Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі сорам: сэкс, мова, Алексіевіч


Таня Гацура-Яворская напісала артыкул пра тое, што забарона абортаў нічога ў грамадзтве не паляпшае, а наадварот. Прычым Таня выступае не за аборты, а супраць забароны. Таня за правільнае полавае выхаваньне дзяцей, прынамсі, за тое, каб гаварыць «пра гэта».

Парадаксальным чынам у эпоху гугла, дзе «пра гэта» сказана ўсё, сэксуальнае выхаваньне ў Беларусі на тым самым, калі ня горшым узроўні, чым у СССР, дзе «сэксу не было». Памятаю, якраз у тыя часы ў эсэ для часопіса «Крыніца» мне давялося параўнаць адносіны беларусаў да роднай мовы зь іх адносінамі да сэксу. Няёмкасьць, сорам, табу. Думаеце, нешта зьмянілася? Беларусы не гавораць зь дзецьмі пра сэкс з тым самым пачуцьцём, зь якім не гавораць пра мову, гісторыю, літаратуру — увесь комплекс таго, што складае здаровую нацыю. Нават само гэтае слова — нацыя — мне даўно не сустракалася ні ў афіцыйным, ні ў незалежным ужытку.

«Беларусы любяць пакутаваць і выбіраюць БДСМ». Рэпартаж з сэкс-шопа «Каханьне». 18+

Скажаце, тон задаюць улады? Так, задаюць, але тут працэс узаемны, бо ўлады — тыя самыя беларусы на розных узроўнях, якія жывуць тымі самымі грамадзкімі настроямі.

Словам, чытаў я Танін артыкул «пра тое», а думаў сабе «пра гэта». Эмацыйныя рэакцыі аднолькавыя — што на «кранік і дзірачку», што на мэмарыяльную дошку #БНР100, што на новы пяцітамовік Сьвятланы Алексіевіч, які адмовіліся прымаць у падарунак ад Белгазпрамбанку для бібліятэк Горадзенскай вобласьці (Віцебшчына ўзяла), што на славутую «Пагоню» Язэпа Драздовіча, якой няма на ягонай юбілейнай выставе, што на адшуканыя парэшткі Кастуся Каліноўскага ці сталінскія рэпрэсіі (маўчаньне пра рэстаран у Курапатах, каб лішні раз не гаварыць «пра гэта») — памяць — неад’емны складнік выхаваньня здаровае нацыі.

А за нацыяй беларусам непазьбежна чуецца нацыяналізм. І яны як на дарозе, убачыўшы даішніка, скідаюць хуткасьць з запасам. Дазволена ехаць 90, едуць 70.

Між тым, нацыяналізм — усяго толькі жыцьцёвая энэргія нацыі, якую можна, вядома, і да кіпеньня давесьці, і да ўпадку сіл. Але тэмпэратура здаровага цела 36,6. У беларусаў нацыянальнай тэмпэратуры «няма». Як «не было» сэксу ў СССР.

Вядома ж быў, і тэмпэратура ёсьць, ёсьць беларуская пісьменьніца, нобэлеўская ляўрэатка Алексіевіч, якой ганарацца, чамусьці, швэды, амэрыканцы, японцы і ўсе астатнія, але не беларусы, якія сарамліва зьнялі з будынку на Кастрычніцкай прысьвечаны ёй стрыт-арт, ёсьць рэстаран на месцы сталінскіх расстрэлаў, і дошка #БНР100, і «Пагоня» Драздовіча ды шмат, шмат усяго ёсьць для таго, каб нармальна жыць, а не вылучацца ва ўсім сьвеце сваёй «ненацыянальнасьцю», то бок нічыйнасьцю.

З комплексам нацыянальнай непаўнавартасьці таксама жыць можна. Як у краіне забароненых абортаў, дзе полавае выхаваньне выклікае сорам, а праблема станоўчага тэсту вырашаецца ў падпольлі ці на старане.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG