Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адміністрацыю Лукашэнкі накіравалі звароты пра вайсковыя парады ў цэнтры Менску: 9297 «супраць», 86 «за»


Рэпэтыцыя параду ў Менску, 2017 год

Звароты наконт правядзеньня ў цэнтры Менску вайсковых парадаў і перанясеньня іх за межы сталіцы былі накіраваныя ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і Міністэрства абароны, паведаміў на Facebook стваральнік пэтыцыяў, блогер Антон Матолька.

Пад пэтыцыяй супраць парадаў у цэнтры Менску сабралі 9297 подпісаў, пад пэтыцыяй за парады — толькі 86.

«Цяжкай вайсковай тэхніцы месца на палігонах», — гаворыцца ў пэтыцыі супраць парадаў. Сьцьвярджаецца, што цяжкая тэхніка ў цэнтры гораду шкодзіць экалёгіі і здароўю грамадзян, разбурае дарожнае пакрыцьцё, стварае пагрозу дарожных здарэньняў (так, на рэпэтыцыі параду танк на высокай хуткасьці пайшоў у некіраваны занос і зьбіў ліхтар), чыніць транспартны каляпс і замінае працы сваім шумам. Грошы, зэканомленыя на рамонце дарог і паліве, прапануецца скіраваць на дапамогу вэтэранам вайны.

Даведаўшыся пра пэтыцыю супраць парадаў у цэнтры Менску, афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў назваў тых, хто выступае супраць вайсковага параду ў Менску, ідэйнымі нашчадкамі Вільгельма Кубэ — нямецкага гаўляйтэра падчас акупацыі Беларусі нацыстамі.

У адказ на гэта Матолька заявіў, што Макарава трэба звальняць.

Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў ініцыяваў калектыўны пазоў у суд пра абарону гонару і годнасьці, каб запатрабаваць прабачэньняў ад палкоўніка Макарава.

Ці патрэбныя вайсковыя парады? Шпакоўскі супраць Матолькі

Гэта ня першы выпадак «парных» пэтыцыяў, дзе колькасьць подпісаў за процілеглыя варыянты дужа розьніцца. Так, у пэтыцыях наконт лёсу менскага раёну Асмалоўка супраць зносу выказаліся больш за 6900 чалавек, за знос — 31. Калі летась жыхарка Менску Настасься Ерамеева прапанавала зафарбаваць мурал «Man with no name», бо пабачыла ў ім «анёла сьмерці», яе падтрымалі подпісамі 223 чалавекі, але 2353 чалавекі падпісаліся за тое, каб зафарбаваць саму Ерамееву.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG