Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спазьніліся, але не замарозілі», — мэмарыяльную дошку да #БНР100 менскія ўлады абяцаюць зацьвердзіць цягам тыдня


Ва ўпраўленьні культуры Менскага гарвыканкаму Свабодзе патлумачылі, калі адбудзецца адкрыцьцё памятнай дошкі на доме № 9 па вуліцы Валадарскага, у якім 25 сакавіка 1918 году абвясьцілі незалежнасьць БНР.

Карэспандэнт Свабоды распытаў супрацоўніцу ўпраўленьня культуры Менскага гарвыканкаму, якая займаецца падрыхтоўкай дакумэнтаў для ўстаноўкі памятнай дошкі, чым тлумачыцца затрымка яе адкрыцьця. Чыноўніца заявіла, што зацьвярджэньне ўжо зробленай на народныя грошы дошкі не замарозілі, хоць і замарудзілі.

Менгарвыканкам: заява паступіла і яе маюць разглядаць цягам месяца

«Нічога надзвычайнага зь ёй не адбываецца. Так заўсёды бывае, калі ёсьць прапанова разгледзець пытаньне на паседжаньні гарадзкой рады манумэнтальнага і манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва. А паседжаньні гэтай рады ў нас адбываюцца, як правіла, раз на месяц, а то і на два месяцы».

Усе памятныя знакі, якія ўстанаўліваюцца ў Менску, маюць быць разгледжаныя гэтай гарадзкой радай у адпаведнасьці з пастановай Савету міністраў Беларусі № 1372.

«Але як раз цяпер гэты орган ніяк не зьбярэцца, на жаль. То адна прычына, то другая. Але заява паступіла і яе маюць разглядаць цягам месяца — так паводле закону. Не ўдалося ў мінулы чацьвер, як плянавалася, але спадзяюся, паседжаньне рады ўдасца правесьці цягам гэтага тыдня».

Шыльду мусяць усталяваць на гэтым будынку
Шыльду мусяць усталяваць на гэтым будынку

Апрача мэмарыяльнай дошкі да стагодзьдзя БНР, свайго ўхваленьня чакаюць яшчэ тры падобныя знакі, у тым ліку да 100-годзьдзя памежнай службы, а таксама кампазыцыя каля Менскага трактарнага заводу.

«Усе чакаюць. Чаго турбавацца? Цэлы год мы будзем сьвяткаваць гэты юбілей, і што зробіцца, калі на тыдзень пазьней павесяць дошку? Але ўсё адбудзецца», — сказалі Свабодзе ў Менскім гарвыканкаме.

Губарэвіч: большасьць з «пакета» да 100-годзьдзя БНР улады выканалі

Сябра аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзья БНР лідэра руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч нагадаў, што адкрыцьцё памятнай дошкі да 100-годзьдзя БНР уваходзіла ў «пакет», пра які арганізатары сьвята дамовіліся з гарадзкімі ўладамі. Юрась Губарэвіч спадзяецца, што сваё абяцаньне ўлады Менску выканаюць.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Скульптар сваю справу зрабіў, арганізатары таксама — дошка гатовая, засталося ўзгадніць і атрымаць дазвол. Большасьць з нашых прапановаў Менгарвыканкам ужо выканаў: гэта і канфэрэнцыя ў Акадэміі навук, і мэмарыяльны камень з шыльдай у памяць пра братоў Луцкевічаў, і мітынг-канцэрт каля Опэрнага тэатру».

Юрась Губарэвіч спадзяецца, што прамаруджваньне з дошкай да 100-годзьдзя БНР мае тэхнічны характар, зьвязаны з арганізацыяй паседжаньня.

«Спадзяюся ўсё ж, што на гэтым тыдні ў іх сапраўды атрымаецца правесьці тое паседжаньне, празь якое працэс адкрыцьця дошкі замарудзіўся».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG