Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Горадні каралі за свабоду слова


На выставе «Непадцэнзурная Гародня: 1983–2018»
На выставе «Непадцэнзурная Гародня: 1983–2018»

Сьцены Цэнтру гарадзкога жыцьця Паўла Мажэйкі да столі завешаныя каляжамі: твары, газэтныя шыльды, тэксты, здымкі пікетаў. Гэта — выстава «Непадцэнзурная Гародня: 1983–2018». Першыя сьціплыя «самадрукі», і сярод іх рэгулярна выдаваная «Рэанімова»: 1989–1990 гады. Час, калі па ўсёй Беларусі ўзьнікалі такія выдавецкія ініцыятывы. Непрафэсійны макет, памнажэньне на ксэраксе. Сёньня гэта сапраўдныя артэфакты, якім месца ў музэі друку.

Аднак, як выглядае, забылася, што першай недзяржаўнай газэтай у Горадні стаў штотыднёвік «Перспектива». Незвычайная рэч: ня быў нічыім «органам»! Пачаў выходзіць пры канцы гарбачоўскіх часоў, калі зьмест газэт па ўсёй краіне зыначыўся. Калі перад кіёскамі ўзьнікалі чэргі па сьвежую прэсу. Ужо рэзка зьмянілася і абласная «Гродзенская праўда», дзе быў тады я. Стала цікава працаваць: пішы што хочаш. Але «Перспектива» стварала канкурэнцыю, была папулярнай сярод дэмакратычна настроенай публікі. Што праўда, засталася ў гісторыі гэткім «дзіцём перабудовы». Калі Беларусь стала незалежнай, у газэце траплялася крытыка сымболікі, беларускай школы. А неўзабаве перастала існаваць, сама.

Газэтай новага часу стала «Пагоня», пачала выходзіць з 1992-га. Зарэгістраваў яе мой калега па абласной газэце Мікола Маркевіч, тады дэпутат Вярхоўнага Савету. А ствараць непасрэдна давялося мне. Задача была: каб не выглядала як раёнка, каб была сапраўды сьвежым беларускім выданьнем. Неўзабаве яе можна было чытаць па ўсёй Беларусі: падпіска, распаўсюд. Сам езьдзіў у Менск, каб падпісаць дамову.

Першы выпуск газэты «Пагоня», 25 сакавіка 1992 году Format: JPG
Першы выпуск газэты «Пагоня», 25 сакавіка 1992 году Format: JPG

Адначасова з «Пагоняй» у Горадні існавала гарадзкая газэта, таксама новая. На расейскай мове, але, скажам так, «на плятформе незалежнасьці» — «Гродненские новости». Як ні дзіўна, сёньня гэта зусім забытае выданьне. Магчыма, таму, што скончыла сваё існаваньне нягучна, бяз розгаласу. Рухавіком у ёй быў Ляонас Даўгела. Яму падабалася ў Горадні, ён вылучаўся на вуліцы, любіў фатаграфаваць для газэты. Але ўрэшце мусіў вярнуцца ў сваю Літву. «Гродненские новости» запомніліся нумарам, які выйшаў пасьля рэфэрэндуму 1995 году, калі дзяржаўны герб, «Пагоню», забаранілі. Паведамленьне з навіной мела разгорнуты загаловак — «Рыцарю не место среди холопов».

Але для многіх гэта быў час «Пагоні», газэты, у шыльдзе якой заставаўся рыцар. Калі ў гарвыканкаме кіраваў Сямён Домаш (пазьней удзельнік парлямэнцкай апазыцыі, які вылучаўся ў 2001 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах), рэдакцыя атрымала выдатнае памяшканьне ў гістарычнай забудове. Калі ўлада зьмянілася, «Пагоню» сталі высяляць. Але часы яшчэ былі цярпімыя: рэдактара Міколу Маркевіча вынесьлі на руках, ён адмаўляўся падпарадкавацца. Мала таго, далі памяшканьне на суседняй вуліцы. Як апошняе прыстанішча, але тады ніхто пра гэта ведаць ня мог.

Другой газэтай дэмакратычнай накіраванасьці стане «Биржа Информации». Рэдагавала яе Алена Раўбецкая. Абедзьве газэты зазнаюць рэпрэсіі. Яны нібы «дзялілі тэрыторыю», адказваючы за беларуска- і расейскамоўную часткі вольналюбных чытачоў.

Прэзыдэнцкія выбары 2001 году. Арыштаваны ў друкарні наклад «Пагоні», АМАП у рэдакцыі, ператрус. Выданьне газэты спынена гаспадарчым судом.

На выставе «Непадцэнзурная Гародня: 1983–2018»
На выставе «Непадцэнзурная Гародня: 1983–2018»

І першы раз — моцная падтрымка калег, прыхільнікаў, чытачоў. Спачатку пікет БАЖ-аўцаў. На пешаходнай вуліцы, у самай людзкой гушчы. Тады яшчэ без «хапуна». Запомнілася таксама, як кіраўнік суполкі БНФ Міхальчык з паплечнікамі трымаюць плякат «Рукі прэч ад „Пагоні“» насупраць вокнаў старшыні аблвыканкаму. І неўзабаве паяўляецца ён сам, Аляксандар Дубко. Адзін. Безь міліцыі. І пачынае дыскутаваць, дакараць нават. Што ні кажыце, незвычайна. А на мой дыктафон ён мне: «А ну-ка выключы сваю машынку».

І будзе затым крымінальная справа супраць Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, рэдактара і карэспандэнта. Паклёп, абраза... У дачыненьні да першай асобы дзяржавы. Такое абвінавачаньне супраць журналістаў прагучала ўпершыню.

І будзе хваля «лятучых» пікетаў, затрыманьні, «суткі». Пазьней — працяглы суд. І поўная заля прыхільнікаў. Журналістаў пакараюць «хіміяй». Тады яшчэ не каралі мацней. Памятаю атмасфэру таго дня. Вакзал, вузкую плятформу, запоўненую людзьмі, Міколу з Паўлам у дзьвярах вагону: ад’яжджалі да месца адбыцьця пакараньня. Канец жніўня 2002-га. Людзі былі ўзрушаныя, ім хацелася выказаць сваю маральную падтрымку.

Падобную салідарнасьць з журналістам у Горадні яшчэ будзе выпадак адчуць, калі пачнуць судзіць Андрэя Пачобута. Абвінавачаньне будзе падобнае: паклёп, абраза... Улетку 2011-га. Працэс будзе закрыты.

«Биржа Информации» перастане існаваць раней. Выданьне прыпынілі ў 2004 годзе на тры месяцы, Міністэрства інфармацыі. Падстава: камэнтар рэдактара Алены Раўбецкай з нагоды рэфэрэндуму, што дазваляў прэзыдэнту быць ім колькі захоча. З Аленай мы сустрэліся на выставе «Непадцэнзурная Гародня». Яна ўспамінае: была ўзбуджаная справа. Але пракурор запатрабаваў не саджаць яе ў турму, а пакараць штрафам. І быў суд. І лінгвістычная экспэртыза з Акадэміі навук, якая ня выявіла паклёпу і абразы... Штраф давялося заплаціць.

На выставе «Непадцэнзурная Гародня: 1983–2018»
На выставе «Непадцэнзурная Гародня: 1983–2018»

Праз тры месяцы гатовыя былі аднавіць выхад газэты. Але ніводная друкарня ў Беларусі не пагадзілася ўзяць падрыхтаваны нумар. Надрукаваліся ў Смаленску. Наклад пратрымалі на мытні два тыдні. Навіны перастаюць быць імі цераз паўмесяца, газэта спыніла сваё існаваньне.

Якія ўрокі? Лічылася, што рана ці позна газэты такой крытычнай накіраванасьці ў любым разе трапілі б пад рэпрэсіі. Іншы погляд: больш абачлівасьці, больш асьцярожнасьці — і жыцьцё газэт можна было б падоўжыць. Хоць абедзьве трымалі пад кантролем, і цяжка было пралічыць кожны свой крок. Цяжка было пасьля пэрыяду свабоды слова зноў адмовіцца ад права на нязгоду, на свабоднае выказваньне сваіх поглядаў. Без пагрозы быць абвінавачаным...

Якія яшчэ ўрокі? Чым большы ціск, рэпрэсіі, тым мацнейшая салідарнасьць з пацярпелымі. Але часы мяняюцца. Сёньня адзін з тых, хто ўдзельнічаў у пікетах у абарону «Пагоні», расчаравана кажа: калі нядаўна судзілі яго, ніхто з калегаў не прыйшоў, раней салідарнасьць журналісцкая адчувалася заўжды.

Сёй-той у нашы дні яшчэ схільны лічыць: варта зьмяніцца палітычнаму клімату, і газэты можна было б зноў аднавіць, «раскруціць». Але наколькі гэта рэалістычна? Час газэт мінуў, больш ня будзе чэргаў па прэсу. Можна хіба што ўявіць зьмену шыльдаў. Ёсьць прыклад: былая гарадзенская раёнка ўзяла нечакана сабе назву першай недзяржаўнай, называецца цяпер «Перспектива». Чаму б іншай афіцыйнай газэце ня стаць некалі «Пагоняй»? Калі, зразумела, палепшае палітычнае надвор’е.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG