Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Вялікай Брытаніі ня будзе рэагаваць на «гамафобную заяву» МУС


Вясёлкавы сьцяг над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску. 17 траўня 2018 году

Пасьля публікацыі на сайце МУС заявы з ацэнкай гомасэксуальных дачыненьняў у інтэрнэце пачалі збор подпісаў за выдаленьне гэтага звароту.

На сайце «Пэтыцыі.бай. Зручны горад» пачаўся збор подпісаў «За сапраўдную міліцыю для ўсіх». Ініцыятары збору подпісаў патрабуюць праверыць законнасьць выказваньняў, таксама зьняць з афіцыйнага сайту МУС зварот «Мы за сапраўднае!», у якім ведамства шкадуе, што 17 траўня над пасольствам Вялікай Брытаніі ў Менску быў вывешаны вясёлкавы сьцяг.

17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску залунаў вясёлкавы сьцяг — міжнародны сымбаль ЛГБТ-супольнасьці.

20 траўня МУС нечакана выказаў рэакцыю на гэта на ўласным сайце.

«Як ні круці, але аднаполыя адносіны — гэта падробка. А сутнасьць падробкі заўсёды аднолькавая — абясцэньваньне ісьціны. ЛГБТ-супольнасьць і ўся гэтая барацьба за „свае правы“, і сам дзень супольнасьці — усяго толькі падробка!», — сьцьвярджаецца ў допісе, апублікаваным на афіцыйным сайце ведамства.

Свой зварот МУС заканчвае словамі: «Мы за сапраўднае, яны ня пройдуць!» 21 траўня на сайце пачаўся збор подпісаў «За сапраўдную міліцыю для ўсіх».

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак у камэнтары Свабодзе расцаніў публікацыю МУС як адназначна гамафобную.

Ініцыятары збору «За сапраўдную міліцыю для ўсіх» нагадваюць, што з 1990 году гомасэксуальнасьць выключана зь Міжнароднай клясыфікацыі хвароб; цытуюць артыкул 6 закону Рэспублікі Беларусь «Аб органах унутраных спраў» — аб прамых абавязках міліцыі.

«Нідзе ў заканадаўстве не замацавана права органаў унутраных спраў выступаць з ідэалягічнымі камэнтарамі і даваць неправавыя адзнакі асобным сытуацыям, замест выконваньня сваіх асноўных абавязкаў у папярэджаньні і раскрыцьці злачынстваў і дзейнасьці ў межах сваёй кампэтэнцыі», — падкрэсьліваюць ініцыятары звароту.

Яны просяць праверыць законнасьць падобных выказваньняў, а таксама прыбраць гэты матэрыял з сайту і ўстрымацца надалей ад камэнтароў падобнага кшталту.

Тэкст пэтыцыі і сабраныя подпісы будуць накіраваныя ў МУС і Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.

«Маралізатарства — ня функцыя МУС», — старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту пра «гамафобную заяву» міністэрства

Свабодзе пакуль не ўдалося высьветліць, ці зьяўляецца гэты зварот афіцыйнай пазыцыяй ведамства, тэлефоны прэсавай службы не адказваюць.

Дарадца па сувязях з грамадзкасьцю пасольства Вялікай Брытаніі ў Беларусі паведаміла Свабодзе, што амбасадарка Фіёна Гіб ня будзе камэнтаваць зварот МУС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG