Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец эпохі танных інтэрнатаў


Ілюстрацыйнае фота. Інтэрнат па вуліцы Калініна, 1 у Ваўкавыску

Рабочыя інтэрнаты былі сьціплым спартанскім прытулкам (цесным, перанаселеным, найчасьцей — занядбаным, але затое танным), дзе пакаленьні ўчорашніх савецкіх вяскоўцаў праводзілі юнацтва і маладосьць, жаніліся, нараджалі дзяцей, каб у сталым узросьце, прастаяўшы ў чарзе 10–20 гадоў, усё ж атрымаць асобныя квадратныя мэтры. Пасьля СССР рабочыя інтэрнаты засталіся, але мара пра «бясплатную» кватэру спакваля зьнікла. А цяпер зьнікаюць і самі інтэрнаты ў іхным ранейшым абліччы — як таннае і даступнае жытло для маламаёмных бескватэрных грамадзянаў.

Што адбываецца з рабочымі інтэрнатамі? Іх зьнішчаюць. Не афішуючы гэтага, але мэтанакіравана і жорстка, ня дбаючы пра тое, куды падзенуцца іхныя шматгадовыя насельнікі.

Едучы ў машыне, слухаю адну са шматлікіх аднолькавых менскіх FM-станцый. Бадзёры голас радыёвядоўцы абвяшчае: «А зараз па просьбе суседзяў па інтэрнаце віншуем фрэзэроўшчыка Анатоля з пакоя нумар дзевяць з нараджэньнем унука і перадаём яму вясёлую песьню...»

Прыкладна такая ж доля — сьвяткаваць нараджэньне ўнука, жывучы ў інтэрнацкім пакоі, — напаткала і маю вясковую суседку Яню. Напачатку ўсё складалася гэтак жа, як і ў дзясяткаў тысяч іншых вясковых дзяўчат. Пасьля школы — абласны горад, ПТВ, праца на тэкстыльным камбінаце, рабочы інтэрнат, замужжа з такім жа бескватэрным вясковым хлопцам, нараджэньне дзіцяці...

Часовае жытло з пастаяннай прапіскай

Ілюстрацыйнае фота. Інтэрнат у Магілёве
Ілюстрацыйнае фота. Інтэрнат у Магілёве

У былыя часы рабочыя інтэрнаты лічыліся часовым жытлом для іншагародніх працоўных рук, у якіх мела патрэбу значная колькасьць прадпрыемстваў, што бурна будаваліся і разрасталіся. Заводы вымушаныя былі будаваць гэтыя інтэрнаты і потым трымаць іх на сваім балянсе: па-іншаму кадравую праблему было ня вырашыць. Вялікім плюсам інтэрнатаў заўсёды была іхная таннасьць. 3–4 рублі за месяц — для працаўніка, які зарабляў дзьве-тры сотні, гэта было практычна незаўважна.

«Часовасьць», праўда, расьцягвалася на доўгія гады, а часам і дзесяцігодзьдзі. Але ўрэшце рабочая сям’я, пратуляўшыся ў інтэрнацкіх сьценах 10–15 гадоў, найчасьцей пераяжджала ў асобную «панэльку» на ўскраіне.

...Рана ці позна, відаць, дачакалася б уласнай кватэры і Яня. Але тут надышлі 90-я гады. Развальвалася краіна, а разам зь ёй і тэкстыльны камбінат. Спачатку ня стала «бясплатных» кватэр, потым ня сталі патрэбныя і «круцільшчыцы-матальшчыцы». Падалася Яня, каб карміць сям’ю, з бауламі на рэчавы рынак — гэтак жа, як і многія іншыя яе суседкі. А жыць увесь гэты час сям’я працягвала, натуральна, у тым жа інтэрнацкім пакоі.

Напачатку інтэрнаты і іхных насельнікаў ніхто не чапаў — было не да таго. Дый асаблівых выдаткаў яны не вымагалі. Але ішлі гады, даражэлі энэрганосьбіты. Інтэрнацкія будынкі заставаліся цяжарам на шыі прадпрыемстваў і гарадзкіх бюджэтаў. А кантынгент насельнікаў між тым зьмяняўся: у ведамасных інтэрнатах, здаралася, жылі ўжо галоўным чынам тыя, хто ня меў ніякіх адносінаў да прадпрыемства — дзеці і ўнукі «карэнных» жыхароў.

Ілюстрацыйнае фота. Інтэрнацкае жыцьцё
Ілюстрацыйнае фота. Інтэрнацкае жыцьцё

Такіх спрабавалі высяляць прымусова. Але гэта не заўсёды ўдавалася з прычыны некаторых савецкіх перажыткаў Жыльлёвага кодэксу: у інтэрнацкіх жыхароў, як правіла, лёсы няпростыя. То шматдзетная сям’я, то маці-адзіночка, то інвалід, то вэтэран працы. Чыноўнікі ўжо ў сярэдзіне «нулявых» і Жыльлёвы кодэкс перапісалі, каб прасьцей было высяляць тых, хто страціў сувязь з гаспадаром будынка, але праблему гэта ўсё роўна ня вырашыла. Яню, напрыклад, ня здолелі выгнаць, бо яна ў свой час адпрацавала на гэтым прадпрыемстве больш за дзесяць год.

І вось летась быў прыдуманы іншы, значна больш элегантны і прыбытковы спосаб вырашэньня інтэрнацкай праблемы.

Інтэрнат па цане кватэры

Ужо колькі месяцаў з розных рэгіёнаў чуваць роспачныя скаргі жыхароў рабочых інтэрнатаў: «Што творыцца з рахункамі за жытло?»; «За месяц лічба ў жыроўцы падвысілася ўдвая»; «Заробак — 400 рублёў, а за інтэрнат цяпер трэба плаціць 200»; «Наняць кватэру хутка будзе таньней, чым плаціць за інтэрнат: калі такое было?»...

А адбылося наступнае. Летась у верасьні аблвыканкамы адзін за адным пачалі прымаць рашэньні, згодна зь якімі з насельнікаў інтэрнатаў дазвалялася спаганяць арэндную плату. Такім чынам, інтэрнаты фактычна ператвараюцца ў арэнднае жыльлё. Плата аўтаматычна падвышаецца ўдвая-ўтрая, і межаў гэтым падвышэньням няма. Было жытло для маламаёмных — будуць дарагія ґест-хаўсы з цэнамі, сувымернымі з арэндай паўнавартасных асобных кватэр.

Аблвыканкамаўскія чыноўнікі, зразумела, адважыліся на гэта ня самі. Адказваючы на скаргі абураных жыхароў, яны спасылаюцца на ўказ прэзыдэнта № 72 «Аб некаторых пытаньнях рэгуляваньня цэнаў (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь». Прэзыдэнт дазволіў — яны зрабілі.

Ілюстрацыйнае фота. Кухня ў інтэрнаце на вуліцы Крупскай у Магілёве
Ілюстрацыйнае фота. Кухня ў інтэрнаце на вуліцы Крупскай у Магілёве

Якую мэту ставіць перад сабой улада, робячы гэта? Наўрад ці чыноўнікі ўсур’ёз разьлічваюць ператварыць інтэрнаты са стратнага актыву ў прыбытковы бізнэс, выпампоўваючы апошнія грошы з насельнікаў, якія лічаць кожную капейку. Разьлік, хутчэй, на іншае — пастаяльцы хутчэй зьедуць на найманыя кватэры, чым пагодзяцца плаціць высокія цэны за малапрывабныя абшарпаныя сьцены з сумнеўнымі камунальнымі выгодамі.

А якраз гэта і патрэбна чыноўніку: праблемныя жыхары будуць выселеныя без усялякіх кампэнсацый, а інтэрнаты перабудуюць на малагабарытныя кватэры — і прададуць па высокіх цэнах: стаяць гэтыя старыя савецкія будынкі, як правіла, у прывабных раёнах гораду, блізкіх да цэнтру. Так што попыт будзе.

Эканамічна ўсё пралічана нібыта дакладна. Прадпрыемствы і гарадзкія бюджэты пазбаўляюцца ад выдаткаў на «сацыялку», а замест гэтага атрымліваюць высокадаходны актыў. Зладзеяватыя чыноўнікі паціраюць рукі ў прадчуваньні «адкатаў» ад «інвэстараў» за права ператварыць безнадзейна стратныя «абшчагі» ў рынкавыя квадратныя мэтры асобных кватэр. Усе нібыта ў «плюсе»? Ах, так, застаецца яшчэ нейкая дробязь — лёсы некалькіх сот тысяч людзей. Толькі ў Менску ў інтэрнатах жывуць 5,4% насельніцтва гораду (гэта каля 100 тысяч чалавек). У абласных і раённых цэнтрах назьбіраецца яшчэ некалькі сот тысяч. І ўсё гэта — людзі, у якіх, як правіла, няма грошай ні на набыцьцё, ні на арэнду асобнай кватэры — маладыя сем’і, пэнсіянэры, інваліды, беспрацоўныя... Плаціць па 200 рублёў за інтэрнат яны ня змогуць, а зьяжджаць ім няма куды.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG