Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод заявіў пра банкруцтва


Клімавічы: знак на лікёра-гарэлачны завод

У Магілёўскі абласны эканамічны суд накіраваны пакет дакумэнтаў пра эканамічную нястатнасьць прадпрыемства. Разгляд справы заплянаваны на 7 верасьня.

Кіраўнік прадпрыемства: «Ціснуць старыя даўгі»

Генэральны дырэктар акцыянэрнага таварыства Міхаіл Акулік сытуацыю на прадпрыемстве характарызуе як няпростую, але трымаецца аптымістычна. Ён запэўнівае, што завод працуе ў звычайным рэжыме і вырабляе прадукцыю.

«У нас нармальная працоўная сытуацыя, — кажа суразмоўца, — але неабходна аздаравіцца, таму падалі заяву на санацыю, і суд яе разгледзіць. Потым будзем працаваць далей».

Паводле кіраўніка прадпрыемства, калектыў таксама «нармальна працуе».

«Ніякіх пытаньняў няма ні ў калектыве, нідзе. Вырабляем прадукцыю, але на нас ціснуць старыя даўгі. Таму трэба адсекчы іх. Даць магчымасьць напрацаваць заводу прыбытак, каб пагасіць пазыкі. Але завод працуе», — адзначыў Міхаіл Акулік.

На пытаньне, якім чынам прадпрыемства апынулася ў даўгах, кіраўнік клімавіцкага прадпрыемства не адказаў.

«Я кірую прадпрыемствам толькі чатыры месяцы, і мая задача пакуль разабрацца зь „цякучкай“», — сказаў ён.

Рабочыя: «Мы думаем пра скарачэньні»

Тым часам работнікі заводу заяўляюць, што напружанасьць і незадаволенасьць у калектыве праз эканамічную сытуацыю на прадпрыемстве адчуваецца. Паводле іх, праблемы на заводзе назапашваліся не адзін год і заява пра банкруцтва — чаканы крок.

«Мы бачым, што сытуацыя толькі пагаршаецца. Заробкі зьмяншаюцца. Для многіх мара заробіць 400 рублёў. Калі раней мы працавалі ў тры зьмены і трымаліся на замовах з Украіны, то цяпер таго няма. Мы думаем пра скарачэньне», — адзначыў адзін з работнікаў заводу.

«Зварот у суд па банкруцтва ня стаў для калектыву нечаканасьцю, — дадаў яшчэ адзін працаўнік. — Мы ведалі, што дакумэнты ў суд рыхтаваліся цэлае лета. На сайце газэты „СБ. Беларусь сегодня“ ў невялікай заметцы наша прадпрыемства названае шматпакутным. Вы ж разумееце, калі так характарызуюць сытуацыю збоку, дык што пра яе кажуць тыя, хто працуе на заводзе».

Адміністрацыйны будынак заводу
Адміністрацыйны будынак заводу

На заводзе працуюць пад 600 чалавек. Доўгі час ён быў горадаўтваральным. Мае падшэфнае сельгаспрадпрыемства, якое, па словах работнікаў, вымывае сродкі зь бюджэту заводу.

Эканамічны суд: «Будзем глядзець, што рабіць»

У абласным эканамічным судзе сказалі, што заява на прызнаньне Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага заводу банкрутам паступіла. Начальнік аддзелу дзяржаўных закупаў, інфармацыйнага і матэрыяльнага забесьпячэньня суду Ян Клюеў заўважае: пакуль заўчасна казаць, што факт устойлівай неплатаздольнасьці прадпрыемства навідавоку. Заява не прынятая ў судовую вытворчасьць.

Будынак абласнога эканамічнага суду
Будынак абласнога эканамічнага суду

«На 7 верасьня прызначанае пасяджэньне, і дужа вялікі ажыятаж, бо прадпрыемства ня самае малое і для Клімавічаў знакавае. На ім шмат людзей працуе, — тлумачыць сытуацыю прадстаўнік суду Ян Клюеў. — Будзем глядзець, што з прадпрыемствам рабіць. Калі будзе распачатая справа, то павінна адбыцца рада крэдытораў, якая мае вызначыць: ліквідаваць прадпрыемства ці прызначыць працэдуру санацыі з антыкрызысным кіраўніком».

Зьвесткі пра тое, колькі вінаваты завод крэдыторам, пакуль не агучваюцца.

За тры гады зьмянілася два кіраўнікі

У красавіку 2014 году Аляксандар Лукашэнка, знаходзячыся з рабочай паездкай у Клімавічах, заявіў, што замяніў кіраўніка лікёра-гарэлачнага прадпрыемства. Замест Мікалая Бялко прэзыдэнт паставіў Алега Буянава.

У 2015 годзе паведамлялася, што супраць былога кіраўніка прадпрыемства Мікалая Бялко распачалі крымінальную справу. Яго вінавацілі ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі зь цяжкімі наступствамі. Паводле сьледзтва, ён нанёс дзяржаве шкоду больш за 1 мільярд недамінаваных рублёў.

У лютым 2017 году кіраўніком прадпрыемства стаў Мікалай Акулік, які два дзясяткі гадоў кіраваў Слонімскім вінна-гарэлачным заводам.

Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў Магілёўшчыны. Сваю гісторыю адлічвае ад 1858 году. Да нядаўняга часу было адным з асноўных падаткаплатнікаў у рэгіёне. У 2015 годзе на ім працавала блізу 800 чалавек і сярэдні заробак быў шэсьць з паловай недамінаваных мільёнаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG