Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэю Расеі пра новае расьсьледаваньне «справы Скрыпаля» не падтрымалі


Архіўнае фота. На месцы атручваньня Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры. 8 сакавіка 2018 году

Арганізацыя забароны хімічнай зброі (АЗХЗ) не падтрымала прапанову Расеі аб правядзеньні новага расьсьледаваньня з удзелам расейскага боку ў справе аб атручэньні былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля. Прапанову Расеі падтрымалі толькі пяць з 41 чальца выканаўчай рады арганізацыі. Супраць выказаліся 15, 17 устрымаліся. Пра гэта паведамляе Reuters.

Раней Расея прапанавала правесьці расьсьледаваньне атручваньня Сяргея Скрыпаля сумесна з Лёнданам. Аднак прадстаўнік Вялікай Брытаніі адхіліў гэтую прапанову, заявіўшы, што расейскія ўлады зьяўляюцца асноўнымі падазраванымі ў «справе Скрыпаля».

На наступным тыдні АЗХЗ чакае зь дзьвюх лябараторый вынікі аналізу рэчыва, якім, як мяркуецца, быў атручаны Скрыпаль.

Раней навукоўцы з брытанскай лябараторыі пацьвердзілі, што яд адносіцца да катэгорыі нэрвова-паралітычных рэчываў савецкага часу пад назвай «Навічок». Яны не змаглі пацьвердзіць, што «Навічок» быў выраблены ў Расеі, паколькі ў іх задачы гэта не ўваходзіла.

Дачыненьні Лёндана і Масквы абвастрыліся пасьля атручваньня ў Солсбэры былога афіцэра ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі.

Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя 4 сакавіка ў брытанскім Солсбэры. Сьледчыя лічаць, што іх атруцілі вырабленым у Расеі нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок». Лёндан заявіў, што да злачынства мае дачыненьне Крэмль, але Расея абвяргае абвінавачваньні.

14 сакавіка пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў заявіла прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй. На знак салідарнасьці зь Лёнданам такія ж захады зрабілі больш за 20 краінаў сьвету. Міністэрства замежных справаў Расеі абвясьціла аб «люстраных мерах» у дачыненьні да 23 дзяржаваў, якія выслалі расейскіх дыпляматаў.

Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі пра асьцярогу за сваё жыцьцё.

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG