Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: «Як толькі „сэксота“ прыбралі з камэры, да мяне прыйшлі вершы»


Уладзімер Някляеў у судзе Савецкага раёну Менску, дзе пачаліся суды над затрыманымі на Дзень Волі. 26 сакавіка 2018 году

Паэта і палітыка Ўладзімера Някляева затрымалі 21 сакавіка, калі ён выйшаў з дому, каб ісьці да доктара. Пасадзілі ў турму на Акрэсьціна — маўляў, не адбыў 10 сутак арышту. Пратрымалі да вечара 25 сакавіка і нечакана вызвалілі — разам зь іншымі палітыкамі і актывістамі, якія былі прэвэнтыўна затрыманыя перад Днём Волі.

Уладзімер Някляеў пасьля вызваленьня сказаў Свабодзе, што перакананы: яго тэлефон праслухоўваюць і ўжо традыцыйна затрымліваюць, калі ён ідзе да доктара. Як толькі дамовіўся па тэлефоне, што лекар яго прыме, і выйшаў з хаты 21 сакавіка — арыштавалі.

Сядзеў за інтэрвію

Прычым, як расказаў Някляеў, яшчэ ўвосень мінулага году Ленінскі райсуд прызначыў яму 10 сутак за адну фразу ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат»: «Калі ёсьць воля бараніць свае правы, трэба іх бараніць». Калі Някляеў абскарджваў гэта рашэньне, гарадзкі суд і старшыня гарсуду пацьвердзілі, што ўсё законна.

Уладзімер Някляеў прыгадаў, як крыху пазьней замежныя дыпляматы, акрэдытаваныя ў Беларусі, выказалі неразуменьне, чаму грамадзянін асуджаны за інтэрвію СМІ, і кіраўнік краіны даў зразумець амбасадарам праз МЗС Беларусі, што гэтае непаразуменьне будзе выпраўлена.

«Маўляў, рашэньне суду ня будзе адмененае, але пакараньне Някляеў адбываць ня будзе. Была такая дамоўленасьць. Але яна парушаная, і за рашэньне суду ад 1 лістапада мяне затрымалі. Дык як можна давяраць гэтым уладам?» — задае рытарычнае пытаньне Ўладзімер Някляеў.

Лекі выдавалі

Гэтым разам лекі ў турме яму выдавалі, але толькі праз клопат адной з замежных амбасадаў. Таму сядзелася лягчэй. Адбываў пакараньне ён з рознымі людзьмі: і з бяздомнікамі з вошамі, і з «падсадным».

«У мяне генэтычная нянавісьць да «сэксотаў», зьвязаная з маім бацькам, на якога пісалі даносы. Я ня мог трываць яго прысутнасьць, і дамогся, зрабіў усё, каб яго забралі з камэры. Але ў яго было ўсё тое, чаго не дазваляюць іншым арыштантам, у тым ліку і асадка. І мне ўдалося «прыкінуцца дурнем» і выманіць у яго асадку, якую мне зноў не давалі. Як толькі гэты «сэксот» сышоў, да мяне адразу прыйшлі вершы. Да гэтага не нараджалася ні радка, а тут я напісаў верш «Дзень Волі. Да 100-годзьдзя БНР».

Вызвалялі ветліва

Някляеў кажа, што на прагулкі яго выводзілі, але турэмны дворык у ледзяных наростах. Някляеў пасьлізнуўся і моцна выцяўся патыліцай аб лёд. Прасіў, каб далі рыдлёўку ці ломік, каб расчысьціць дворык ад лёду, але адмовілі.

Увечары 25 сакавіка Някляева нечакана вызвалілі, прычым, як ён кажа, настолькі ветліва абыходзіліся, што, паколькі ў паэта баліць сьпіна, супрацоўнікі ЦІП нават валізку дапамаглі з камэры вынесьці. Такому датэрміноваму вызваленьню паэт ня рады, бо яго зноў будуць трымаць у стрэсе.

«Але 5 сутак засталося. Гэта значыць, я зноў павінен чакаць, што зноў на мяне нападуць у любы момант, як на тэрарыста, заломяць рукі і забяруць, уначы патэлефануюць, як ня раз было. Значыць, мая сям’я пастаянна будзе знаходзіцца ў стрэсе», — кажа Някляеў.

Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018

Санкцыянаванае ўладамі «Сьвята Незалежнасьці» прайшло 25 сакавіка каля менскага Опэрнага тэатру, на Траецкай гары. Паводле розных ацэнак, мітынг-канцэрт наведалі 40-50 тысяч чалавек. На сьвяце выступілі Ігар Варашкевіч і Кася Камоцкая, дачка Лявона Вольскага Адэля, рок-гурты Akute, Dzieciuki і іншыя. Мітынг-канцэрт быў дазволены менскімі ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў зь яе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Да канцэрту была спроба правесьці несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, затрымалі дзясяткі чалавек. Агулам па краіне былі затрыманыя больш за 100 чалавек. Розныя імпрэзы 25 сакавіка прайшлі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а таксама ў іншых краінах па абодва бакі Атлянтычнага акіяну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG