Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газета Слонімская» пад пагрозай спыненьня. Як выжыць незалежным газэтам у рэгіёнах?


Адзінае незалежнае друкаванае грамадзка-палітычнае выданьне на Горадзеншчыне «Газета Слонімская» пад пагрозай спыненьня. У Берасьці трэці месяц як прыпыніла выхад незалежнае друкаванае выданьне «Брэсцкі кур’ер».

Незалежныя рэгіянальныя выданьні ў Беларусі перажываюць ня лепшыя часы. Калі раней размова ішла пра непасрэдныя рэпрэсіі супраць журналістаў (крымінальныя справы за паклёп на прэзыдэнта, санкцыі Міністэрства інфармацыі), то цяпер рэдактары незалежных газэт у рэгіёнах найперш кажуць пра эканамічныя цяжкасьці выданьняў.

«Газета Слонімская»: «Аптымізуем калектыў, заробкі мінімальныя...»

«Газета Слонімская» выходзіць ужо 21 год на беларускай і расейскай мовах. У лепшыя часы яе наклад перавышаў 12 тысяч асобнікаў, а цяпер — усяго каля трох тысяч. Калі раней газэта выходзіла двойчы на тыдзень, прычым адзін раз на 48 старонках, то апошні год — раз на тыдзень на 24 старонках.

Рэдактар і заснавальнік «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук распавядае, што ў калектыве адбываецца аптымізацыя, заробкі невялікія і людзі сыходзяць самі.

«У нас заробак нават не ўва ўсіх дацягвае да 300 рублёў. Калі калектыў раней налічваў 17 чалавек, то цяпер 12, і яшчэ людзі адыходзяць, — кажа Валадашчук. — Мне цяпер самому даводзіцца нават развозіць газэту па пунктах распаўсюду, бо чалавек звольніўся і няма каму гэтага рабіць».

Віктар Валадашчук
Віктар Валадашчук

Праблемы расьлі разам з крызіснай сытуацыяй у эканоміцы

Паводле Валадашчука, праблемы пачаліся апошнія два гады, калі крызіс у эканоміцы станавіўся ўсё больш адчувальны. Стала заўважным зьмяншэньне рэклямы ў газэту, шмат якія прадпрыемствы — дзяржаўныя і прыватныя — пачалі скарачаць на гэта сродкі. А даходы ад рэклямы складалі больш за 60%, і толькі каля 40% — ад рэалізацыі газэты.

«Але асабліва складана пайшлі справы, калі ў апошні год у горадзе зьявіліся дадатковыя тры рэклямныя выданьні, якія дэмпінгавалі кошты на рэкляму, і нашы даходы ад яе зьнізіліся амаль на 50%», — кажа Валадашчук.

Разам з рэклямай ад прадпрыемстваў і арганізацый, паводле рэдактара, зьніклі прыватныя платныя аб’явы, якія са старонак газэты перамясьціліся на бясплатныя інтэрнэт-парталы.

«А надыходзіць час, калі трэба своечасова заплаціць падаткі, аплаціць камунальныя паслугі, разьлічыцца з друкарняй і выплаціць людзям заробкі, а патрэбнай сумы нестае», — кажа Валадашчук.

Так раней выглядала плянэрка ў «Газеце Слонімскай»
Так раней выглядала плянэрка ў «Газеце Слонімскай»

Зарабляць на рэкляме праз сайт для рэгіянальнай газэты няпроста

Валадашчук кажа, што ўжо некалькі гадоў яны спрабуюць прывабіць рэкляму на свой сайт, але даходы ад гэтага пакуль нязначныя. Прычына, паводле яго, крыецца ў тым, што газэта рэгіянальная і праглядаў яе сайта недастаткова.

«Мы маем у месяц каля 600 тысяч праглядаў, а нам дзеля таго, каб пашырыць магчымасьці рэклямы, патрэбна мінімум каля мільёна праглядаў», — кажа Валадашчук.

Паводле суразмоўцы, апошні год даводзіцца рабіць ці ня дзьве вэрсіі газэты, бо чытачы падзяліліся на тых, хто чытае яе ў інтэрнэце, і тых, хто набывае ў шапіках.

«Упершыню ня ведаю, ці ўдасца ўтрымаць друкаваную вэрсію газэты»

«Газета Слонімская» каштуе 60 капеек у шапіку і ў распаўсюднікаў. Паводле апытаньняў, якія праводзіла рэдакцыя сярод чытачоў, цана завысокая. Але, на думку рэдактара, яе сабекошт пры цяперашнім накладзе ня можа быць ніжэйшы.

У выніку і сытуацыя ў рэдакцыі як ніколі складаная, і выпуск друкаванай вэрсіі газэты ўсё больш пад пагрозай.

«Я наагул упершыню проста ня ведаю, што будзе далей і ці ўдасца ўтрымаць друкаваную вэрсію. Нам толькі могуць паспачуваць чытачы, але больш ніхто ніякай увагі на нашы праблемы не зьвяртае», — кажа рэдактар Валадашчук.

«Брэсцкі кур’ер»: апошні нумар выйшаў у сьнежні

«Брэсцкі кур’ер» — адна з старэйшых незалежных газэт на Берасьцейшчыне. Ейны рэдактар Мікалай Аляксандраў сказаў Свабодзе, што скасаваць друкаваную вэрсію іх прымусілі такія ж абставіны, што і ў «Газэты Слонімскай».

Мікалай Аляксандраў, архіўнае фота
Мікалай Аляксандраў, архіўнае фота

«Нас таксама падкасілі эканамічныя праблемы: рэзка ўпала колькасьць рэклямы, наклад зьнізіўся да трох тысяч, а ў зімовы пэрыяд толькі за ацяпленьне будынка даводзілася плаціць каля тысячы рублёў. Ніякіх датацый, якія даюць дзяржаўным СМІ, мы ня маем», — кажа Аляксандраў.

Паводле яго, рэдакцыя не змагла разьлічвацца за паслугі друкарні, і давялося спыніць выданьне газэты. Яшчэ падтрымліваецца інтэрнэт-вэрсія, але, як заўважае рэдактар, ня надта актыўна.

«Магчыма, каб мы раней пачалі праводзіць аптымізацыю рэдакцыі, то пратрымаліся б болей. Але гэты працэс зацягнуўся, а ў нас працавала 20 чалавек», — кажа Мікалай Аляксандраў.

«Недзяржаўныя выданьні ня здолеюць самастойна ўтрымліваць друкаваныя вэрсіі»

Паводле суразмоўцы, яны плянавалі ўвесну аднавіць выданьне, але пакуль гэта выглядае праблематычна. З ранейшага досьведу Аляксандраў лічыць, што недзяржаўныя выданьні ня здолеюць самастойна ўтрымліваць друкаваныя вэрсіі.

«Апроч таго, што газэта і сайт павінны быць зробленыя цікава, творча, павінен быць бізнэс, які будзе прыносіць даходы», — упэўнены Аляксандраў.

Паводле яго, ёсьць прыклады, калі выданьні маюць свае друкарні і зарабляюць на тым, што друкуюць іншыя газэты, кніжкі, календары і г.д. Праўда, ён удакладняе, што сярод незалежных выданьняў такіх пакуль няма.

Наагул, з досьведу Аляксандрава, незалежныя выданьні павінны шукаць новыя сацыяльныя праекты, якія будуць прыносіць грошы, каб потым на іх выдаваць газэту.

Кіраўнік БАЖ: «Усё больш трэба працаваць менавіта з інтэрнэт-вэрсіямі»

Камэнтуючы цяперашні стан незалежных рэгіянальных газэт, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец зьвяртае ўвагу на тое, што яшчэ 11 год таму эканамічны ціск быў абраны ўладамі як галоўны мэтад працы зь незалежнымі мэдыямі.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«Сёньня дзяржава таксама не зьбіраецца паварочвацца тварам да незалежных выданьняў, — упэўнены Бастунец. — Падтрымка дзяржаўных СМІ з боку ўладаў складае каля 45 мільёнаў эўра ў год, і ў той самы час „Газета Слонімская“ і іншыя незалежныя выданьні ні капейкі датацый ад дзяржавы ня маюць».

Ён зьвяртае ўвагу, што дзяржаўныя прадпрыемствы працягваюць разьмяшчаць рэкляму толькі ў дзяржаўных выданьнях, а гэта таксама не спрыяе дзейнасьці незалежных СМІ.

Адзінае выйсьце, каб існаваць у цяперашніх эканамічных умовах незалежным газэтам, Бастунец бачыць у стварэньні канкурэнтных выданьняў, якія маглі б эфэктыўна працаваць як у друкаваным выглядзе, так і ў інтэрнэт-вэрсіі.

«І я ня думаю, што нават у бліжэйшыя 5 гадоў друкаваныя вэрсіі выданьняў пазьнікаюць. Але час паказвае, што ўсё больш трэба працаваць менавіта з інтэрнэт-вэрсіямі, вучыцца зарабляць грошы таксама праз інтэрнэт. Бо з кожным годам запатрабаванасьць інтэрнэт-выданьняў будзе расьці», — кажа Андрэй Бастунец.

Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ, якія забараняюць ананімныя камэнтары і дапускаюць блякаваньне сацсетак

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG