Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гаварыў са студэнтамі прэс-сакратар Пуціна і чаму быў выдалены відэазапіс размовы


Дзьмітрый Пяскоў.

Дзьмітрый Пяскоў пракамэнтаваў сустрэчу са студэнтамі, на якой казаў пра справу Слуцкага, Навальнага і Пуціна ў Кемераве.

Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў ня лічыць цэнзурай выдаленьне відэазапісы сваёй гутаркі са студэнтамі расейскай Вышэйшай школы эканомікі.

У гутарцы, якую Пяскоў назваў «абсалютна закрытай шчырай размовай», Пяскоў пракамэнтаваў сытуацыю вакол абвінавачанага ў дамаганьнях дэпутата Леаніда Слуцкага і растлумачыў, чаму прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін ня выйшаў да мітынгоўцаў у Кемераве.

Фрагмэнты і стэнаграма выступу Пяскова зьявіліся ў СМІ.

«Ніякай цэнзуры там не было <...> Я сыходзіў з таго, што гэта абсалютна закрытая шчырая размова, дзе мне хацелася іх (студэнтаў) зразумець, ім хацелася зразумець мяне. У іх (журналістаў) было іншае разуменьне рэжыму асьвятленьня. Мы сапраўды выразна не дамовіліся», — цытуе Інтэрфакс словы Пяскова.

«Мы гаварылі пра новыя мэдыя, і, наколькі я разумею, новыя мэдыя ўсю інфармацыю аб гэтым атрымалі, ніякай гаворкі пра цэнзуру тут не ішло, таму што ўся інфармацыя і так даступная», — сказаў ён і дадаў, што ня лічыць неабходным публікацыю відэазапісу.

Мэдыяцэнтр Вышэйшай школы эканомікі выдаліў запіс гутаркі з прэс-сакратаром прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыем Пясковым на студэнцкім ток-шоў «У кропку» праз некалькі гадзін пасьля яго заканчэньня. Пра гэта прэсе паведамілі некалькі студэнтаў ВШЭ, якія прымалі ўдзел у арганізацыі мерапрыемства.

Афіцыйнага запісу гэтай сустрэчы няма, сказаў кіраўнік адукацыйнай праграмы ВШЭ «Журналістыка» Сяргей Корзун.

Перад пачаткам размовы студэнтам ня ставілі ніякіх умоў аб не выдаваньні зьместу сустрэчы. У канцы ток-шоў Пяскоў, ужо разьвітваючыся, пацікавіўся ў аўдыторыі: «Мы ж з вамі оф-рэкорд размаўляем?» Заля яму нічога не адказала, распавёў адзін з удзельнікаў ток-шоў «Коммерсанту». Суразмоўца выданьня адзначыў, што ў залі было пяць камэр, у Пяскова — мікрафон-пятлічка, а вядучыя абвясьцілі, што «запіс пайшоў».

Студэнцкая газэта «The Вышка» паведаміла, што для эфіру з Пясковым фармаваліся закрытыя сьпісы ўдзельнікаў, хоць звычайна ўваход у залю вольны.

У ходзе размовы са студэнтамі Пяскоў патлумачыў, чаму прэзыдэнт Пуцін не падышоў да ўдзельнікаў стыхійнага мітынгу ў Кемераве:

«Чаму Пуцін не выйшаў? Усё досыць проста. Натоўп людзей, некалькі тысяч чалавек, якія скандуюць. Вы ведаеце, што Пуцін вельмі канкрэтны, прагматычны прэзыдэнт. То бок, калі яму задаюць пытаньне, ён на яго адказвае і спрабуе разабрацца ў сутнасьці, з тым, каб даць нейкі абяцаньне. І не дае пустых абяцаньняў, ён вельмі далёкі ад папулізму», — цытуе Пяскова руская служба BBC.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расіі таксама заявіў, што «без рэальнай апазыцыі краіна жыць ня можа», назваў Навальнага «вельмі разумным чалавекам», які замкнуўся на антыкарупцыйнай павестцы: «Гэта такі трэнд, які задаецца дзяржавай. Навальны, тут я магу сказаць яго імя. Нічога ў гэтым страшнага няма».

Вядучы расейскага тэлеканалу «Культура» выступіў за права Слуцкага «пакласьці руку на любое месца»

Абвінавачваньні ў дамаганьнях на адрас дэпутата Леаніда Слуцкага Пяскоў параўнаў са справай амэрыканскага прадзюсара Гарві Вайнштэйна:

«Можа быць ён падонак, але ніхто ж з іх не прыйшоў у паліцыю, не сказаў, што мяне Вайнштэйн згвалціў. Не! Хацела зарабіць 10 мільёнаў даляраў. Як называецца жанчына, якая за 10 мільёнаў даляраў пераспала з мужчынам? Можа быць, груба кажу, але яна называецца прастытутка. А калі ты хочаш абараніць свой гонар і годнасьць — ты ідзеш у паліцыю ў той жа дзень. Гэта маё асабістае меркаваньне, можа быць, я памыляюся, прабачце», —​ цытуе Пяскова руская служба BBC.

У сытуацыі са Слуцкім ёсьць «ледзь-ледзь даніна модзе», а таксама спроба ўгнацца за «вакханаліяй, якая цяпер робіцца ў Амэрыцы», сказаў Пяскоў.

Слуцкі vs Вайнштэйн. Адрозьненьні харасмэнта ў Расеі і ў ЗША

У 2007 годзе больш за дзесятак жанчын, у тым ліку некалькі вядомых акторак, паведамілі пра тое, што яны былі аб’ектамі дамаганьняў з боку прадзюсара, які патрабаваў інтымнай блізкасьці за магчымасьць зьняцца ў яго фільмах. Вайнштэйн знаходзіцца пад сьледзтвам. Ён адмаўляе ўсе абвінавачваньні. Вайнштэйна звольнілі з савета дырэктараў кампаніі і выключылі са складу амэрыканскай Кінаакадэміі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG