Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея высылае больш за 50 брытанскіх дыпляматаў і тэхнічных супрацоўнікаў


Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава паведаміла ў суботу 31 сакавіка, што яшчэ больш за 50 брытанскіх дыпляматаў і тэхнічных супрацоўнікаў брытанскіх дыпляматычных місій пакінуць Расею ў найбліжэйшы час.

Паводле Захаравай, гэта робіцца ў адказ на рашэньне Лёндану выслаць з краіны супрацоўнікаў расейскіх дыпляматычных і гандлёвых прадстаўніцтваў.

«Расея прапанавала парытэт. У брытанцаў больш чым на 50 чалавек больш», — заявіла Захарава.

У фэйсбуку Захарава паведаміла, што на скарачэньне пэрсаналу брытанскіх дыпляматаў дадзены месяц — так, каб сумарная колькасьць супрацоўнікаў амбасады Вялікабрытаніі ў Маскве і генэральным кансуляце Вялікабрытаніі ў Расеі была роўная колькасьці расейскіх дыпляматаў і адміністрацыйна-тэхнічных супрацоўнікаў, якія знаходзяцца ў камандзіроўках у Вялікабрытаніі.

У сакавіку брытанскія ўлады выслалі з краіны 23 расейскія дыпламаты, назваўшы іх супрацоўнікамі спэцслужбаў і ўсклаўшы на расейскія ўлады адказнасьць за атручваньне ў Солсбэры былога расейскага разьведчыка-перабежчыка Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

Разам зь Вялікабрытаніяй расейскіх дыпляматаў выслалі яшчэ 28 краін, у тым ліку ЗША, а сукупны лік высланых перавысіў 150 чалавек.

МЗС Расеі напярэдадні ў адказ на гэтыя дзеяньні абвясьціла пра высылку з Расеі дыпляматаў з 23 краін, закрыцьці консульства ЗША ў Санкт-Пецярбургу і спыненьні працы ў Расеі Брытанскай Рады (British Council).

Брытанская амбасада пакуль не камэнтавала прапанову аб «парытэце». Аднак раней на такім жа «парытэце» Расея і ЗША спыніліся ў папярэднім раўндзе "дыпляматычнай вайны, які адбыўся летам 2017 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG