Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Шуневіч заявіў, што ў Беларусі не адбудзецца ніводнай несанкцыянаванай акцыі


Падчас мітынгу-канцэрту 25 сакавіка каля Опэрнага тэатру

Любая несанкцыянаваная акцыя будзе спыненая хутка і эфэктыўна. Пра гэта ў праграме «Размова ў прэзыдэнта» на тэлеканале «Беларусь-1» заявіў міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

27 сакавіка гэтая тэма ўздымалася падчас дакладу кіраўніка МУС Беларусі Аляксандру Лукашэнку, які загадаў «імгненна спыняць любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якія перашкаджаюць жыць людзям».

Ён таксама загадаў не зьвяртаць увагі на рэакцыю Эўразьвязу і Дзярждэпартамэнту ЗША: «Не дай Бог нам спарадзіць тое становішча, у якім сёньня жывуць заходнія дзяржавы».

Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч
Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч

Лукашэнка нагадаў, што некаторыя грамадзяне вырашылі адзначыць 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі несанкцыянаванымі мерапрыемствамі, нягледзячы на іх забарону.

«Бардак пачынаецца з гэтага, — перакананы ён. — Няхай у нас будзе недасканалы дзяржаўны лад, але мы павінны гарантаваць бясьпеку людзей. Усе павінны разумець і чуць, што гэта ня выдумка міліцыі».

У тэлеінтэрвію БТ Шуневіч сказаў, што загад Лукашэнкі будзе выкананы.

«Ніводная акцыя, несанкцыянаваная ўладамі, не адбудзецца, — сказаў ён. — А калі нават пачнецца, то будзе спынена вельмі хутка, эфэктыўна, на падставе дзейнага заканадаўства».

Затрыманьні 25 сакавіка ў Менску
Затрыманьні 25 сакавіка ў Менску

«Сёньня Міністэрства ўнутраных спраў — гэта адзін з самых сур’ёзных інструмэнтаў у руках улады ў навядзеньні парадку ў краіне, — падкрэсьліў Шуневіч. — І мы будзем мацнець у далейшым, як і наша дзяржава. Безумоўна, сёння мы ўяўляем рэальную пагрозу для тых, хто стварае рызыкі, выклікі ў нашай краіне».

Мітынг-канцэрт 25 сакавіка ля Опэрнага тэатру ў Менску быў дазволены ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў зь яе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Да канцэрту была спроба правесьці несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, там затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG