Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«БульбашЪ» працуе на Курапаты


Каля рэстарацыі «Поедем поедим», дзе працягваецца акцыя пратэсту абаронцаў Курапатаў, 7 чэрвеня паміж супрацоўнікам рэстарацыі і актывістамі завязалася бойка
Каля рэстарацыі «Поедем поедим», дзе працягваецца акцыя пратэсту абаронцаў Курапатаў, 7 чэрвеня паміж супрацоўнікам рэстарацыі і актывістамі завязалася бойка

На фота мы бачым, як спадар, які выйшаў з рэстарану, уступае ў бойку з пратэстоўцамі. Матывы гэтага чалавека могуць быць рознымі: напрыклад, непрыязь да «апазыцыі», да «беларускамоўных». А магчыма, яму ўсё роўна: ён проста выконвае просьбу кіраўніцтва. «Мне бяз розьніцы», — сказаў іншы спадар, кіроўца грузавіка, якога спынілі актывісты на ўезьдзе ў забаўляльны комплекс і пачалі распавядаць пра тое, што такое Курапаты і хто там пахаваны. Магчыма, чалавек насамрэч не абыякавы, але ён проста баіцца страціць працу. А магчыма, яму сапраўды няма розьніцы. Як і ўладальнікам установы.

Я спрабую ўявіць, як будучыя інвэстары забаўляльнага комплексу, які яшчэ нядаўна насіў назву «БульбашЪ-хол», разважалі перад набыцьцём участку. «Ды там жа Курапаты». — «І што?» — «Дык ахвяры сталінскіх рэпрэсій». — «І што?» — «Дык пратэсты могуць быць». — «Ды колькі там тых пратэстоўцаў». — «Ну ці мала што». — «Ты зірні, якое выгаднае месца. Тут катэджны пасёлак побач, уся наша патэнцыйная кліентура».

Ёсьць людзі, якім абсалютна абыякавыя этычныя нормы. І гэтыя людзі выдзялялі ўчастак зь дзяржаўнай уласнасьці, а іншыя людзі, пазбаўленыя этычных нормаў, набывалі. А ўсё таму, што ёсьць дастаткова вялікая колькасьць патэнцыйных наведнікаў, гатовых весяліцца побач з Курапатамі.

Працаўніца рэстарацыі зрывае адзін з плякатаў
Працаўніца рэстарацыі зрывае адзін з плякатаў

Цяпер скажам усё тое самае, толькі заменім слова «Курапаты» на слова «Хатынь». Можаце сабе ўявіць? Вось і я не магу. Хатынь — адзін з усясьветных сымбаляў злачынстваў супраць чалавечнасьці. Нават самаму безыдэйнаму чыноўніку ня прыйдзе ў галаву на ўскрайку мэмарыялу ў Хатыні выдзяляць участак пад установу «выпіць-закусіць-патанчыць». Нават самы цынічны бізнэсовец не інвэставаў бы ў такі праект грошы, бо ведаў, што доўга не працягне.

І справа нават ня ў тым, што ў падобнай сытуацыі меліся б капітальныя рэпутацыйныя страты і ў чыноўніка, і ў бізнэсоўца. Проста нават самаму цынічнаму чалавеку наўрад ці палезе кавалак у горла, калі на цябе глядзіць аграмадны манумэнт старога з загінулым дзіцем на руках.

Пратэст у Курапатах
Пратэст у Курапатах

А Курапаты пакуль для большасьці тых, хто пра іх ведае, — гэта проста яшчэ адны могілкі. Могілкі і могілкі — уся Зямля ў могілках. Курапаты ня маюць такога моцнага сымбалічнага пасылу, як Хатынь. Не было б ніякага «БульбашЪ-холу» нават у праекце, калі б побач быў манумэнт, падобны маштабамі да хатынскага. А каб такі манумэнт узьнік, патрэбна грамадзкая згода наконт таго, што сталінскі (і шырэй — бальшавіцкі) рэжым быў такі ж антычалавечны, як і нацысцкі. Цяперашняя ўлада на такое прызнаньне пайсьці ня можа, бо зруйнуецца ўся ідэалёгія, якая больш за два дзясяткі гадоў апэлюе да пераемнасьці з БССР/СССР. Улада ня можа/ня хоча, людзі ня ведаюць, цынікі ігнаруюць — замкнёнае кола.

Але.

Але сам гэты забаўляльны комплекс ужо цяпер пачаў працаваць на распаўсюд інфармацыі пра тое, што такое Курапаты.

Акцыя пратэсту ў Курапатах 7 чэрвеня
Акцыя пратэсту ў Курапатах 7 чэрвеня

Колькі будзе адкрыты рэстаран, столькі там будуць тыя ці іншыя грамадзкія актывісты, столькі там будуць журналісты. Кожны дзень працы рэстарану — гэта дзень прысутнасьці тэмы Курапатаў у інфармацыйнай прасторы. Кожны падобны дзень набліжае момант, калі Курапаты прызнаюць адным з усясьветных сымбаляў бесчалавечнага сталінскага рэжыму.

І яшчэ. Як не пераймяноўвай рэстаран, «Бульбаш» — гэта тое самае слова, якое будзе асацыявацца са зьневажальнікамі памяці пра Курапаты. «Бульбаш» — сынонім зьнявагі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG