Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як скульптар Засімовіч робіць абноўленую шыльду да 100-годзьдзя БНР

Працоўны варыянт мэмарыяльнай дошкі, якую актывісты маюцца павесіць на будынку ў Менску, дзе 100 гадоў таму была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, дастаўлены ліцейны цэх. Праз тыдзень бронзавы знак будзе гатовы. Карэспандэнты Свабоды пабывалі ў майстэрні скульптара Ігара Засімовіча, які рыхтаваў абноўлены варыянт шыльды.

Вонкавы выгляд мэмарыяльнай дошкі будзе адпавядаць узору, адлітаму яшчэ ў 1993 годзе вядомым скульптарам Алесем Шатэрнікам. Аднак стары варыянт выкананы са сплаву алюмінію і крэмнію і зь цягам часу проста пачаў развальвацца.

«Так, са спадаром Алесем ужо разоў пяць стэлефаноўваліся, ён дае карысныя парады, — распавядаў Свабодзе Ігар Засімовіч. — Прынцыповы момант, што гэтым разам вершнік будзе маналітны, а не з розных частак. У 1993 годзе, калі ўсё рабілася практычна задарма, проста не было магчымасьці зрабіць гэта суцэльна. Каб не было спакусы нешта адарваць, паламаць. Дзеля таго робіцца васковая мадэль, па ёй фармуецца так званая тэхналёгія ХТС, калі формы зацьвердзяваюць, воск выбіраецца і заліваецца бронза. Дзень-два на апрацоўку, патынаваньне — і ўсё будзе гатова».

1 сакавіка кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму дало дазвол на ўстаноўку мэмарыяльнай шыльды на вуліцы Валадарскага, 9. Больш як 3 тысячы даляраў, неабходныя для бронзавага аналягу, былі сабраныя за некалькі гадзін на краўдфандынгавай плятформе «Талака».

XS
SM
MD
LG