Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны ў Чэхіі расеец распавёў пра патрабаваньні прызнацца ва ўзломе пошты Клінтан


Грамадзянін Расеі Яўген Нікулін, якога затрымалі ў Чэхіі на запыт ЗША, праз адваката Марціна Садзілка перадаў рэдакцыі «Настоящего времени» ліст, у якім апісаў некалькі допытаў, празь якія ён прайшоў з моманту арышту.

Чэская паліцыя затрымала Яўгена Нікуліна 5 кастрычніка 2016 году. Сёньня, 11 траўня, у турме Панкрац у Празе мелася адбыцца выязное пасяджэньне суду ў пытаньні экстрадыцыі расейца, але яго перанесьлі на 30 траўня.

Выдачы Нікуліна адначасова дамагаюцца і Злучаныя Штаты, і Расея.

У ЗША яго вінавацяць ва ўзломах, якія нанесьлі шкоду кампаніям LinkedIn, Dropbox і Formspring ў 2012-13 гадах. Ордэр на арышт Нікуліна расейскі суд выдаў ужо пасьля яго затрыманьня ў Чэхіі, у лістападзе 2016 году. Яго падазраюць у крадзяжы грошай з рахунку WebMoney.

Выданьне The Insider знайшло ў апэратыўнай зводцы ГУУС Масквы інфармацыю па гэтай справе: нібыта Нікулін ў 2009 годзе завалодаў паролем да онлайн-кашалька студэнткі зь Менску і зьняў зь яго 111 136 расейскіх рублёў. Тыя самыя зьвесткі падаў прадстаўнік расейскага МЗС у якасьці падставы для выдачы ў РФ падчас суду наконт меры стрыманьня.

У лісьце, перададзеным «Настоящему времени», Нікулін распавядае пра допыты, якія адбыліся 14-15 лістапада 2016 году і 7 лютага 2017 году. Людзей, якія зь ім размаўлялі, ён ідэнтыфікуе як «Агента» і «Мілера». Грамадзянін Расіі сьцьвярджае, што яму прапаноўвалі ўзяць на сябе віну за ўзлом пошты кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Гілары Клінтан.

«Пасьля мне паступіла прапанова ад А[гента]: „Вы павінны будзеце заявіць, што вы зламалі паштовую скрыню Гілары Клінтан для Д. Трампа на загад У. Пуціна, вы павінны пагадзіцца з экстрадыцыяй у ЗША, тут мы здымем усе абвінавачаньні, дамо вам кватэру і грошы, амэрыканскае грамадзянства“. — Я адмовіўся, неўзабаве „допыт“ быў скончаны, Агент сказаў, што яны яшчэ прыйдуць», — напісаў Нікулін.

Паводле Нікуліна, гэтую прапанову яму зрабілі падчас размоў 14-15 лістапада. Наступная размова адбылася 7 лютага, напісаў абвінавачаны ва ўзломах.

«Вы павінны сказаць, што гэта вы зламалі пошту Г. Клінтан, што вы падрыхтоўвалі і праніклі ў дэмакратычную сетку і выбарчыя ўчасткі на загад Пуціна, вы назавяце імёны саўдзельнікаў, пагодзіцеся з экстрадыцыяй, а ў Амэрыцы мы вырашым усе пытаньні, будзеце жыць у кватэры і мы ўсім вас забясьпечым», — пераказаў Нікулін прапанову, якую нібыта яму зрабілі.

Акрамя таго, Нікулін падрабязна апісвае свае адказы на пытаньні аб магчымым знаёмстве з прадстаўнікамі расейскай палітычнай эліты. Так, ён тлумачыць, што супольнае фота з дачкой Шайгу зьявілася ў яго ў Інстаграме, бо ён «сустракаў яе ў кампаніях».

«А [прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя] Пяскова ня ведаю, але ў Інстаграме ёсьць фатаграфія з кафэ, там атрымалася, як быццам мы сядзім за адным сталом», — напісаў Нікулін.

Нікулін сьцьвярджае, што зарабляў грошы перапродажам аўтамабіляў, і ня мае ніякага дачыненьня да інкрымінаваных яму кібэратакаў. Ён таксама сьцьвярджае, што ня ведае ангельскай.

У ФБР карэспандэнту «Настоящего времени» адмовіліся камэнтаваць заявы Яўгена Нікуліна, перанакіраваўшы запыт у Мінюст ЗША. Прадстаўнік міністэрства юстыцыі Пітэр Кар сказаў карэспандэнту, што ў яго няма камэнтароў.

Напрасткі Нікуліна не абвінавачвалі ў датычнасьці да ўзломаў пошты Дэмакратычнага кангрэсу ЗША і іншых эпізодах магчымага ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары.

Паводле вэрсіі газэты The Guardian, Нікулін мог быць датычны да ўзлому Formspring. Гэтым сэрвісам карыстаўся для знаёмства з жанчынамі былы кандыдат у мэры Нью-Ёрку ад дэмакратаў Энтані Вінэр. Скандал з-за сэкс-перапіскі прывёў да адстаўкі палітыка з пасады кангрэсмэна. Жонка Вінэра, Хума Абэрдзіна, працавала памочніцай Гілары Клінтан.

У лютым чэскія СМІ пацьвердзілі, што супрацоўнікі ФБР дапытвалі Яўгена Нікуліна. Допыт вёўся ў прысутнасьці чэскіх паліцыянтаў, у абвінавачанага пыталіся пра магчымых саўдзельнікаў хакера ў Эўропе. У прыватнасьці, сьледчыя высьвятлялі, ці не знаёмы ён зь іншым расейцам Станіславам Лісавым, якога затрымалі ў Гішпаніі паводле падазрэньня ў кібэрзлачынствах у студзені 2017 году.

Падазраваны ва ўзломах праславіўся ў інтэрнэце раскошным ладам жыцьця, якім хваліўся ў сваім Інстаграме: ён паказваў машыну Lamborghini за $ 240 тысяч, чаравікі за $ 900 і пародзістага ката.

Адвакат Адам Копэцкі, які працаваў на Нікуліна да лютага, распавядаў, што ягонага кліента ўтрымліваюць у турме «як небясьпечнага злачынцу» ў рэжыме амаль поўнай ізаляцыі.

XS
SM
MD
LG