Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Беражкоў можа стаць дырэктарам Фэдэрацыі хакею

абноўлена

Уладзімер Беражкоў, верасень 2016 году
Уладзімер Беражкоў, верасень 2016 году

Вядуцца перамовы аб прызначэньні Ўладзімера Беражкова новым спартовым дырэктарам Фэдэрацыі хакею Беларусі, піша БелаПАН.

12 ліпеня газэта «Прессбол» паведаміла, што Беражкова прызначылі новым спартовым дырэктарам ФХБ. Сам Беражкоў кажа, што пра прызначэньне казаць рана.

«Не магу не пацьвердзіць, ні абвергнуць. Ідуць перамовы», — сказаў БелаПАН Уладзімер Беражкоў.

Уладзімер Беражкоў быў адным з заснавальнікаў і галоўным рэдактарам (1995–2014) першай у Беларусі незалежнай спартовай газэты «Прессбол», у 2014–2015 гадах — генэральным мэнэджарам хакейнага клюбу «Дынама-Менск».

Да лютага Беражкоў займаўся інтэрнэт-праектамі ў рэдакцыі «Советской Белоруссии» і звольніўся пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў дзяржаўных СМІ. Пасьля свайго звальненьня Беражкоў казаў Свабодзе, што ня ведае, чым будзе займацца далей.

Кіраваньне хакейным клюбам «Дынама-Менск» скончылася для Беражкова крымінальнай справай. У жніўні 2015 году Беражкоў быў затрыманы і зьмешчаны ў менскае СІЗА № 1 на падставе падазрэньня ў крадзяжы грашовых сродкаў хакейнага клюбу. У красавіку 2016 году Беражкова вызвалілі з-пад варты, у ліпені таго ж году крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Кіраўніцтва фэдэрацыі зьмянілася пасьля паразы на чэмпіянаце сьвету

На момант публікацыі на сайце ФХБ адсутнічае інфармацыя пра спартовага дырэктара. Дагэтуль спартовым дырэктарам ФХБ быў Уладзіслаў Клачкоў.

Генадзь Савілаў
Генадзь Савілаў

Былы старшыня ФХБ Сямён Шапіра 28 чэрвеня падаў у адстаўку. Яго зьмяніў былы хакеіст зборнай Беларусі Генадзь Савілаў, які цяпер гуляе за каманду прэзыдэнта Беларусі і хакейны клюб МТМ («Сьвет цяжкіх матораў». Канфэрэнцыя ФХБ прыняла аднагалоснае рашэньне ў выніку галасаваньня. Пасьля адзінагалоснага абраньня на пасаду старшыні ФХБ Савілаў заявіў, што першачарговай задачай для фэдэрацыі стане вяртаньне беларускай зборнай у элітны дывізіён.

На чэмпіянаце сьвету ў хакеі ў 2018 годзе беларуская зборная дачасна пакінула сусьветную эліту. Вылет зборнай Беларусі ў першы дывізыён здарыўся ўпершыню за 15 гадоў.

Цягам турніру адбылася замена галоўнага трэнэра зборнай Беларусі: пасьля паразы ад каманды Францыі быў выпраўлены ў адстаўку канадзкі спэцыяліст Дэйв Льюіс. Ягоны асыстэнт Сяргей Пушкоў ня здолеў ці не пасьпеў дастукацца да гульцоў, ніводзін сапернік так і не адчуў беларускага супраціву.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG