Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Собака лает, караван идёт», — газэта Мінабароны параўнала вайсковыя парады зь вясельлем


У афіцыйнай газэце Міністэрства абароны Беларусі «Во славу Родины» 29 чэрвеня зьявіўся артыкул палкоўніка ў адстаўцы Васіля Арона «Собака лает, а караван идёт, или Лекарство от нигилизма для господ базаровых», у якім крытыкуюцца праціўнікі парадаў вайсковай тэхнікі ў цэнтры Менску.

Васіль Арон адзначае, што «кожны год у некаторых СМІ, на інтэрнэт-рэсурсах адно і тое ж»: людзі задаюцца пытаньнямі аб патрэбе ў вайсковых парадах, псаваньні асфальту, шуму ад тэхнікі і грашовых выдатках на такія імпрэзы.

На гэта аўтар адказвае, што «ў трох кварталах» ад ягонага дома разьмешчаны неназваны «сучасны цэнтар забаваў», дзе «зноў страляніна» ад фэервэркаў. Спасылаючыся на суседа, ён заяўляе, што «ў людзей душа гуляе», таму і патрэбен такі шум. Ён таксама параўноўвае вайсковы парад з урачыстым вясельлем, на якім «б’юць фужэры на шчасьце», бо «так належыць, так заведзена, традыцыя».

«Кожная дзяржава — вялікая сям'я, — робіць выснову Арон пасьля разважаньняў пра дарагія вясельлі. — Са сваёй гісторыяй, культурай, мэнталітэтам і, несумнеўна, бюджэтам. „І кожны мае ў ёй права голасу — права на сваё меркаваньне“, — тут жа дадасьць мой апанэнт. Несумнеўна, мае. Але рашэньне прымае хто? Яе кіраўнік. У інтарэсах большасьці, якая яго над сабою галавою і паставіла».

Пра які парад вядзецца гаворка, у артыкуле не ўдакладняецца. Але тэкст апублікаваны напярэдадні параду на 3 ліпеня — афіцыйны Дзень Рэспублікі. Пасьля шэрагу рэпэтыцыяў некаторыя менчукі зноў абураліся нязручнасьцямі ад параду, у тым ліку на вялікія заторы ў цэнтры гораду.

Упершыню ў вайсковым парадзе ў Менску будуць удзельнічаць жанчыны, кадэты і кітайцы

Вайсковы парад пройдзе ў Менску на скрыжаваньні праспэктаў Машэрава і Пераможцаў. У ім будуць задзейнічаныя больш за 4 тысячы вайскоўцаў, а ў мэханізаванай калёне — больш за 200 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі.

Паводле заявы прэс-сакратара Мінабароны Ўладзімера Макарава, «пераважная большасьць» беларусаў «адназначна падтрымліваюць традыцыю правядзеньня парадаў у Менску».

Колькі каштуюць парады на Дзень Рэспублікі, звычайна не гаворыцца. Незалежныя экспэрты кажуць пра дзясяткі мільёнаў даляраў, прадстаўнікі Мінабароны — пра «як па 10 грамаў каўбасы кожнаму жыхару». Менчукі звычайна абураюцца гучнай падрыхтоўкай да парадаў у цэнтры гораду і разьбітымі дарогамі пасьля праезду цяжкай тэхнікі.

Летась Аляксандар Лукашэнка сказаў «не шкадаваць сродкаў» на парад, на якім у выніку можна было пабачыць ня толькі вайсковую тэхніку, але і пральныя машыны, тушаніну і ўнітазы.

Дзень Незалежнасьці Беларусі адзначаўся ад 1991 году 27 ліпеня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Перанос даты на 3 ліпеня — гадавіну вызваленьня Менску саветамі ад войскаў нацыстаў — адбыўся ў выніку рэфэрэндуму 1996 году (празь яго ж былі пашыраныя паўнамоцтвы Лукашэнкі — Беларусь ператварылася з парлямэнцка-прэзыдэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку, да рэфэрэндуму і ў час яго адзначаліся шматлікія парушэньні). Незалежная грамадзкасьць адзначае як гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі Дзень Волі 25 сакавіка — у дзень прыняцьця ў 1918 годзе Трэцяй Устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG