Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі дзьве жанчыны абвясьцілі галадоўку з камунальных прычын


Аксана Філіповіч (у цэнтры) і Алена Грынько (зьлева), якія абвясьцілі галадоўку. Яшчэ адна жыхарка дому Алена Каваленка (справа) па стане здароўя не галадае
Аксана Філіповіч (у цэнтры) і Алена Грынько (зьлева), якія абвясьцілі галадоўку. Яшчэ адна жыхарка дому Алена Каваленка (справа) па стане здароўя не галадае

24 траўня жыхаркі Гомля 33-гадовая Алена Грынько і 48-гадовая Аксана Філіпенка абвясьцілі бестэрміновую галадоўку. Адпаведную заяву жанчыны падалі ў адміністрацыю Навабеліцкага раёну гораду.

«Мы ўжо выпрабавалі ўсе магчымыя рэсурсы дзеля вырашэньня жыльлёвых праблем, якія стварылі нам улады Гомля. Былі на прыёмах і ў „мэра“, і ў „губэрнатара“, і ў памочніка прэзыдэнта па Гомельскай вобласьці — выніку ніякага», — пішуць заяўніцы.

Паводле сьцьвярджэньня галадоўніц, жыхары дома № 14 вуліцы Ўрыцкага апынуліся ў небясьпечным становішчы. Дом ня меў капітальнага рамонту ад моманту пабудовы ў 1967 годзе. Жыльлёва-камунальная служба замяніла электраправодку без тэхнічнага праекту. Электраэнэргія пэрыядычна прападае. Людзі асьцерагаюцца пажару, як у «Зімняй вішні» ў расейскім горадзе Кемерава. Дом № 14 раней належаў чыгунцы. 90 адсоткаў кватэраў у ім прыватызаваныя.

Дом, дзе жывуць галадоўніцы
Дом, дзе жывуць галадоўніцы

Прыняўшы гэты дом у гарадзкую камунальнай уласнасьць, улады зрабілі яго інтэрнатам. Прыватызаваную кватэру Алены Грынько раённая адміністрацыя праз суд пакінула бяз кухні, ванны, прыбіральні і патрабуе цяпер выкупіць усё гэта за 18,7 тысячы рублёў. А ў маладой сям’і ў кватэры два інваліды — сын і састарэлая маці Алены.

Жыхары дома ня могуць заключыць наўпроставыя дамовы з энэргетыкамі на забесьпячэньне кватэраў, бо раённае камунальнае прадпрыемства гэта зрабіла ад свайго імя як для інтэрнату.

Галадоўніцы лічаць, што такім чынам ажыцьцяўляюцца карупцыйныя схемы папаўненьня даходаў камунальнікаў і ўзбагачэньня за кошт жыхароў, а тым часам дом паўстагодзьдзя стаіць без належнага рамонту.

Аксана Філіпенка паведаміла Свабодзе, што яны з Аленай Грынько дамагаюцца сустрэчы з Аляксандарам Лукашэнкам, каб расказаць яму пра штучна створаныя камунальныя беспарадкі, а яшчэ пра невыкананьне мясцовымі ўладамі абавязаньняў ва ўладкаваньні жыцьця жыхароў гораду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG