Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы рэдактар «Прессбола» і мэнэджар хакейнага «Дынама» звольніўся з «Советской Белоруссии» сьледам за Якубовічам


Уладзімер Беражкоў, здымак 2016 году

Экс-галоўны рэдактар газэты «Прессбол» і былы генэральны мэнэджэр хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Уладзімер Беражкоў звольніўся з рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия».

Беражкоў сказаў Радыё Свабода, што напісаў 7 лютага заяву аб звальненьні. Кіраўніцтва «Советской Белоруссии» просьбу Беражкова задаволіла.

«Гэта відавочна, ня трэба тлумачыць, чаму я сышоў», — кажа Беражкоў.

Напярэдадні, 6 лютага, Аляксандар Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў дзяржаўных СМІ. У «Советской Белоруссии» Паўла Якубовіча, які кіраваў газэтай больш за 22 гады, замяніў на пасадзе галоўнага рэдактара гендырэктар БелТА Дзьмітры Жук.

Чым далей будзе займацца Беражкоў, пакуль невядома. Па яго словах, апошнія месяцы ён быў заняты працай і ня думаў, што яму прыйдзецца шукаць «запасны аэрадром».

«У мяне няма ідэяў, бо мае апошнія месяцы былі цалкам прысьвечаныя гэтай працы. Мы дасягнулі сур’ёзных вынікаў. І я ня думаў, што мне прыйдзецца шукаць сёньня новую працу», — сказаў Беражкоў.

Пра пераход Беражкова ў «Советскую Белоруссию» стала вядома 7 лістапада 2017 году. Ён меўся адказваць за разьвіцьцё інтэрнэт-праектаў.

Уладзімер Беражкоў быў адным з заснавальнікаў і галоўным рэдактарам (1995–2014) першай у Беларусі незалежнай спартовай газэты «Прессбол», у 2014–2015 гадах — генэральным мэнэджарам хакейнага клюбу «Дынама-Менск». У жніўні 2015 году Беражкоў быў затрыманы і зьмешчаны ў менскае СІЗА № 1 на падставе падазрэньня ў крадзяжы грашовых сродкаў хакейнага клюбу. У красавіку 2016 году Беражкова вызвалілі з-пад варты, у ліпені таго ж году крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG