Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамафобны маніфэст беларускіх сілавікоў


Міністэрства ўнутраных спраў
Міністэрства ўнутраных спраў

Заява Міністэрства ўнутраных спраў пра вясёлкавы сьцяг над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску — бадай, самы гамафобны афіцыйны маніфэст у сучаснай Беларусі.

Тое, што ў гэтым пытаньні беларускія ўлады не вылучаюцца асаблівай талерантнасьцю, ані для кога не навіна. Паводле штогадовай справаздачы міжнароднай арганізацыі ILGA-Europe, Беларусь знаходзіцца на 42 месцы сярод 49 краінаў Эўропы па ўзроўні гамафобіі.

Сам Аляксандар Лукашэнка ня раз выказваў свае нэгатыўнае стаўленьне да сэксуальных меншасьцяў. «У нас няма ніякіх меншасьцяў — ні сэксуальных, ні нацыянальных», — казаў кіраўнік дзяржавы.

Падчас візыту ў Менск міністраў замежных спраў Польшчы і Нямеччыны Радаслава Сікорскага і Гіда Вэстэрвэле ў лістападзе 2010 году ўвогуле здарыўся скандал. Прымаючы міністраў, прэзыдэнт Беларусі чамусьці вырашыў выказацца на тэму людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. Спасылаючыся на крыніцы ў МЗС Польшчы, часопіс Wprost так апісваў падрабязнасьці скандалу:

«Ён сказаў, што не разумее, як мужчына можа жыць з мужчынам. Гэта быў відавочны намёк на Вэстэрвэле, які мае партнэра. Германскі міністар занэрваваўся, але Лукашэнка пайшоў яшчэ далей. У вельмі рэзкай форме ён заявіў, што ня мае нічога супраць лесьбіянак, але геяў з задавальненьнем павысылаў бы ў саўгасы».

19 лютага 2011 году, размаўляючы з журналістамі ў спарткомплексе «Раўбічы», Лукашэнка пацьвердзіў, што такі эпізод быў:

«Яны нас закалыхвалі, Захад нас заспакойваў, прыехалі тут вялікія дзеячы правільнай і няправільнай арыентацыі і мяне пачалі папракаць у тым, што я, калі хочаце, асудзіў „галубятню“ гэтую і г. д., — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ну, не падабаюцца мне „галубыя“, я і сказаў, што не падабаюцца. Бачыце, асобныя міністры замежных спраў пакрыўдзіліся на мяне. Чаго на мяне крыўдзіцца? Мы ў дэмакратычным грамадзтве жывём, тым больш я прэзыдэнт і маю права выказаць свой пункт гледжаньня і сваю пазыцыю. Я яму шчыра і сказаў гэта ў вочы. І за гэта, бачыце, яны крыўдзяцца. Нармальны лад жыцьця трэба весьці. Мы яго не прымаем, і нам ня трэба яго навязваць. У Нямеччыне гэта магчыма, у Польшчы — калі ласка, няхай яны гэтым і займаюцца там, а нам сюды гэтага ня трэба. Хоць гэтага дабра хапае, на жаль».

Да гэтай тэмы Лукашэнка вярнуўся праз год. 4 сакавіка 2012 году ён выдаў афарызм: «Лепш быць дыктатарам, чым „галубым“».

Пазьней ня раз і сам Аляксандар Лукашэнка, і міністар замежных спраў Уладзімер Макей выкарыстоўвалі дэмагагічны прыём у зьвязку з гэтай тэмай. Маўляў, вы хочаце дэмакратыі, як у Эўропе? Вы хочаце аднаполых шлюбаў? І беларускія дзяржаўныя мэдыі ня раз атаясамлівалі эўрапейскі лад жыцьця выключна зь ляяльным стаўленьнем да сэкс-меншасьцяў.

Але апошнім часам, калі пачаўся працэс нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з ЭЗ, крытыка Эўропы ў гэтым пытаньні амаль зьнікла з афіцыйнага дыскурсу. Больш за тое, беларускія ўлады нават дэманструюць гатоўнасьць прынамсі разумець эўрапейскія каштоўнасьці, абмяркоўваць іх частковае прымяненьне ў Беларусі. Напрыклад, прайшло некалькі сумесных з эўрапейцамі сэмінараў наконт адмены сьмяротнага пакараньня. Тым больш што цяпер Менск прэтэндуе на ролю «Хэльсынкі-2».

Прычым у гэтым пытаньні ЭЗ нічога асабліва ад афіцыйнага Менску не патрабуе. У Беларусі няма законаў, якія б дыскрымінавалі асобаў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Тое, што ўлады не дазваляюць гей-парадаў, дык і апазыцыйныя акцыі яны не дазваляюць. Галоўнае, каб не было нейкіх відавочных скандалаў у гэтым пытаньні, і Эўропа будзе задаволеная.

І вось напярэдадні вялікага форуму «Менскага дыялёгу», куды прыедзе шмат заходніх экспэртаў, МУС грымнуў такой гамафобскай заявай. Здавалася б, ніякіх падстаў для гэтага не было. Ну, зьявіўся над амбасадай Вялікай Брытаніі вясёлкавы сьцяг. Калі гэта ўжо так не спадабалася ўладам, дык сытуацыю павінен быў бы разрульваць МЗС. Пры чым тут МУС?

Вясёлкавы сьцяг над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску
Вясёлкавы сьцяг над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску

Сам зьмест гэтай заявы вельмі дзіўны. «Пераважная большасьць беларусаў прытрымліваецца традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў», — гаворыцца там. Тое, што правы меншасьцяў таксама трэба паважаць, абсалютна не прыходзіць у галаву міліцэйскім начальнікам, якія раптам загаварылі лёзунгамі: «Аднаполыя адносіны — гэта падробка», «Мы — за сапраўднае, яны ня пройдуць!» Для афіцыйнай установы эўрапейскай дзяржавы ў ХХІ стагодзьдзі гэта гучыць трохі дзікавата. Хаця б у тым сэнсе, што прэтэнзія на кантроль за прыватным, інтымным жыцьцём людзей — гэта прыкмета таталітарнай ці тэакратычнай дзяржавы. Увогуле такія заявы падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэксу аб распальваньні сацыяльнай варажнечы.

Ня першы раз МУС падстаўляе, дэзавуюе палітыку МЗС па нармалізацыі адносін з Захадам. У дадзеным выпадку Міністэрства ўнутраных спраў дазваляе сабе выпад супраць амбасады вядучай эўрапейскай краіны. Што вельмі падобна да правакацыі. І гэта пацьвярджае даўнюю вэрсію, што сілавыя структуры штучна спрабуюць перашкодзіць нават слабому і павольнаму руху краіны ў бок Эўропы.​


Яшчэ па тэме:

«Мы за сапраўднае, яны ня пройдуць!» МУС Беларусі назвала адносіны геяў падробкай

«Мяне пасадзяць? Заб’юць?» — прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасьці адрэагавалі на заяву МУС. ВІДЭА

Амбасада Вялікай Брытаніі ня будзе рэагаваць на «гамафобную заяву» МУС

«Маралізатарства ня функцыя МУС», — старшыня БХК пра «гамафобную заяву» міністэрства

Амбасада ЗША ў Менску ўпершыню вывесіла вясёлкавы сьцяг


Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG