Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягнутая рука Ўладзімера Макея: факты і рытуалы


Уладзімер Макей

«Дзяржава ўпершыню працягнула руку сваім апанэнтам» – заявіў міністар замежных справаў Уладзімер Макей у інтэрвію Euronews, гаворачы пра легальнае сьвяткаваньне 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Многія назіральнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што інтэрвію спадара Макея было поўнае, мякка кажучы, недакладнасьцяў, а, груба кажучы, непраўдзівых выказваньняў.

Ён сказаў, што «ніхто ня быў арыштаваны ў сувязі са сьвяткаваньнем стагодзьдзя БНР», «некалькі чалавек былі затрыманыя, але за парушэньні закону, якія былі ўчыненыя імі раней». Калі затрыманьні Вячаслава Сіўчыка і Ўладзімера Някляева напярэдадні 25 сакавіка і можна, хаця і складана, інтэрпрэтаваць, як пакараньні за мінулае, але дзясяткі людзей, якіх АМАП хапаў на плошчы Якуба Коласа непасрэдна 25 сакавіка, ніяк не адпавядаюць прыгожай вэрсіі спадара міністра.

Тут неадпаведнасьць словаў рэчаіснасьці была найбольш відавочнай.

Насамрэч было сказана, што ня варта гэтую гадавіну сьвяткаваць і адзначаць.

Што тычыцца заяваў Аляксандра Лукашэнкі наконт БНР, то ім спадар Макей даў у лепшым выпадку вельмі суб'ектыўную інтэрпрэтацыю. Паводле яго Лукашэнка заявіў, што «абвяшчэньне БНР – гэта частка нашай гісторыі, і мы павінны прымаць гэта». Насамрэч было сказана, што ня варта гэтую гадавіну сьвяткаваць і адзначаць.

Вельмі дзіўна прагучалі і словы міністра пра тое, што «мы ня можам судзіць прадстаўнікоў таго пэрыяду, таму што ня ведаем усіх абставінаў, у нас няма поўнай інфармацыі». Пра БНР напісаная бібліятэка кнігаў і артыкулаў, факты, зьвязаныя з той рэспублікай, усе і даўно вядомыя. Насамрэч стаўленьне да БНР – гэта не навуковае, а палітычнае пытаньне.

Падчас папярэдняй «адлігі» у стасунках Беларусі і Захаду, была ўтвораная кансультацыйная рада пры там самым спадары Макеі.

Нарэшце, наконт «упершыню працягнутай рукі» – у папрок ці ва ўхвалу ўладзе, але не ўпершыню. Ня будзем нават заглыбляцца ў далёкую (хаця і найноўшую гісторыю), прыгадваць, скажам, перамовы паміж уладай і апазыцыяй пры пасярэдніцтве АБСЭ у канцы 90-х. Але ў 2008 годзе, падчас папярэдняй «адлігі» у стасунках Беларусі і Захаду, была ўтвораная кансультацыйная рада пры там самым спадары Макеі. Ну а летась Аляксандар Лукашэнка і публічна, і сам на сам абмяркоўваў схемы грамадзкага дыялёгу з рэдактарам «Народнай волі» Ёсіфам Сярэдзічам.

Ну так, калі разглядаць інтэрвію міністра, як выкладаньне нейкіх фактаў, то тэзы Ўладзімера Макея шмат у чым ад іх адхіляюцца. А гэта і не выкладаньне фактаў. Гэта выкананьне пэўнага рытуалу, прычым, найперш перад Захадам. На тое ён і міністар замежных, а не якіх іншых, справаў. Вось міністру ўнутраных справаў Лукашэнка загадаў не зьвяртаць увагі на рэакцыю Эўразьвязу і Дзярждэпартамэнту ЗША . Шуневіч і не зьвяртае. А Макей – зьвяртае, праца такая.

Макей яшчэ і гаворыць тое, што Захад хоча ад яго пачуць.

Наўрад ці ён разьлічвае на тое, што на Захадзе павераць кожнаму яго слову. Па вялікім рахунку ён разьлічвае на тое, што Захад будзе паводзіць сябе аднолькава незалежна ад ступені яго, Захаду, веры ў словы кіраўніка беларускага МЗС. Аднак у дадатак дзеля гэтага Макей яшчэ і гаворыць тое, што Захад хоча ад яго пачуць. Насамрэч няважна, ці верыце вы ў вашыя рытуальныя словы і ці вераць вам слухачы. Важны рытуал сам па сабе.

У дадзеным выпадку гэта нават і ня толькі словы. Дазволілі сьвяткаваньне гадавіны БНР? Дазволілі. Гэта факт. А маглі б і не дазволіць, раней не дазвалялі. Мог бы Макей сказаць, што так – недазволеную акцыю спынілі сілай, што было б праўдай. Сказаў іншае, даўшы зразумець, што прынамсі ён асабіста такой непахіснасьцю зусім не ганарыцца.

Ну і наконт рукі, упершыню працягнутай апазыцыі – гэта як казаў колішні расейскі прэмʼер Чарнамырдзін: ніколі такога не было і вось табе ізноў. Магчыма, улада і сама ня ведае, пойдзе зараз дыялёг з апазыцыяй гэтак жа, як у мінулыя разы, ці інакш. Надта шмат невядомых пераменных.

Захад увайшоў у жорсткі клінч з Расеяй.

Адна зь іх – міжнародны, геапалітычны кантэкст. Рытуал, які выконвае спадар Макей, мае адрасатам найперш Захад. Захад увайшоў у жорсткі клінч з Расеяй. Канфлікт паглыбляецца літаральна з кожным днём – дыпляматычная «вайна» у сувязі са справай Скрыпалёў, новыя амэрыканскія санкцыі адносна РФ, бамбаваньне ўрадавых сілаў у Сырыі, абвінавачваньні ў хімічнай атацы там жа.

А ці так трэба афіцыйнаму Менску ў такой сытуацыі добрае стаўленьне да яго Захаду, ці ня выклічуць спробы яго атрымаць жорсткую рэакцыю Масквы? А трэба. Прынамсі, хай будзе, не зашкодзіць. Але калі нядорага каштуе.

Калі сьвет рэальна набліжаецца да мяжы вялікай вайны, патрабаваньні мяняюцца.

Захад і раней ня быў гэткай праваабарончай арганізацыяй ці нейкай вышэйшай судовай інстанцыяй. Калі сьвет рэальна набліжаецца да мяжы вялікай вайны, патрабаваньні мяняюцца. Падазраю, што ў такой сытуацыі ціск на Менск з боку Захаду не аказваўся б нават пры значна менш добрапрыстойных паводзінах беларускіх уладаў.

Сваім інтэрвію Euronews Макей насамрэч гаворыць не пра сьвяткаваньне БНР і не пра апазыцыю. А пра тое, што Менск не зьбіраецца цалкам станавіцца на бок Расеі ў яе канфлікце з Захадам. Гэта сапраўдны сэнс сказанага. Пры дапамозе якіх рытарычных сродкаў гэта сказана, які літаральны сэнс сказанага – для адрасата, для Захаду, ня мае вялікага значэньня.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG