Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам не адказаў наконт усталяваньня «дошкі БНР», парушыўшы закон


Памятны знак для будынка, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Аўтар арыгіналу — скульптар Алесь Шатэрнік
Памятны знак для будынка, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Аўтар арыгіналу — скульптар Алесь Шатэрнік

Больш як месяц таму Мастацкая рада Менгарвыканкаму зацьвердзіла выгляд дошкі для дома на вуліцы Валадарскага, 9, у якім 100 гадоў таму была абвешчана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Але, як сказаў Свабодзе старшыня Саюзу мастакоў Рыгор Сітніца, ні дазволу, ні забароны ўсталяваць яе дагэтуль няма.

Рыгор Сітніца пісаў зварот да старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца наконт дазволу на ўсталяваньне дошкі, чакаў адказу не пазьней за бягучы тыдзень. Але ў парушэньне закону «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» яму не далі адказу ў належны тэрмін. Сітніца кажа, у панядзелак плянуе выслаць новы зварот — аб парушэньні тэрмінаў адказу на папярэдні.

«Яны ўсюды дэкляравалі — „так, канечне“, нават лісты дасылалі, што прынятае рашэньне, хоць пісьмовага рашэньня нідзе не было, — абураецца Сітніца. — Яны павінны былі б адказаць, так ці не, мо што перадумалі, што ня будзем рабіць — так была б нейкая пэўнасьць. Але ніхто нічога ня кажа».

У прэс-службе Менгарвыканкаму карэспандэнту Свабоды таксама не патлумачылі, калі будзе ўсталяваная дошка.

Грошы на бронзавы варыянт дошкі замест састарэлага арыгіналу, зробленага ў 1993 годзе скульптарам Алесем Шатэрнікам, сабралі за тры гадзіны. Усталяваць дошку меркавалі да 25 сакавіка на доме на вуліцы Валадарскага, 9 у Менску — менавіта тут была падпісаная Трэцяя Ўстаўная грамата, якая абвяшчала БНР незалежнай дзяржавай. Паседжаньне Менгарвыканкаму, на якім шыльду меліся зацьвердзіць, адкладалася амаль два тыдні.

26 лютага кіраўнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму Павал Скалабан прапанаваў Рыгору Кастусёву абмеркаваць усталяваньне памятнай шыльды па адрасе Валадарскага, 9. Плянавалася, што адкрыцьцё дошкі ў гонар абвяшчэньня незалежнасьці БНР стане кампрамісам паміж Менгарвыканкамам і аргкамітэтам сьвяткаваньня 100 год БНР: улады ўсталююць шыльду, калі аргкамітэт пагодзіцца на правядзеньне канцэрту 25 сакавіка каля Опэрнага тэатру.

У Менску Дзень Волі — 2018 праводзіўся з дазволу гарадзкіх уладаў. Паводле розных ацэнак, адсьвяткаваць 100 год незалежнасьці БНР на пляцоўцы каля менскага Опэрнага тэатру 25 сакавіка сабраліся ад 11 да 50 тысяч чалавек. Афіцыйных лічбаў менская міліцыя не называла, атрымаць камэнтар Свабодзе не ўдалося. Па колькасьці ўдзельнікаў гэта найбольш масавы Дзень Волі ў ХХІ стагодзьдзі. Паводле падлікаў праваабаронцаў, вядома пра 120 затрыманьняў па ўсёй Беларусі 25 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG