Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Растуць падазрэньні». Дата ўстаноўкі шыльды ў гонар 100-годзьдзя БНР застаецца невядомай  


Фрагмэнт памятнага знаку для будынка, дзе абвешчаная незалежнасьць БНР

Па-ранейшаму невядомая дата ўстаноўкі мэмарыяльнай дошкі, прысьвечанай 100-годзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.

Грошы на бронзавы варыянт дошкі замест састарэлага арыгіналу, зробленага ў 1993 годзе скульптарам Алесем Шатэрнікам, сабралі за тры гадзіны. Яе меліся ўстанавіць да юбілейнай даты на доме на вуліцы Валадарскага, 9 у Менску — менавіта тут была падпісаная Трэцяя Ўстаўная грамата, якая абвяшчала БНР незалежнай дзяржавай.

Аднак паседжаньне Менгарвыканкаму, на якім шыльду маюць зацьвердзіць, адкладаецца ўжо другі тыдзень запар.

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца падаваў заяўку ў Менскі гарвыканкам на ўстаноўку памятнага знаку і цяпер чакае адтуль рэакцыі. Але з выканкамаўскіх кабінэтаў навінаў няма, кажа Сітніца Свабодзе.

«На жаль, растуць падазрэньні, — ня ўтойвае засмучэньня Сітніца. — Безумоўна, не да канца надзеі страчаныя, аднак чарговы тыдзень прамінуў — і ніякай новай інфармацыі. У пазамінулы чацьвер, калі плянавалася паседжаньне, не сабраліся, кудысьці зьяжджалі. Што перашкодзіла гэтым разам, ня ведаю. Ва ўсялякім разе, сказана было так: як будзе нейкая інфармацыя — атрымаеш першы. Пакуль нічога: ні адмовы, ні ўхваленьня».

Давядзеньне да ладу мэмарыяльнай шыльды
Давядзеньне да ладу мэмарыяльнай шыльды

Спробы журналістаў Свабоды атрымаць камэнтары ў Менгарвыканкаме цягам чацьвярга і пятніцы плёну ня мелі, чыноўнікі на тэлефанаваньні і электронныя лісты не адказваюць.

Новая мэмарыяльная дошка была зробленая з бронзы на ўзор папярэдняй, якую яшчэ ў 1993 годзе адліў з сплаву алюмінію і крэмнію скульптар Алесь Шатэрнік. Надпіс на ёй зроблены афіцыйным правапісам — такое было патрабаваньне ўладаў. Аўтар новай дошкі — Ігар Засімовіч. Да ўстаноўкі шыльда будзе захоўвацца ў ягонай майстэрні.

«Шкада, калі раптам вырашаць не даваць ходу, — кажа Рыгор Сітніца. — Ну, будуць тады ў нас прынагодна выстаўляцца адразу дзьве дошкі. Адну ўжо 25 гадоў па выставах возім, значыць, і другую будзем ставіць побач. Самае крыўднае, што людзі грошы сабралі, ніякіх дзяржаўных выдаткаў тут няма».

Першапачаткова ўстанавіць мэмарыяльную дошку на будынку, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР, актывісты плянавалі 23 сакавіка. Новую дату мантажу называць ніхто не бярэцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG