадак і ня будзе карупцыі. У Беларусі ж няма ані парлямэнцкага, ані грамадзкага кантролю. Нагадаю, што ў гэтым "Мінздраўгейце" першыя, хто пачаў казаць пра карупцыю, — гэта былі журналісты, а не Камітэт дзяржкантролю.

І калі мы зноў пакінем усё як ёсьць, у Міністэрстве аховы здароўя, калі зноў ліцэнзіямі будуць займацца гэтыя людзі, а ня будзе незалежнага прыватнага інстытуту сэртыфікацыі, то нічога ня зьменіцца. У нас жа ўсё дзяржаўнае, усё ў адных руках, кругавая парука мажа, як куродым. Прытым так дзейнічае ня толькі Міністэрства аховы здароўя. Калі закрануць Міністэрства сельскай гаспадаркі, Міністэрства прамысловасьці — там такога можна накапаць!

Трэба, каб усе дзяржаўныя камэрцыйныя ўстановы ня мелі ніякіх дачыненьняў зь міністэрствамі

— Што, на вашу думку, найперш трэба зьмяніць у сыстэме аховы здароўя?

— Нядаўна быў на паседжаньні групы наконт ліквідацыі канфлікту інтарэсаў у органах дзяржаўнага кіраваньня і міністэрствах, і мне там адзін з намесьнікаў міністра казаў, што мы ня можам выйсьці з камэрцыйных структураў, бо гэта важна для жыцьця і здароўя людзей. І вось гэты намесьнік міністра сёньня сядзіць за кратамі і будзе адказваць за тыя карупцыйныя рэчы, якія ён дапусьціў.

Трэба, каб усе дзяржаўныя камэрцыйныя ўстановы ня мелі ніякіх дачыненьняў зь міністэрствамі. Трэба, каб яны мелі асаблівы статус, каб іх маніторыў Дзяржаўны камітэт па маёмасьці. Таму карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя ня зьнішчыць без адміністратыўнай рэформы, без радыкальнага зьмяншэньня функцый органаў дзяржаўнага кіраваньня. А калі ў чыноўнікаў усе інструмэнты — цэны, аб’ёмы, квоты — то ў гэтым балоце канкураваць зь імі няма магчымасьці.

— Яшчэ адзін аспэкт — гэта дзеяньні сілавых структураў, якія ствараюць у краіне атмасфэру 1937 году, калі нейкі доктар зьнікае, ня ходзіць на працу, а калегі ня ведаюць, дзе ён. Бо ў сілавых структураў беларускіх ёсьць такая манера — не паведамляць цэлымі днямі пра затрыманага. Можа, такім чынам праваахоўныя органы хочуць паказаць, што яны самыя моцныя ў краіне і ня маюць ніякіх абмежаваньняў?

— Паміж рознымі сілавымі структурамі не спыняецца канкурэнцыя. І гэтымі справамі КДБ паказвае МУСу, Сьледчаму камітэту, іншым структурам — "Глядзіце, што мы можам". Але і іншыя будуць нешта рабіць.

Каб гэты "Мінздраўгейт" дайшоў на нейкага лягічнага завяршэньня, то трэба затрымліваць ня толькі тых, хто браў хабар, але і тых, хто "крышаваў", прапускаў, ставіў пячаткі. І пасьля гэтага лічу вельмі мэтазгодным зрабіць паўнавартасную глыбокую рэформу сыстэмы аховы здароўя.

— Вы сур’ёзна лічыце, што ў выніку ўсіх гэтых арыштаў дзяржава пойдзе на нейкую істотную рэформу сыстэмы аховы здароўя?

— Я прапаную гэта. Я зьвярнуўся ў Раду па разьвіцьці прадпрымальніцтва. Мы прапануем, а калі ўлады не ідуць на гэта, то мы кажам — глядзіце, каб 5 гадоў таму гэта зрабілі, было б менш карупцыі, больш эканамічнага росту і дабрабыту. Але рашэньні прымаем ня мы, на жаль.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG