Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэры-правацэнтрысты перадалі міністру працы больш за 70 прапановаў па двух «дармаедзкіх» дэкрэтах


Міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч
Міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч

2 траўня лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі Юрась Губарэвіч, Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі наведалі міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірыну Касьцевіч.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў Свабодзе, што правацэнтрысты спадзяваліся на гутарку хвілін на 20. А яна доўжылася больш за гадзіну.

Анатоль Лябедзька тлумачыць працягласьць размовы тым, што «міністар — чалавек дэбатны, дыскусійны».

«Спадарыня міністар прапаноўвае дэкрэты №№ 3 і 1, а мы зь імі змагаемся, нават у турме за гэта пасядзелі. Касьцевіч добра ведае праблематыку, сытуацыю ў вузкіх кірунках. Але калі мы кажам, што трэба мяняць усю сыстэму, што адно чапляецца за другое, занятасьць за законы, законы за прадпрымальніцтва і г.д., то тут у яе ня вельмі добра атрымліваецца», — сказаў Лябедзька.

Правацэнтрысты перадалі міністру сваю альтэрнатыву абодвум дэкрэтам, у якой больш за 70 пазыцыяў, і прапановы, скіраваныя на ўдасканаленьне пэнсійнай сыстэмы. Таксама дамовіліся, што неўзабаве ў міністэрства накіруюць і два альтэрнатыўныя законапраекты: адзін — аб гэндэрнай роўнасьці мужчын і жанчын на працы, другі — аб адраснай дапамозе насельніцтву.

Чым правацэнтрысты адрозьніваюцца ад «Гавары праўду»

Карэспандэнт Свабоды нагадаў старшыні АГП, што першымі паходы па міністэрствах пачалі лідэры грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», і спытаў, ці ёсьць сэнс паўтараць тое, што ўжо зрабілі іншыя.

«Якая ж тут копія? Там — сэлфі, а мы ідзём з канкрэтнымі прапановамі і праектамі. І яшчэ — мы задаём вельмі вострыя пытаньні. Сёньня, напрыклад, пыталіся, ці выкананыя распараджэньні Лукашэнкі працаўладкаваць каханак міністраў? І пра тое, ці зьяўляецца эфэктыўнай сацыяльная дапамога, калі чыноўнік атрымлівае ўчастак пад катэдж рынкавым коштам дзесьці паўмільёна даляраў?» — адказаў кіраўнік АГП.

Хто такія «дармаеды»?

25 студзеня 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Гэты дакумэнт прыйшоў на зьмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 году.

Першы дакумэнт аб «дармаедах» абавязваў грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 году. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.

Краіна дармаедаў. Спэцпраект Свабоды

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.

У сакавіку, пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеяньне дэкрэту на год, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы, як абнавіць дэкрэт, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да кастрычніка 2017-га.

У абноўленым дэкрэце новага азначэньня дармаедаў няма. У пастанове Савету Міністраў ад 31 сакавіка выкарыстоўваюцца азначэньні «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы» і «працаздольныя непрацуючыя грамадзяне».

«Не занятымі ў эканоміцы» будуць лічыць грамадзян Беларусі, якія не ажыцьцяўляюць працоўную, рамесную, творчую, навучальную ці іншую дзейнасьць.

Урад вызначыў, хто такія «дармаеды» і што зь імі рабіць

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі найбуйнейшых дзяржаўных СМІ краіны 10 красавіка заявіў, што асноўная сутнасьць дэкрэту № 1 у тым, каб людзі працавалі і аплочвалі паслугі дзяржавы, у тым ліку ў ахове здароўя, ЖКГ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG