Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times: у атручваньні Скрыпаля ўдзельнічаў спэцыяліст у хіміі


Паліцыянты ля дому, дзе жыў Скрыпаль.

Атручэньне ў брытанскім Солсбэры былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля сьведчыць аб працы спэцыяліста па хіміі. Аб гэтым піша газэта The New York Times у нядзелю, 1 красавіка, са спасылкай на экспэртаў.

Сьледзтва ў Вялікабрытаніі лічыць верагодным нанясеньне атрутнага рэчыва на ручку ўваходных дзьвярэй у доме Скрыпаля, якое магло быць праведзена толькі з удзелам высокакваліфікаванага спэцыяліста ў хімічнай зброі.

Падобная працэдура патрабуе глыбокіх ведаў асноў хімічных працэсаў, мяркуе незалежны экспэрт у галіне хімічнай зброі Рычард Гатры. На яго думку, нэрвова-паралітычнае рэчыва неабходна вырабіць так, каб яно засталося на дзьвярной ручцы і з высокай доляй верагоднасьці трапіла на скуру пасьля кантакту.

Акрамя таго, апрацаваны атрутным рэчывам прадмет не павінен выклікаць падазрэньняў, адзначае ганаровы прафэсар таксыкалёгіі ўнівэрсытэту Лідса Аластер Хэй — іншымі словамі, узяўшыся за атручаную дзьвярную ручку, ахвяра атручваньня не павінна ў першы момант адчуць, што нешта адбываецца. Нарэшце, сам атрутнік павінен, відавочна, пазьбегнуць кантакту з рэчывам, каб не паставіць пад пагрозу ўласнае жыцьцё.

Усё гэта прымушае экспэртаў выказаць здагадку, што атручэньне, як інцыдэнт у Солсбэры, патрабавала ад выканаўцаў злачынства спэцыялізаваных ведаў.

The New York Times сьцьвярджае, што такая складаная апэрацыя наўрад ці магла б быць праведзена без падтрымкі Крамля. Вялікабрытанія ўсклала адказнасьць за гэта злачынства на Расею і аб’явіла пра высылку 23 супрацоўнікаў расейскай амбасады ў Лёндане. Дзесяткі заходніх краін абвясьцілі аб высылцы каля 150 расейскіх дыпляматаў на знак салідарнасьці з Вялікабрытаніяй.

У 2006 годзе былы палкоўнік Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня Генштабу (ГРУ) Сяргей Скрыпаль быў прысуджаны ў Расеі да 13 гадоў пазбаўленьня волі за шпіянаж на карысьць брытанскай выведкі. У 2010 годзе ён атрымаў прытулак у Вялікабрытаніі ў рамках абмену шпіёнамі паміж ЗША і РФ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG