Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны ў Гомлі спынілі галадоўку і просяць Аляксандра Лукашэнку пазбавіць іх беларускага грамадзянства


Аксана Філіпенка і Алена Грынько
Аксана Філіпенка і Алена Грынько

На чатырнаццаты дзень 33-гадовая Алена Грынько і 48-гадовая Аксана Філіпенка з Гомля спынілі сваю галадоўку супраць «штучна створаных камунальных беспарадкаў» і празь «невыкананьне мясцовымі ўладамі абавязаньняў па ўладкаваньні жыцьця жыхароў гораду». Яны падрыхтавалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Просяць пазбавіць іх беларускага грамадзянства, бо лічаць, што іхнія правы ў Беларусі парушаюцца.

Падставай для спыненьня галадоўкі стаўся адказ на звароты жанчын у мясцовыя органы ўлады, у тым ліку і да памочніка прэзыдэнта ў рэгіёне — інспэктара па Гомельскай вобласьці Юрыя Шулейкі.

5 чэрвеня галадоўніцы накіравалі тэлеграму на імя кіраўніцы Адміністрацыі Лукашэнкі Натальлі Качанавай. Яны прасілі паўзьдзейнічаць на памочніка прэзыдэнта ў рэгіёне Юрыя Шулейку, які за месяц не адказаў на іхнія заявы і сышоў у адпачынак. Заявы жанчыны на пачатку траўня вазілі ажно ў Ельск, дзе Шулейкам быў арганізаваны прыём грамадзянаў. У Гомлі іх не запісвалі ані да памочніка прэзыдэнта, ані да «губэрнатара».

«На нашы заявы на імя Шулейкі прынёс сёньня адказ начальнік ЖЭУ-9 Віктар Папоў у суправаджэньні сьвіты камунальнікаў. Падпісаў ліст ня сам памочнік прэзыдэнта, а намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімер Гарбачоў. Пэўна, падзейнічала тэлеграма ў Адміністрацыю Лукашэнкі», — лічыць Аксана Філіпенка.

Што да зьместу, то галадоўніцы лічаць ліст чыноўніка звычайнай адпіскай. Пераказалі, што рыхтуецца праектная дакумэнтацыя на рамонт дома. Паводле пастановы суду, у кватэры Алены Грынько кухня, ванна і прыбіральня належаць гораду. Гэтую долю (плошча 29,1 квадратнага мэтра) можна выкупіць за 18 722 рублі. Паведамляецца таксама, што «дзейным заканадаўствам не прадугледжаныя перазаключэньні дамоваў на іншых пастаўшчыкоў камунальных паслуг на патрабаваньні спажыўцоў».

«Мы прайшлі ўсю выканаўчую „вэртыкаль“ зьнізу і даверху. Выснова такая: „вэртыкаль“ гэтую трэба скараціць, каб засталіся толькі ЖЭУ і прэзыдэнт. Што даводзілі нам у 2016 годзе ў ЖЭУ, тое і засталося. Паправіць сытуацыю мог бы прэзыдэнт, але нас ён не прымае. Нам няма сэнсу больш галадаць, каб канчаткова не падарваць здароўе», — кажуць жанчыны.

Яны падрыхтавалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі, каб той пазбавіў іх беларускага грамадзянства. Лічаць, што іхнія грамадзянскія правы ў краіне не захоўваюцца.

Дом № 14 на вуліцы Ўрыцкага ў Гомлі
Дом № 14 на вуліцы Ўрыцкага ў Гомлі

Галадоўніцы сьцьвярджаюць, што жыхары дома № 14 па вуліцы Ўрыцкага апынуліся ў небясьпечным становішчы. Дом ня меў капітальнага рамонту ад моманту пабудовы ў 1967 годзе. Жыльлёва-камунальная служба замяніла электраправодку без тэхнічнага праекту. Электраэнэргія пэрыядычна зьнікае. Людзі баяцца пажару.

Раней дом № 14 належаў чыгунцы. Прыняўшы гэты дом у гарадзкую камунальную ўласнасьць, улады зрабілі яго, па сутнасьці, інтэрнатам, хоць у афіцыйных адказах называюць «жылым домам». Пры гэтым пішуць у лістах не «кватэры», а «сэкцыі».

Жыхары дома ня могуць заключыць дамовы наўпрост з энэргетыкамі на забесьпячэньне кватэраў, бо раённае камунальнае прадпрыемства зрабіла гэта ад свайго імя як для інтэрнату.

На думку галадоўніц, такім чынам ажыцьцяўляюцца карупцыйныя схемы папаўненьня даходаў камунальнікаў і ўзбагачэньня за кошт жыхароў.

Канец эпохі танных інтэрнатаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG