Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даўгі калясальныя». На Магілёўшчыне ратуюць лікёра-гарэлачны завод


Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод
Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод

Магілёўскі абласны суд 16 траўня зацьвердзіў плян санацыі Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага заводу. На 18 месяцаў будуць замарожаныя даўгі прадпрыемства, а завод павінен значна скараціць запазычанасьць перад крэдыторамі.

Аднак пра аднаўленьне поўнай платаздольнасьці за гэты час гаворкі не ідзе — апроч даўгоў, завод мусіць выплаціць вялізную суму падаткаў.

Судзьдзя асадзіў кіраўніка заводу

Антыкрызісны кіраўнік заводу Эдуард Арэшка сказаў у судзе, што ў першай палове году прадпрыемства выйшла на «нармальную фазу» аздараўленьня з чыстым прыбыткам блізу 900 тысяч рублёў.

У адказ на гэта судзьдзя Ўладзімер Трамбачоў нагадаў пра замарожаныя даўгі.

«Яны вялізныя, калясальныя, — сказаў судзьдзя. — Зразумела, што ў вас стала больш задавальненьня і грошай, дый звонку сытуацыя паляпшаецца, але насамрэч вас на гэтым этапе згодна з заканадаўствам адгарадзілі ад крэдытораў».

Што важна ведаць

  • Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод быў другім у сьпісе найбуйнейшых падаткаплатнікаў на Магілёўшчыне.
  • На яго прыпадае дзясятая частка рынку алькагольнай прадукцыі ў Беларусі.
  • У 2014 годзе Аляксандар Лукашэнка замест Мікалая Бялко прызначыў кіраўніком прадпрыемства Алега Буянава.
  • У 2015 годзе на Мікалая Бялко завялі крымінальную справу за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі і шкоду дзяржаве больш як на 1 мільярд недэнамінаваных рублёў.
  • З 2016 году завод мае пратэрмінаваную запазычанасьць перад бюджэтам.
  • У лютым 2017 году прадпрыемства ўзначаліў Мікалай Акулік, які да гэтага 20 гадоў кіраваў Слонімскім віна-гарэлачным заводам.
  • У 2017 годзе страты заводу склалі 667 тысяч рублёў.
  • З больш як 2 тысяч крэдытораў у клімавіцкага прадпрыемства засталося 209.
  • Запазычанасьць перад крэдыторамі — 59 мільёнаў рублёў.
  • У жніўні 2017 году завод заявіў пра банкруцтва. Прызначаны антыкрызісны кіраўнік Эдуард Арэшка.

Праз два месяцы пасьля прызначэньня сярод прычынаў, якія прывялі да банкруцтва заводу, Эдуард Арэшка назваў:

  • зьніжэньне ёмістасьці алькагольнага рынку і рост акцызнага падатку;
  • значны рост крэдытнай нагрузкі (у асноўным у замежнай валюце) і як вынік — рост выплат працэнтаў па абслугоўваньні крэдытнай запазычанасьці;
  • наяўнасьць пратэрмінаванай дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасьці;
  • утрыманьне стратнай падсобнай гаспадаркі і аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці, шэраг зь якіх спынілі вытворчасьць прадукцыі ад 2011 году.

Патрабаваньне крэдытораў: спыніць фінансаваньне няпрофільных прадпрыемстваў

На суд прыйшлі прадстаўнікі крэдытораў, аблвыканкаму, Міністэрства эканомікі, канцэрну «Белхарчпрам», холдынгу «Мінск Крышталь», у які ўваходзіць і Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод.

Сярод патрабаваньняў крэдытораў — спыніць фінансаваньне няпрофільных прадпрыемстваў, «якія бязвыплатна падтрымліваюцца дзеля захаваньня працоўных месцаў у раёне».

Разам з тым на судзе прагучала, што масавага скарачэньня не плянуецца — «аптымізацыя павінна быць разумнай». Цяпер на заводзе працуе 667 чалавек. Гэта самы вялікі працоўны калектыў у Клімавіцкім раёне.

З 7 мільёнаў рублёў выручкі 4 ідзе на падаткі

У камэнтары Свабодзе антыкрызісны кіраўнік Эдуард Арэшка сказаў, што прадпрыемства працягвае працаваць і атрымліваць прыбытак. Паводле яго, разгляд справы аб эканамічнай няздатнасьці заводу і яго санацыя — «элемэнт аздараўленьня прадпрыемства».

«Сёньня проста ёсьць пэўныя фінансавыя праблемы, якія мы вырашаем дзеля таго, каб нармальна гэтае прадпрыемства аздаравіць», — сказаў суразмоўца.

«Прадпрыемства мае дужа вялікую падатковую нагрузку, і даводзіцца найперш аплачваць бягучыя плацяжы па падатках, — працягнуў ён. — 18 месяцаў прадпрыемству дадзены тэрмін аздараўленьня. Часткова будуць закрытыя даўгі, якія на сёньняшні дзень зьяўляюцца даўгамі мінулых пэрыядаў і ўключаныя ў рэестар патрабаваньняў крэдытораў. Плянуецца яшчэ працягваць працэдуру згодна з заканадаўствам».

Зь сямі мільёнаў рублёў выручкі заводу, паводле антыкрызіснага кіраўніка, блізу чатырох мільёнаў ідзе на падаткі.

«Гэта палітыка фінансавай сыстэмы, таму тут без камэнтароў», — так адказаў ён на пытаньне, ці не зашмат даводзіцца прадпрыемству плаціць падаткаў.

Паводле Эдуарда Арэшкі, за час працэдуры, зьвязанай з банкруцтвам, колькасьць працоўных не зьмянілася.

Завадчанін: «Для многіх мара — зарабіць 400 рублёў»

У 2017 годзе працаўнікі казалі карэспандэнту Свабоды, што пэрспэктывы ў прадпрыемства няпэўныя, і рыхтаваліся да масавых звальненьняў.

«Мы бачым, што сытуацыя толькі пагаршаецца. Заробкі зьмяншаюцца. Для многіх мара — зарабіць 400 рублёў. Калі раней мы працавалі ў тры зьмены і трымаліся на замовах з Украіны, то цяпер таго няма. Мы думаем пра скарачэньне», — сказаў адзін з работнікаў.

Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў Магілёўшчыны. Сваю гісторыю ён адлічвае ад 1858 году. У 2015 годзе на ім працавала каля 800 чалавек, сярэдні заробак быў 6,5 мільёна рублёў (350 даляраў па курсе на канец 2015 году). Прадукцыю заводу шмат разоў адзначалі ўзнагародамі на дэгустацыйных конкурсах.

Эканамічны суд Менску абвясьціў «Мотавела» банкрутам з далейшай ліквідацыяй

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG