Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікер Кангрэсу ЗША падтрымаў узмацненьне санкцый супраць Расеі

Пол Раян
Пол Раян

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Пол Раян падтрымлівае рашэньне адміністрацыі Дональда Трампа выслаць 60 расейскіх дыпляматаў і закрыць консульства Расеі ў Сіэтле. Ён лічыць гэта «адэкватным» адказам на дзеяньні Расеі і праявай салідарнасьці з Вялікабрытаніяй, якая абвінаваціла Крэмль у датычнасьці да атручваньня ў Солсбэры былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі.

Пол Раян ў панядзелак наведаў рэдакцыю Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа ў Празе. У інтэрвію нашаму карэспандэнту Карлу Шрэку ён сказаў, што падтрымлівае ўзмацненьне санкцый у дачыненьні да Расеі, у прыватнасьці фінансавых санкцый у адносінах да «алігархаў» з атачэньня Ўладзіміра Пуціна. Пры гэтым ён назваў «слушным» меркаваньне, што санкцыі павінны быць накіраваны менавіта на атачэньне Пуціна, а не на насельніцтва Расеі агулам.

Пол Раян таксама заявіў, што падчас свайго візыту ў Чэхію абмеркаваў з прадстаўнікамі чэскіх уладаў магчымую экстрадыцыю расейскага хакера Яўгенія Нікуліна з Прагі ў ЗША. Масква дамагаецца яго экстрадыцыі ў Расею.

Рэспубліканец Пол Раян лічыць палітыку цяперашняй рэспубліканскай адміністрацыі Дональда Трампа больш жорсткай і, як ён выказаўся, «менш наіўнай» ў адносінах да Расеі, чым палітыка Барака Абамы. У якасьці прыкладу ён прывёў узмацненьне жорсткасьці санкцый. Паводле Раяна, Расеі неабходна даць зразумець, што яна не павінна ўмешвацца ў дэмакратычны працэс у ЗША і іншых краінах.

XS
SM
MD
LG