Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпартэры бязь межаў» запатрабавалі скасаваць прысуд журналісту Галко


Зьміцер Галко пасьля суду
Зьміцер Галко пасьля суду

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» ашаломленая прысудам беларускаму журналісту Зьмітру Галко.

Як заявіў кіраўнік аддзяленьня арганізацыі па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Ёган Бір, гэта жорсткі вырак, яшчэ адно сьведчаньне перасьледу Зьмітра Галко, і гэты прысуд мусіць быць скасаваны.

Яшчэ да выраку, калі Галко знаходзіўся за кратамі, «Рэпартэры бязь межаў» патрабавалі ягонага вызваленьня, бо справа супраць яго «нагадвае помсту». Арганізацыя не пабачыла «ніякіх падставаў, каб журналіст быў у турме».

«Рэпартэры бязь межаў» таксама нагадалі, што Беларусь у іхным Рэйтынгу свабоды прэсы займае вельмі нізкую 155-ю пазыцыю са 180 краінаў.

Журналісту Галко, вядомаму па супрацы зь «Беларускім партызанам» і іншымі выданьнямі, 17 ліпеня прысудзілі 4 гады абмежаваньня волі за «напад на міліцыянта». Сам Галко называе прысуд палітычна матываваным, не прызнае віны і заяўляе, што ня біў міліцыянта, а толькі спрабаваў вывесьці яго з кватэры, у якую міліцыянт трапіў незаконна.

Зьміцер Галко ў судзе
Зьміцер Галко ў судзе

Што трэба ведаць пра справу Зьмітра Галко?

  • У судзе Савецкага раёну Менску 10 ліпеня пачаўся суд над журналістам і блогерам Зьмітром Галко. Яму пагражае да 6 год пазбаўленьня волі.
  • Падчас працэсу Галко неаднаразова заяўляў пра зьдзекі і катаваньні: «трымалі ў бэтонным «стакане» з закаванымі ў кайданкі рукамі, не давалі піць і есьці.
  • Што адбылося? У лістападзе 2017 году ў менскай кватэры Галко падчас сьвяткаваньня народзінаў сына Яна Галко нехта з суседзяў нібыта выклікаў міліцыю з прычыны шуму. Зьміцер адчыніў дзьверы. Пасьля гэтага, паводле вэрсіі сьледзтва, у яго здарыўся канфлікт зь міліцыянтам, быў разьбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. У судзе журналіст прызнаў, што падчас таго, як «выцягваў з кватэры» міліцыянта Чыркова, «мог выбіць ягоны тэлефон з рукі», але казаў, што «ня памятае гэтага дакладна».
  • На Галко склалі адміністрацыйны пратакол за «лаянку на вуліцы». Да суду па адміністрацыйным працэсе Галко знаходзіўся ў ізалятары.
  • Пасьля інцыдэнту Зьміцер Галко з сынам зьехалі ва ўкраінскі Марыюпаль. 22 красавіка, падчас вяртаньня ў Менск, Зьмітра Галко затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы.
  • 17 ліпеня прысудзілі 4 гады абмежаваньня волі за «напад на міліцыянта». Дзе ён будзе адбываць пакараньне, яшчэ ня вызначана.
  • Галко не прызнаў віны, назваў прысуд палітычна матываваным, зьбіраецца яго абскарджваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG