Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 прычынаў, чаму людзі не далучаюцца да абароны Курапатаў, і 5 прычынаў, чаму варта гэта зрабіць


Пратэсты ля рэстарацыі.

У 2001-2002 гадах цягам васьмі месяцаў амаль кожны дзень як карэспандэнтка Свабоды я прыходзіла ў Курапаты, каб паведаміць нашым слухачам і чытачам пра тое, як праходзіць кругласутачная вахта памяці. Гэта зьмяніла і маё жыцьцё, і мае ўяўленьні пра многія рэчы.

2002 год. Ганна Соўсь у Курапатах.
2002 год. Ганна Соўсь у Курапатах.

Цяпер я дакладна ведаю, што тое, што падаецца нерэальным, насамрэч можна зрабіць, калі ёсьць воля і ахвярнасьць, што не заўсёды важная масавасьць, а больш істотная пасьлядоўнасьць, і што маральная пазыцыя заўсёды больш важная, чым юрыдычная.

Гледзячы штодня стрымы Свабоды з Курапатаў, я сфармулявала пяць прычынаў, чаму акцыя супраць рэстарацыі ў 50 мэтрах ад Народнага мэмарыялу, не сабрала шмат прыхільнікаў.

1. Таму што закрыцьцё рэстарану, у які ўкладзеныя вялікія грошы, падаецца нерэальным

Адрозна ад пашырэньня Менскай кальцавой дарогі, калі важна было не пусьціць будаўнічую тэхніку ў Курапаты, ці акцыі пратэсту супраць пабудовы забаўляльнага цэнтру ў 2017 годзе, тут — гатовы аб’ект, у які ўкладзеныя мільёны. І шматгадовы досьвед змаганьня з рознымі забудовамі, ушчыльненьнямі сьведчыць пра вельмі невялікія шанцы на посьпех у такім змаганьні. Па вялікім рахунку, патрабаваньні ад бізнэсу аддаць рэстаран пад музэй выглядаюць як пасяганьні на прыватную ўласнасьць, якія нагадваюць бальшавіцкія экспрапрыяцыі. Зь іншым знакам, але сутнасьці гэта не мяняе.

2. Таму што на практыцы змагацца даводзіцца зь «пешкамі», якія мала на што ўплываць

Многія лічаць, што ня мае сэнсу змаганьне з наведнікамі рэстарацыі, ахоўнікамі, афіцыянтамі, пастаўшчыкамі харчоў, даішнікамі, якіх паслалі вызваліць «праездную частку», ды іншымі шарагоўцамі, якія нічога не вырашаюць у гэтай справе. І малаверагодна, што даішнік напіша рапарт пра звальненьне, да чаго заклікаюць абаронцы, і стане побач зь імі, а ахоўнік ці адміністратарка рэстарацыі звольняцца, каб падтрымаць абаронцаў. Яны проста не пайшлі бы працаваць у гэты абʼект, калі б ім балела за Курапаты.

3. Таму што рэстарацыя не знаходзіцца непасрэдна ў Курапатах

Рэстарацыя ў 50 мэтрах ад урочышча для многіх, у тым ліку старшыні Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча, не выглядае як апаганьваньне памяці загінулых. Аргумэнт «уся Беларусь, увесь Менск на могілках ці ля могілак» дагэтуль шырока распаўсюджаны і мае досыць шмат прыхільнікаў.

4. Таму што гэта рызыкоўна

Нікому ня хочацца, каб міліцыянты штодня па пяць разоў перапісвалі пэрсанальныя дадзеныя, складалі пратаколы і завозілі ў міліцыю. Прасьцей дома паглядзець стрымы Свабоды ці Белсату, пералічыць праз «Талаку» грошы на крыжы ці «Брукаванку памяці» ці падпісаць зварот з пратэстам. Шараговага чалавека можа палохаць празьмерная эмацыйнасьць і экзальтаванасьць некаторых абаронцаў.

5. Таму што ня ведаюць пра Курапаты, таму што тэма ўшанаваньня памяці сталінскіх рэпрэсій не хвалюе

«Трэба жыць далей». Так як па пісанаму кажуць наведнікі рэстарацыі, якіх абаронцы пераконваюць не хадзіць у «Поедем поедим». І хаця цяпер увага незалежных СМІ да Курапатаў досыць вялікая, дзяржаўныя СМІ, тэлебачаньне пра гэта не паведамляюць, і для вялікай колькасьці беларусаў каштоўнасьці «чаркі і скваркі» вышэйшыя за гістарычную памяць.

Курапаты. Асноўнае

Я сфармулявала і пяць прычынаў, чаму акцыя супраць рэстарацыі ў 50 мэтрах ад Народнага мэмарыялу можа быць выніковай і чаму да яе варта далучыцца.

1. Таму што спыніць функцыянаваньне рэстарацыі цалкам магчыма

І таму ёсьць нямала прыкладаў. Гэта і леташняе спыненьне будаўніцтва забаўляльнага цэнтру ля Курапатаў, якое першапачаткова падавалася цалкам нерэальным.

Нагадаю ўжо падзабытую гісторыю пасёлку «Сонечны». Пры канцы 2002 году Менрайвыканкам адвёў прылеглае да Курапатаў поле пад забудову катэджнага пасёлку «Сонечны» ў непасрэднай блізкасьці ад месцаў масавых пахаваньняў. Будаўнічая кампанія не замаўляла праект ахоўных зон вакол Курапатаў і самастойна вызначыла мяжу ахоўнай зоны на адлегласьці 80 мэтраў ад Курапатаў, пасьля чаго былі пазначаныя межы будаўніцтва і завезеныя будаўнічыя матэрыялы. Узьнікла хваля грамадзкага абурэньня. У красавіку 2003 году старшыня Менаблвыканкаму загадаў Менскаму райвыканкаму скасаваць дамову на арэнду зямлі пад будаўніцтва на тэрыторыі, прылеглай да Курапатаў. Будаўніцтва спынілі, будаўнічую пляцоўку ліквідавалі, а ўсе матэрыялы вывезьлі. Пазьней пасёлак ўсё ж пабудавалі, але па іншы бок дарогі. Забудоўшчыкі вымушаныя былі адступіць, праўда, на адносна невялікую адлегласьць ад Курапатаў.

А па вялікім рахунку закрыць абʼект ці пазбавіць уласнасьці ў Беларусі можна любога бізнэсоўца. Дастаткова згадаць скандальную пабудову гатэлю «Кемпінскі» каля цырку.

2. Таму што зь бізнэсоўцамі можна весьці перамовы і дамаўляцца

Гэта засьведчыў прыклад акцыянэра кампаніі «Белрэканструкцыя» Ігара Анішчанкі, які летась зьбіраўся будаваць забаўляльны цэнтар ля Курапатаў і спачатку настойваў, што будоўля цалкам законная, а потым пад ціскам грамадзкага пратэсту зьмяніў рашэньне і згарнуў будаўніцтва.

Цяпер з большага вядомыя імёны ўласьнікаў перайменаванага Бульбаш-Холу, і курапацкія актывісты могуць прапанаваць сесьці за стол перамоваў і пачаць абмяркоўваць больш-менш адэкватныя выхады з канфлікту. Напрыклад, не аддаць бясплатна рэстарацыю пад музэй, а перайменаваць, перабудаваць частку будынкаў пад інфармацыйныя цэнтры музэю памяці ахвяраў рэпрэсій, дзе будуць прадавацца кнігі пра рэпрэсіі, дзе будуць зьбіраць ахвяраваньні на крыжы, дзе можа быць кавярня, у якой можна паабедаць пасьля экскурсіі па Курапатах. Гэта толькі адна з прапановаў. Яны могуць быць самыя розныя, але пачаць перамовы з уладальнікамі магчыма. І яны могуць мець плён.

3. Таму што рэстарацыя знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці да Курапатаў

Гэтае не пытаньне з катэгорыі зацьверджаных ці не зацьверджаных ахоўных зонаў, не з катэгорыі законна ці незаконна скарочаных ахоўных зонаў. Гэта маральнае пытаньне. Стоячы на ўскрайку курапацкага лесу праз шэраг шэрых крыжоў добра бачныя рэстаранныя дамкі...

І аргумэнт пра могілкі, якія паўсюль, тут не працуе. Гэта — не могілкі, а месца расстрэлаў. Тут у масавых магілах ляжаць парэшткі людзей, якія не былі належным чынам ушанаваныя беларускай дзяржавай. Гэта — сымбалічнае месца для Беларусі. З адкрыцьця Курапатаў фактычна пачалося Адраджэньне Беларусі і здабыцьцё незалежнасьці. Гэта самае масавае месца сталінскіх расстрэлаў у эўрапейскай частцы былога Савецкага Саюзу. На фоне маштабу курапацкай трагедыі не выглядае годным чапляцца за гэтыя нібыта законныя 50 мэтраў як за важкі аргумэнт. Найбольш важкі аргумэнт — гэта яміны-магілы. У самай вялікай зь іх былі парэшткі каля 300 чалавек...

4. Таму што гэта годна і сумленна

Пратэст рэдка бывае паліткарэктным. Інакш гэта не пратэст. «Выкананьнем законных патрабаваньняў работнікаў міліцыі» нічога не дасягнеш. У авангардзе пратэсту заўсёды адважныя, ахвярныя і адчайныя людзі, кожны зь іх выпрацаваў сваю тактыку пратэсту. Прыйшоўшы да Курапатаў, да брамаў рэстарацыі, можна выбраць свой спосаб мірнага пратэсту — тлумачэньні, улёткі, кнігі, сьцягі.

У Курапатах у 2001-2002 гадах у лягеры абаронцаў часам бывала знаходзіліся толькі 2-3 чалавекі, але яны былі там увесь час. Адзін ці два чалавекі насамрэч могуць зрабіць вельмі шмат.

9 лістапада 2001 году. Падчас разгону лягеру абаронцаў Курапатаў.
9 лістапада 2001 году. Падчас разгону лягеру абаронцаў Курапатаў.

Павал Севярынец 24 верасьня 2001 году змог спыніць бульдозэры ў Курапатах, у выніку пачалася кругласутачная вахта памяці. І цяпер ён штодня ў Курапатах. Дома ў яго доўгачаканы маленькі Францішак і Вольга. А Павал штодня ў Курапатах. І ён там ня будзе адзін...

5. Таму што Курапаты былі, ёсьць і будуць

Курапатам насамрэч нічога ўжо не пагражае. Яны ёсьць, там увесь час новыя крыжы, гэтае месца апаганіць ужо немагчыма.

І гэта нам усім вырашаць, кім застацца ў гісторыі Курапатаў. Тым, хто там усталяваў крыж па свайму расстралянаму дзеду, ці тым, хто адмовіўся ад пабудовы забаўляльнага цэнтру, ці тым, хто прыйшоў туды ўшанаваць памяць закатаваных продкаў і далучыўся ў любой форме да абароны Курапатаў, ці тым, хто закрыў рэстарацыю ля Курапатаў і дапамог у стварэньні курапацкага музэю...

Пратэст пад рэстарацыяй у Курапатах: дзе Статкевіч, АГП, БНФ ды іншыя партыі?


Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG