Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нехакейная нацыя. 7 прычынаў правалу беларусаў у хакеі


15 траўня зборная Беларусі правядзе апошні матч на чэмпіянаце сьвету ў хакеі супраць Славаччыны, які ўжо нічога ня вырашыць у яе лёсе — беларусы дачасна пакідаюць сусьветную эліту. Вылет у першы дывізыён здарыцца ўпершыню за 15 гадоў.

Усе шэсьць папярэдніх сустрэчаў беларускія хакеісты прайгралі, прапусьціўшы 29 шайбаў і забіўшы толькі 4. Сёньня статыстыка рызыкуе пагоршыцца: славакі захоўваюць шанцы на выхад у плэй-оф і будуць змагацца за тры ачкі.

Цягам турніру адбылася замена галоўнага трэнэра зборнай Беларусі: пасьля паразы ад каманды Францыі быў выпраўлены ў адстаўку канадзкі спэцыяліст Дэйв Льюіс. Ягоны асыстэнт Сяргей Пушкоў ня здолеў ці не пасьпеў дастукацца да гульцоў, ніводзін сапернік так і не адчуў беларускага супраціву.

Ілюстрацыйнае фота. Зборная Беларусі па хакеі падчас трэніроўкі з Дэйвам Льюісам. 2016 год
Ілюстрацыйнае фота. Зборная Беларусі па хакеі падчас трэніроўкі з Дэйвам Льюісам. 2016 год

Летась і пазалетась нацыянальнай зборнай таксама да апошняга пагражала паніжэньне ў клясе, але ўсё ж удавалася застацца сярод мацнейшых. Тым ня менш тыя вынікі сталі падставай да разьвітаньня з кіраўніком Фэдэрацыі хакею Беларусі Ігарам Рачкоўскім.

Лёс цяперашняга старшыні фэдэрацыі Сямёна Шапіры не акрэсьлены — наконт гульні зборнай яшчэ публічна ня выказаўся Аляксандар Лукашэнка. А «моцнага гаспадарніка», які колісь стаяў на чале Менскай і Гарадзенскай абласьцей, якраз і прызначалі «навесьці парадак у айчынным хакеі».

Што спрычынілася да падзеньня беларускага хакея? Сем адказаў Свабоды.

Прэсінг Лукашэнкі

Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка гуляе ў хакей. 2016 год
Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка гуляе ў хакей. 2016 год

​Кожнае хакейнае спаборніцтва высокага ўзроўню знаходзіцца пад пільнай увагай кіраўніка краіны. Аляксандар Лукашэнка рэгулярна праводзіць хакейныя нарады, крытыкуе кіраўнікоў фэдэрацыі, вучыць забіваць шайбы і публічна абураецца, калі хакеісты «плююць у душу» народу. Сам Лукашэнка, падобна, верыць прапагандзе, якая называе прэзыдэнцкую аматарскую каманду самай моцнай у сьвеце, а «Калядны турнір» у Менску ці не другім па вядомасьці першынством пасьля сусьветных.

Відавочна, падобны прэсінг не дадае разьняволенасьці — нават хакеісты дазваляюць сабе выказваньні, што пасьля такіх вынікаў, як цяпер у Даніі, іх могуць не пусьціць у краіну.

Марнаваньне сродкаў

Хакейны клюб «Дынама-Менск»
Хакейны клюб «Дынама-Менск»

​Дзяржава штогод укладае дзясяткі мільёнаў даляраў у хакейную гаспадарку, але эфэктыўнасьць інвэстыцый слабая. Ільвіную долю сродкаў зьядае менскае «Дынама», заяўленае ў Кантынэнтальную хакейную лігу — заробкі першых нумароў дасягалі ў сярэднім 50 тысяч даляраў на месяц. Аднак клюб так і ня стаў кузьняй кадраў для нацыянальнай зборнай, паколькі ад яго найперш патрабуюць высокіх месцаў у лізе.

Досыць дарагім праектам зьяўляецца і ўнутраны чэмпіянат Беларусі, які пры мінімальным глядацкім інтарэсе патрабуе істотнага і пастаяннага матэрыяльнага падсілкоўваньня. Дзеля ўсё тых жа вынікаў адміністрацыі камандаў неапраўдана злоўжывалі легіянэрамі, што ператварыла ў прафанацыю працэс пошуку і выхаваньня мясцовых талентаў.

Кадравая ліхаманка

Ледзь не штогод па выніках «неапраўданых чаканьняў» ад выступаў зборнай зьмяняюцца кіраўнікі фэдэрацыі ці галоўныя трэнэры. Часта гэта робіцца на эмоцыях, без магчымасьці працы над памылкамі. Пры гэтым узначальваць хакейную арганізацыю прызначаюцца людзі, якія маюць слабое ўяўленьне пра спорт як такі: міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, старшыня памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі, былы старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра.

Кожны новы функцыянэр пачынае «ламаць» структуру пад сябе, прыводзіць новых людзей, гэтаксама павярхоўна знаёмых з прадметам, лабіюе кандыдатуру тутэйшага ці замежнага спэцыяліста. Маючы пляны па выніках на ўсіх узроўнях — ад экстралігі да сусьветных спаборніцтваў — на задні плян адыходзіць працэс падрыхтоўкі самых нізоў.

Правал у дзіцячым хакеі

Трэніроўкі ў закінутым басэйне ў Смаргоні
Трэніроўкі ў закінутым басэйне ў Смаргоні

​Дзіцяча-юнацкі хакей Беларусі фінансуецца паводле рэшткавага прынцыпу. Заробкі трэнэраў мінімальныя, што не спрыяе аддачы зь іх боку. Набыцьцё дарагога рыштунку кладзецца грузам на бацькоў, пры цяперашняй эканамічнай сытуацыі заняткі хакеем ператвараюцца ў недаступную раскошу. Энтузіясты, як смаргонскі спэцыяліст Уладзімер Жабінскі, здаюць шклотару і прадаюць з нацэнкай тавар, каб утрымацца на плыву.

Адсутнасьць здольных гульцоў прывяла да лягічнага выніку — беларускіх прадстаўнікоў даўно няма ў наймацнейшай паўночнамэрыканскай Нацыянальнай хакейнай лізе. Фармальна толькі Міхаіл Грабоўскі, але праз траўму ён не гуляе ўжо 2 гады. Тых жа латышоў у НХЛ апошнім часам задрафтавана зь дзясятак, ня кажучы пра славакаў, немцаў, швайцарцаў, якія некалі былі «па зубах» беларусам.

Дарагая нерухомасьць

Ілюстрацыйнае фота. Лядовая арэна ў Шклове
Ілюстрацыйнае фота. Лядовая арэна ў Шклове

​Згодна з праграмай папулярызацыі хакею, у Беларусі збудавана крыху больш за тры дзясяткі крытых каткоў і арэнаў. Гэта сярэдні паказьнік для краінаў Эўропы, параўнальных у колькасьці насельніцтва. Аб’екты зьявіліся нават у рэгіёнах, дзе гэты від спорту дагэтуль не культываваўся — Кобрынь, Пружаны, Лунінец, Шклоў і г.д.

Аднак паўстала праблема іншага парадку — утрыманьне інфраструктуры. Лядовае пакрыцьцё патрабуе спраўнага функцыянаваньня складанай халадзільнай сыстэмы: штомесяц невялікі палац, у залежнасьці ад сэзону, зьядае 20-30 тысяч даляраў толькі за электраэнэргію. Выдаткі мусяць кампэнсаваць няпрофільнымі імпрэзамі — вясельлямі, карпаратывамі, выставамі, камэрцыйнымі кірмашамі. У той жа час заняткі ў дзіцячых сэкцыях каштуюць 100-150 даляраў на месяц, плюс дадатковыя адлічэньні на паездкі, лягеры, амуніцыю. У рэгіёнах часта гэта палова даходу ўсёй сям’і.

Нехакейная нацыя

Ілюстрацыйнае фота. Матч плэй-оф матч паміж Швайцарыяй і Беларусьсю ў мужчынскім спаборніцтве па хакеі з шайбай у Ванкувры. Алімпійскія гульні 2010 году
Ілюстрацыйнае фота. Матч плэй-оф матч паміж Швайцарыяй і Беларусьсю ў мужчынскім спаборніцтве па хакеі з шайбай у Ванкувры. Алімпійскія гульні 2010 году

​Ні ў сувэрэннай, ні ў савецкай гісторыі беларускі хакей ня меў вялікіх посьпехаў. Чацьвёртае месца на Алімпіядзе-2002 у ЗША — збольшага шчасьлівы зьбег абставінаў, чым заканамернасьць. Найвышэйшае дасягненьне на чэмпіянаце сьвету — 6-я пазыцыя ў 2006 годзе пры канадцы Глене Хэнлане. Пасьля гэтага ўмоўнае дамінаваньне ў сярэдзіне табліцы скончылася.

Некалькі апошніх Алімпійскіх гульняў прайшлі без удзелу Беларусі, задача на сусьветныя спаборніцтвы ад пачатку ставіцца больш чым сьціплая. Сёлетняе спаўзаньне ў першы дывізіён не азначае, што трэба чакаць хуткага вяртаньня, як гэта здарылася пасьля аналягічнага падзеньня туды ў 2003 годзе — адрозна ад тагачасных майстроў, здольнасьці цяперашніх аб’ектыўна больш сьціплыя. Да таго ж там чакаюць сапернікі, якім беларусы ўжо саступалі — найперш Славенія і Вугоршчына.

Выдаткі натуралізацыі

Ілюстрацыйнае фота. Зборная Беларусі на чэмпіянаце сьвету 2015 у Чэхіі
Ілюстрацыйнае фота. Зборная Беларусі на чэмпіянаце сьвету 2015 у Чэхіі

​Ня маючы годнай замены вэтэранам, хакейныя функцыянэры актыўна карыстаюцца практыкай натуралізацыі іншаземцаў. Беларускія пашпарты за апошнія гады атрымалі канадцы Джэф Плат, Шарль Лінгле, Кевін Лаланд, амэрыканец Нік Бэйлен, украінец Аляксандар Мацярухін. Шмат гадоў беларускія вароты абаранялі расейцы Андрэй Мезін і Віталь Коваль, расейскае паходжаньне ў цэлага шэрагу колішніх і цяперашніх гульцоў.

Калі стаўка на гатовых спартоўцаў будзе працягнутая і надалей, разважаць пра мясцовы хакейны генафонд наўрад ці выпадае. Нават калі такі сродак і можа мець эфэкт у кароткатэрміновай пэрспэктыве, ён не нясе ніякай карысьці на будучыню. Мала таго, што абеларушаныя легіянэры дорага каштуюць, яны займаюць месцы тутэйшых выхаванцаў.

***

Ужо вядома, што сапернікамі беларусаў у першым дывізіёне будуць каманды Вугоршчыны, Казахстану, Славеніі, Паўднёвай Карэі і Літвы, якая па выніках сёлетняга турніру замяніла Польшчу. Паніжэньне ў рангу адаб’ецца на рэйтынгу зборнай Беларусі. Гэта азначае, што на хатнім першынстве 2021 году беларусы апынуцца ў самым слабым кошыку, а ў алімпійскай кваліфікацыі ня змогуць прыняць турнір у Менску, што падвышае рызыку застацца бяз трэцяй запар Алімпіяды.

Вялікі хакейны правал. І ня толькі хакейны...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG