Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа лекараў: як можна разбагацець, кіруючы жабрацкай галіной


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Маштабная карупцыя ў Міністэрстве аховы здароўя зьяўляецца найбольш відавочнай ілюстрацыяй заганнасьці сыстэмы кіраваньня ў дзяржаве.

Аляксандар Лукашэнка анансаваў маючыя адбыцца гучныя карупцыйныя выкрываньні яшчэ 2 чэрвеня на памежнай заставе Дзівін, калі закрануў пытаньне арышту памочніка прэзыдэнта Сяргея Раўнейкі. Маўляў, неўзабаве вы пачуеце новыя факты. Таксама трымаў інтрыгу старшыня КДБ Валеры Вікульчык, адзначыўшы, што затрымана некалькі высокапастаўленых службовых асобаў, але не называў прозьвішчаў. Каб трымаць публіку ў стане чаканьня цікавага відовішча. Мусіць, палітычнае кіраўніцтва зьбіралася атрымаць ад гэтай сэнсацыі пэўныя піярныя дывідэнды.

Аднак, здаецца, пасьля абнародаваньня «мэдычнай справы» ўлада атрымае толькі іміджавыя страты.

Адна зь беларускіх паліклінік. Ілюстрацыйнае фота
Адна зь беларускіх паліклінік. Ілюстрацыйнае фота

З інфармацыі КДБ вынікае, што ўзяцьце пад варту, а таксама іншыя меры стрыманьня ўжытыя ў дачыненьні да больш як 50 чалавек, зь іх 33 — службовыя асобы. Высьветлілася, што лекі і мэдабсталяваньне на беларускі рынак дапускаліся за хабар. На подкуп чыноўнікаў ішлі мільёны даляраў ЗША. Разавы памер хабару дасягаў $350 тысяч. Падчас ператрусу ў дырэктара прадпрыемства «Белмэдтэхніка» Аляксандра Шарака выяўлена больш за $620 тыс. у эквіваленце. Па выніках справы ў даход дзяржавы паступіла ўжо больш як $15 млн.

Удар па іміджы ўладаў палягае ў тым, што жахлівая карупцыя закранула сацыяльна і псыхалягічна вельмі адчувальную сфэру жыцьця грамадзтва. Гэта тычыцца кожнай сямʼі, бо карыстаюцца лекамі, зьвяртаюцца па мэдычную дапамогу фактычна ўсе, часьцей ці радзей.

Разбураны міт пра моцную і эфэктыўную дзяржаву

Шмат гадоў у аснове афіцыйнага ідэалягічнага канструкту ляжыць тэза аб моцнай дзяржаве, здольнай забясьпечыць парадак у краіне. Маўляў, няхай у нас ўлада і аўтарытарная, але затое яна не дапускае бязладзьдзя. Дзяржаўнае дабро не раскралі, няма бязьмежжа прыватнікаў. Да таго ж у нас «сацыяльная дзяржава», якая гарантуе бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне.

І вось цяпер высьвятляецца, што ўсё гэта — прыгожы міт. Што ўсё наскрозь прагніло. Што хабар бяруць усе, нават патолягаанатам.

Сам па сабе канцэпт імпартазамяшчэньня выгадны для вытворцы, але нявыгадны для спажыўцоў. У сфэры лячэньня штучнае навязваньне беларускіх прэпаратаў шпіталям, паліклінікам і аптэкам шкоднае ўдвая.

Па-першае, імпартныя лекі звычайна маюць лепшую якасьць.

Па-другое, імпартазамяшчэньне азначае штучнае зьнішчэньне канкурэнтаў, што вядзе да росту цэнаў. У выніку большасьць лекаў у Беларусі нашмат даражэйшыя, чым у суседніх краінах, часта яны каштуюць у 2-3 разы больш, чым, напрыклад, у Польшчы. Пра гэта ўжо некалькі гадоў пішуць незалежныя мэдыя. Але, як вядома, зь імі ў Беларусі змагаюцца, называюць «пятай калёнай». І вось цяпер КДБ інфармуе, праз карупцыю «кошт і лекаў, і абсталяваньня завышаўся на 10-60%, у асобных выпадках на 100%».

Але, як цяпер высьвятляецца, сытуацыя значна страшнейшая. Аказваецца, лекі і мэдычнае абсталяваньне рэгістравалася і сэртыфікаваліся за хабар. Дырэктар Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандар Сталяроў, а таксама ягоны намесьнік затрыманыя. Орган, які павінен быў стаяць на варце якасьці мэдычных прэпаратаў, насамрэч прадаваў свае паслугі. І цяпер ніхто ня можа сказаць, колькі лекаў у аптэках дрэннай якасьці, шкодныя для здароўя, колькі няякаснага абсталяваньня працуе ў шпіталях і паліклініках. Гаворка ідзе пра маштабную шкоду здароўю нацыі, нанесеную пры патураньні самой дзяржавы. Хто за гэта адкажа?

Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Цяпер становіцца зразумела, чаму Міністэрства аховы здароўя спрабуе паставіць пад кантроль рынак касмэтычных паслуг, салоны прыгажосьці і іншае.

Яшчэ адзін сюжэт. З паведамленьня КДБ вынікае, што затрыманы шэраг службовых асобаў прадпрыемства «Белмэдтэхніка», якія «ўдзельнічалі ў арганізацыі працы камісіі Міністэрства аховы здароўя па закупліваньні абсталяваньня». Дзяржаўнае УП «Белмэдтэхніка» зьяўляецца камэрцыйнай структурай, якая гандлюе мэдычным абсталяваньнем. І адначасова ягоныя прадстаўнікі ўваходзяць у камісію міністэрства па закупліваньні абсталяваньня. Тут жа відавочны канфлікт інтарэсаў. Сама сытуацыя проста праграмуе карупцыю. Незалежныя экспэрты, у прыватнасьці Яраслаў Раманчук, даўно пішуць пра неабходнасьць падзяліць функцыі дзяржаўнага рэгуляваньня і камэрцыйнай дзейнасьці. Пару разоў пра гэта казаў і сам Лукашэнка. Аднак у рэальнасьці нічога ня робіцца.

Карупцыйнае балота

Вось старшыня КДБ Валеры Вікульчык, рапартуючы аб гэтай справе, кажа: «Гаворка ідзе не пра разавыя мерапрыемствы, не пра біцьцё па хвастах, а пра сыстэмную глыбокую мэтанакіраваную працу ў спыненьні карупцыі ў нашай краіне». Але ж як так атрымліваецца, сп. Вакульчык, што, чым больш вы займаецеся «сыстэмнай глыбокай мэтанакіраванай працай у спыненьні карупцыі», тым больш яе зьяўляецца? Памер хабару павялічваецца проста на вачах. Гэта ўжо стала пагрозай нацыянальнай бясьпецы.

У нармальнай краіне ў выніку такога скандалу ў адстаўку пайшлі б і міністар аховы здароўя, і віцэ-прэмʼер, адказны за сацыяльную сфэру. (У нашым выпадку гэта Васіль Жарко, які 11 гадоў кіраваў гэтым міністэрствам). Зьявілася б лягічнае пытаньне: а куды глядзелі КДБ і шэраг іншых праваахоўных органаў? Была б створаная парлямэнцкая камісія для расьсьледаваньня таго, чаму такая справа ўвогуле магла зьявіцца. Тэма, якая трапіла ў фокус грамадзкіх прыярытэтаў, была б хутка падхоплена апазыцыяй, яна зрабіла б яе асноўным пытаньнем грамадзка-палітычных дэбатаў. Але ў беларускім балоце ўсё гэта безнадзейна патоне. Неўзабаве мы, магчыма, пачуем, што затрыманых кіраўнікоў мэдычнай сфэры Лукашэнка памілаваў і накіраваў узначальваць адстаючыя калгасы.

Таму застаецца толькі пажадаць: будзьце здаровы і не хварэйце. Прынамсі, у Беларусі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG