Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыега Марадона як канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі


Дыега Марадона (Diego Maradona), архіўнае фота

«Будзе весела» — такі ляйтматыў соцень і соцень камэнтароў на розных інтэрнэт-пляцоўках пад навіной пра тое, што Дыега Марадона стане старшынём праўленьня футбольнага клюбу «Дынама» зь Берасьця. У паведамленьні ўдакладняецца: «Гэта ня жарт». Сапраўды, весела, бо нечаканая экзотыка. Наўрад ці старыя заўзятары футболу маглі сабе ўявіць, што чэмпіён сьвету 1986 году будзе нейкім чынам зьвязаны зь беларускім футболам.

Гэта як Пола Макартні цяпер зрабіць начальнікам аддзелу культуры якога-небудзь аблвыканкаму. Паўбога, небажыхара — начальнікам мала каму вядомай па-за прафэсійнымі коламі структуры. Сыстэма ад гэтага ня зьменіцца, а таму практычнай карысьці для культуры быць ня можа, затое — «у нашым горадзе будзе бываць па рабоце сусьветная легенда!». Прыемна.

Так і з Марадонам: прыемна, але ж і сьмешна. Бо разам зводзяцца неспалучальныя рэчы: камандна-адміністратыўная сыстэма «жэстачайшай вэртыкалі» і дзеяч вольнага рынку.

Каму цяпер належыць берасьцейскае «Дынама», ніхто ня ведае. Генэральны мэнэджар «Дынама-Берасьце» Валдас Іванаўскас спасылаецца на канфідэнцыйнасьць інфармацыі пра акцыянэраў і грошы клюбу. А спорт у Беларусі традыцыйна асацыююць з уладай, нават калі фармальна той ці іншы клюб прыватны.

Што чалавек з вольнага сьвету і вольнага рынку можа нараіць людзям з дыямэтральна супрацьлеглай каштоўнаснай сыстэмы? Як можа паўплываць Дыега Марадона на разьвіцьцё футбольнага клюбу ў Беларусі, дзе ключавыя рашэньні прымаюць чыноўнікі, якія курыруюць спорт, а не спэцыялісты футболу і бізнэсоўцы?

Навошта Марадону Беларусь, мне зразумела. Па-першае, гэта проста такая работа — вясельны генэрал. Па-другое — чаму б не паглядзець новы пункт на мапе сьвету? Ведаю, што ў Берасьці ёсьць цікавыя дый проста маляўнічыя мясьціны. А вось навошта Беларусі Марадона?

Байнэт жартуе:

«Слухайце, а калі яму сказалі пра Брэст, ён, можа, пра Францыю падумаў?»;

«Прызнаюся па шчырасьці, спачатку я прачытаў не Марадона, а Мадона;)))))). Мне ў прынцыпе абодва пэрсанажы да старога бэзу;

«Марадону ў прэзыдэнты Беларусі!».

Шмат жартаў на тэму наркотыкаў, бо Марадона ў свой час быў заўважаны ў скандале з ужываньнем какаіну. Маўляў, ці не паўплывае прысутнасьць Марадоны на зьмякчэньне заканадаўства што да наркотыкаў.

У розных людзей чытаў жарт наконт таго, што Марадону трэба ўзначаліць якое-небудзь беларускае міністэрства. Напрыклад:

Владимир Максимков: «Паводле чутак, у нагрузку да берасьцейскага „Дынама“ Дыега Марадона ачоліць яшчэ і Фэдэрацыю хакею і Міністэрства сельскай гаспадаркі. Нібыта яшчэ ішла гаворка пра „Беларусьфільм“, але гэта ўжо зусім чуткі».

Падобныя жарты гучаць ня толькі ў сацсетках, але і пад матэрыяламі ў розных СМІ. Гэта кпіны не з Марадоны, які можа сабе дазволіць падпісваць кантракт зь берасьцейскім «Дынама», пазуючы перад камэрамі ня ў строі з гальштукам у афіцыйнай абстаноўцы, а ў просьценькім нумары гатэля, седзячы ў шортах на фоне перакручанага дагары нагамі афіцыйнага сьцяга РБ.

Гэта жарты зь беларускіх афіцыйных ці каляафіцыйных дзеячоў, якія хоць неяк спрабуюць стварыць сабе пазытыўны імідж. Больш як дваццацігадовыя спробы стаць прыкметнай спартовай дзяржавай скончыліся нічым. Нядаўна адбыўся «Вялікі хакейны правал».

Людзі сьмяюцца, бо разумеюць, што Марадона не ўратуе футбольны клюб у Беларусі. Хіба прарэклямуе яго, але рэкляма бязь зьместу — грошы на вецер.

Дыега Марадона ў Беларусі — гэта ня толькі жарты, сьмех і весялосьць, якіх так бракуе Беларусі ў цэлым. Гэта яшчэ патэнцыйная канкурэнцыя ў мэдыйнай прасторы з героем навінаў нумар адзін — Аляксандрам Лукашэнкам. Хоць бы на час.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Рука Бога, адрэзаныя ногі і тату зь Фідэлем: 8 фактаў пра Дыега Марадону, новага мэнэджара берасьцейскага «Дынама»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG