Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акумулятарны завод, супраць якога пратэстуюць берасьцейцы, cудзіцца з блогерамі


Блогеры Аляксандар Кабанаў і Аляксей Пятрухін
Блогеры Аляксандар Кабанаў і Аляксей Пятрухін

Сёньня ў эканамічным судзе Берасьцейскай вобласьці пачаўся разгляд пазову да блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна аб абароне дзелавой рэпутацыі ТАА «АйПаўэр». Кампанія адказная за пабудову акумулятарнага заводу, які выклікаў шматлікія пратэсты берасьцейцаў.

Суд не задаволіў хадайніцтва пазоўніка, каб працэс быў закрытым. Блогеры папрасілі дазволу азнаёміцца з матэрыяламі справы. У выніку працэс адклалі да 18 траўня.

Падставай для пазову стаў відэаролік «Сьвінец — Берасьцю Пісец?», апублікаваны Аляксандрам Кабанавым і Сяргеем Пятрухіным 5 студзеня на відэаканале «Народны рэпартэр» у Youtube, а таксама на іхніх асабістых старонках і ў суполках у сацсетках.

«Ва ўказаным відэароліку выкладаюцца зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці і ганьбяць дзелавую рэпутацыю ТАА „АйПаўэр“», — гаворыцца ў пазове.

У дакумэнце пералічваецца 13 цытатаў зь відэароліка, «якія дыскрэдытуюць пазоўніка»: «спрабуюць пабудаваць уціхую, вельмі нядобрасумленна», «зразумела, чаму так хутка ўсё гэта робіцца і бязь ведама людзей», «уціхую ад людзей пачынае нешта недзе будавацца», «няма ніякіх дастаткова ясных справаздач, няма ніякіх дасьледаваньняў эколягаў, сур'ёзных экспэртаў у гэтым пытаньні» і г.д.

«АйПаўэр» лічыць, што гэтыя зьвесткі «ганьбяць яго дзелавую рэпутацыю і не адпавядаюць рэчаіснасьці».

Пазоўнік заявіў, што былі «выкананыя ўсе патрабаваньні заканадаўства», якія тычацца экалягічнай бясьпекі і ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, а таксама інфармаваньня насельніцтва пра намер будаваць акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» з уласнай кацельнай на прыродным газе па адрасе Берасьцейскі раён, СЭЗ «Брэст», раён «Аэрапорт».

Пратакол грамадзкіх абмеркаваньняў зацьверджаны намесьнікам старшыні Берасьцейскага райвыканкаму Мікалаем Каршанковым 9 студзеня 2017 году.

Таксама адзначаецца, што аўтары відэароліку «ў бальшыні выказваньняў ня робяць агаворак, што ацэнка дзейнасьці „АйПаўэр“ мае суб'ектыўны характар і ўяўляе сабой толькі думку аўтараў — наадварот, інфармацыя выкладаецца як пэўныя, устаноўленыя факты і прадстаўлена ў форме абвінавачаньня».

У сваім пазове «АйПаўэр» патрабуе выдаліць відэаролік «Сьвінец — Берасьцю Пісец?» з сайтаў, суполак і асабістых старонак блогераў, забараніць яго далейшае выкарыстаньне і распаўсюд, разьмяшчэньне гіпэрспасылкі на відэаролік. А таксама разьмясьціць на ўсіх сайтах, дзе ён публікаваўся, абвяржэньне пэўнага зьместу.

Перад пачаткам судовага працэсу Аляксандар Кабанаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што прадпрыемству «АйПаўэр» не падабаецца актыўнасьць блогераў.

«Яны зьвярнулі ўвагу на наш першы матэрыял, які мы зрабілі 5 студзеня, то бок прайшло даволі шмат часу. І вось мы атрымалі гэты пазоў, дзе ў прынцыпе словы вырваныя з кантэксту. То бок поўнасьцю матэрыял не разглядаецца. Бо ўсё тое, на чым яны абвінавачваюць нас у паклёпе, абгрунтоўваецца», — сказаў блогер.

Паводле Аляксандра Кабанава, «гэта спроба ціску» з боку прадпрыемства.

Аляксандар Кабанаў
Аляксандар Кабанаў

"Тым больш што ў нас было многа пытаньняў і мы зьвярталіся па камэнтары неаднаразова, але нам ніхто нічога ня даў, ніякіх адказаў. І літаральна ўчора мы хацелі запісацца на прыём да кіраўніцтва прадпрыемства ў Белаазёрску. Але нас на прыём не запісалі, нікуды не пусьцілі, не далі кнігу скаргаў. То бок яны ад нас адварочваюцца".

Блогеры сказалі, што маюць сур'ёзных сьведак і што суд будзе цягнуцца не адзін дзень.

«Будзем выкарыстоўваць гэты працэс, каб людзі зразумелі, што ў нас адбываецца», — сказаў Аляксандар Кабанаў.

Міліцыянты правялі ператрус у берасьцейскага блогера Пятрухіна

Апошнім часам блогеры Пятрухін і Кабанаў у сваіх відэа рэгулярна асьвятляюць пратэсты ў Берасьці з прычыны будаўніцтва акумулятарнага заводу. Напярэдадні блогер Сяргей Пятрухін разам з калегам Аляксандрам Кабанавым атрымалі па 1225 рублёў штрафу за збор подпісаў за адстаўку кіраўніцтва Берасьцейскай вобласьці.

«Ня хочам, каб нас патруцілі». 37 тысяч жыхароў Берасьця пратэстуюць супраць будаўніцтва новага заводу

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.​

Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёну Берасьця адмовіў грамадзянам і грамадзкаму аб’яднаньню «Экадом» у задавальненьні пазову супраць ТАА «АйПаўэр» і Берасьцейскага аблвыканкаму.

Пазоўнікі прасілі спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу, пакуль ня будзе праведзена паўторнае грамадзкае абмеркаваньне актуальнай справаздачы па ацэнцы яго ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.

Лекарку зь Берасьця звольнілі пасьля мітынгу супраць акумулятарнага заводу

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG