Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Чэхіі выдалі расейскага хакера ЗША


Ілюстрацыйнае фота.

Улады Чэхіі выдалі расейскага хакера Яўгенія Нікуліна ЗША. Пра гэта паведамляе Чэскае Радыё са спасылкай на тры незалежныя крыніцы. Па іх дадзеных, Нікуліна ўжо экстрадзіравалі ў Злучаныя Штаты.

Мясцовая прэса адзначае, што выдача расейца адбылася неўзабаве пасьля візыту ў Чэхію сьпікера Палаты прадстаўнікоў ЗША Пола Раяна. Ён заявіў, што Вашынгтон чакае ад Прагі выдачы Нікуліна менавіта Злучаным Штатам, а не Расеі. «ЗША маюць права прыярытэту ў сувязі з цяжарам злачынства, а таксама паводле часу запыту на экстрадыцыю», — сказаў Раян журналістам.

Міністэрства юстыцыі Чэскай рэспублікі пацьвердзіла інфармацыю аб экстрадыцыі хакера. Раней міністар юстыцыі Робэрт Пелікан паведамляў, што прэзыдэнт Мілаш Зэман прасіў перадаць Нікуліна Расеі.

Чэская паліцыя арыштавала Яўгенія Нікуліна ў Празе ў кастрычніку 2016 году. Затрыманьне адбылося на падставе ордэра Інтэрполу, выдадзенага па запыце Злучаных Штатаў. Амэрыканскія ўлады абвінавачваюць хакера ў крадзяжы інфармацыі ў інтэрнэт-кампаній LinkedIn, Dropbox і шэрагу іншых.

Адвакаты Нікуліна сьцьвярджаюць, што агенты ФБР спрабавалі дамагчыся ад яго прызнаньняў ва ўзломе рэсурсаў Дэмакратычнай партыі ЗША падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2016 году. Неўзабаве пасьля яго арышту выдаць Нікуліна запатрабавала ад Чэхіі таксама Расея, дзе супраць хакера таксама распачалі крымінальную справу.

Нікулін праславіўся ў інтэрнэце раскошным ладам жыцьця, якім хваліўся ў сваім Інстаграме: ён паказваў машыну Lamborghini за $240 000, чаравікі за $900 і пародзістага ката. Нікулін сьцьвярджае, што зарабляў на ўсё пералічанае продажам аўтамабіляў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG