Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 яскравых цытатаў зь менскага мітынгу да #БНР100


Падчас мітынгу-канцэрту каля Опэрнага тэатру
Падчас мітынгу-канцэрту каля Опэрнага тэатру

25 сакавіка, у дзень стогадовага юбілею абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, ля Опэрнага тэатру ў Менску адбыліся мітынг і канцэрт у гонар гэтай гістарычнай падзеі. Са сцэны прамаўлялі палітыкі, навукоўцы, прадпрымальнікі, літаратары, рэлігійныя дзеячы. Свабода сабрала самыя яркія цытаты з выступаў.

«​Беларуская Народная Рэспубліка ўзьнікла не на пустым месцы»​

Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў

Валянцін Голубеў, доктар гістарычных навук, прафэсар

«Незалежнасьць — найвышэйшая каштоўнасьць для кожнага этнасу, народу. Беларусы яшчэ на этапе фармаваньня народнасьці арганізавалі свае дзяржаўныя ўтварэньні: Полацкае, Тураўскае княствы мы лічым першымі дзяржавамі тагачасных насельнікаў Беларусі.

Пазьней беларусы чакалі сваё права на дзяржаву ў складзе шматэтнічных утварэньняў — ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расейскай імпэрыі. З народнасьці высьпявала нацыя; патрабавала, як і ва ўсіх этнасаў, афармленьня нацыянальнай дзяржаўнасьці. Гэта выразнае сьведчаньне, што беларуская нацыя ў ХІХ стагодзьдзі сфармавалася. Найбольшая праява такога імкненьня — нацыянальна-вызваленчыя паўстаньні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, Кастуся Каліноўскага. І Беларуская Народная Рэспубліка ўзьнікла не на пустым месцы. Дзейнасьць бацькоў-заснавальнікаў БНР стала працягам шматвекавой працы на ніве беларушчыны іх папярэднікаў».

«​Стваральнікамі БНР рухала пачуцьцё бязьмежнай любові да Бацькаўшчыны»​

Алена Анісім
Алена Анісім

Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

«Давайце прыгадаем тую атмасфэру, у якой 100 гадоў таму наша палітычная эліта прыняла гістарычнае рашэньне і абвясьціла пра незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Імі рухала пачуцьцё бязьмежнай любові да Бацькаўшчыны і адказнасьць за лёс свайго народу. І гэта яднае нас, сёньняшніх, непарыўнай сувязьзю з заснавальнікамі БНР. Дык няхай жа сьвятло паходні, запаленай 100 гадоў таму нашымі папярэднікамі, каб асьвятліць шлях нашага народу зь гістарычнай цемры і нябыту да незалежнасьці і дзяржаўнасьці, пранікне ў кожны беларускі дом. Няхай гэтае сьвятло напоўніць усіх беларусаў гонарам і нацыянальнай годнасьцю на наступныя 100 гадоў і спраўдзяцца словы народнага паэта Ніла Гілевіча: «...І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі».

«​Нікому ня дадзена «прыватызаваць» нацыянальную ідэю»

Юры Зісер, бізнэсовец, заснавальнік парталу TUT.BY

«Нацыянальная ідэя ня можа падзяляць людзей паводле іх поглядаў на гісторыю, крыніцы даходу, мову, пагоны, пасады. Нікому ня дадзена „прыватызаваць“ нацыянальную ідэю і аб’яўляць сябе „правільнымі“ пасьлядоўнікамі, а астатніх — „няправільнымі“.

Толькі ідэі, якія аб’ядноўваюць, адгукнуцца ў нашых душах і змогуць увасобіцца ў жыцьцё. Гэта цяпер самая важная, самая актуальная нацыянальная ідэя. Памятаючы пра гэтыя рэчы — незалежнасьць краіны і грамадзянскую супольнасьць — мы будзем мець надзейны арыентыр у палітыцы, ідэалёгіі, культуры, эканоміцы, бізнэсе. Мы самі адказныя за нашу будучыню — і мы яе пабудуем».

«​Два стагодзьдзі зьнішчалася ўсё беларускае»​

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца (са сцэны зачыталі яе зварот)

«Сёньня ў нас сьвята — мы сьвяткуем тое, што мы ёсьць. Асэнсоўваем тое, што мы ёсьць беларусамі. Беларусы ня раз маглі зьнікнуць у бездані імпэрый. Два стагодзьдзі зьнішчалася ўсё беларускае... Ужо ў савецкі час Сталін рабіў зь беларусаў рускіх. Сталін разумеў, што без нацыянальнай ідэі і мовы няма народу, таму зьнішчалася ў першую чаргу інтэлігенцыя. Але гэтыя „людзі на балоце“ выстаялі, выжылі. Ніколі не памірала народная душа.

Фатаздымкі Першага Ўсебеларускага зьезду паказваюць нам твары свабодных людзей. Праз 100 гадоў мы ведаем, што БНР была і мы адтуль. Тыя, хто вырас у СССР, нічога пра яе не ведалі ці казалі, што выгадаваліся безь мінулага. Хто такі беларус? Гэта чалавек, які марыць пра свабоду. Але мы яе баімся. Свабода — гэта жорсткая рэч, яна патрабуе веры і годнасьці, дысцыпліны і высакароднасьці. Мы з вамі пішам гісторыю сваёй волі».

«​Кіраўнікі БНР змагаліся супраць акупантаў і патрабавалі свабоды для суайчыньнікаў»​

Сергій Лепін
Сергій Лепін

Сергій Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы

«100 гадоў таму беларусы зрабілі спробу стварэньня сваёй нацыянальнай дзяржавы. Кіраўнікі БНР змагаліся супраць акупантаў і патрабавалі свабоды для многіх тысяч суайчыньнікаў. Яны хацелі палажыць канец дзяльбе зямель зь пераважна беларускім насельніцтвам паміж сумежнымі дзяржавамі, спрабавалі спыніць падзел і асыміляцыю беларусаў.

Ля вытокаў БНР стаялі энтузіясты, якія імкнуліся да адраджэньня беларускай гісторыі і культуры, бачылі краіну і як прадаўжальніцу традыцый старажытнарускай дзяржаўнасьці, і як спадчыньніцу ВКЛ. Дзякуючы абвяшчэньню БНР, стала магчымым зьяўленьне БССР — у межах якой пасьля створана незалежная Рэспубліка Беларусь. Абвяшчэньне БНР ёсьць важным эпізодам у гісторыі фармаваньня ідэі беларускай дзяржавы, а таму не павінна застацца без увагі. Няхай блаславіць Бог Беларусь і даруе мір, любоў, цяпло і пазнаньне ісьціны. Слава Хрысту! Жыве Беларусь!»

«​Зьбіраюцца генэралы, якія думаюць, як нашкодзіць»​

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч, палітык, прадпрымальнік, заснавальнік прыватнай фірмы «Цесьляры»

«...Рэжымнікі сьмяюцца ля дзьвярэй, але ім гэтага мала. Зьбіраюцца генэралы, якія думаюць, як нашкодзіць — выканаць загад і дабіць... Уладзімера Някляева заганяюць на другую нару шконкі, і ён падымаецца на яе ў 72 гады. У яго ідзе кроў носам. І тады прымаюць яшчэ адно рашэньне — вырываюць аловак у паэта, каб ён, здыхаючы, не напісаў ні слова.

Але слова жыве! Бо слова кожнага чалавека фармуе рэальнасьць. І гэтую рэальнасьць не заглушыць, не пасадзіць у камэру, не забраць.

«Мы ляжым снапамі на таках,
Нас малоціць кожны, хто ў руках трымае цэп.
І так ва ўсе вякі...
І яшчэ пытаюць землякі — што табе, паэту, да палітыкі?
Як пытаньне — так адказ наўпрост:
Я прыйшоў, каб вы ўздыхнулі Волі,
Каб бяз страху ўсталі ў поўны рост!
І на ток ня леглі ўжо ніколі...»

«​Дзякуй бацькам-заснавальнікам БНР за гэты важкі ўрок»​

Алесь Ліпай
Алесь Ліпай

​Алесь Ліпай, дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН

«Якімі б не падаваліся цяжкадасягальнымі мэты, трэба проста ўставаць і ісьці да іх, трэба проста рабіць сваю справу. І дзякуй бацькам-заснавальнікам БНР за гэты важкі ўрок.

Мы, сёньняшнія грамадзяне Рэспублікі Беларусь, павінны дзеля памяці нашых славутых землякоў, дзеля будучых стагодзьдзяў нашай незалежнасьці рабіць сваю справу — і ўсе разам, і кожны паасобку. Бо толькі разам мы сіла, якая мацнейшая за любыя неспрыяльныя ўмовы.

„...На парозе новага стагодзьдзя, стоячы з расхрыстанай душой,
Трызьню гэтаксама аб свабодзе, як і прашчур невядомы мой.
Паміж намі ўсталі курганамі голад, мор, няшчасьці і вайна.
Разьвялі па часе, разьядналі — толькі Беларусь у нас адна.
Ды агулу гэтага даволі, каб нашчадкі нашы, покуль дых,
Марылі, імкнуліся да Волі, як і прашчур невядомы іх...“

Жыве БНР! Жыве Беларусь!»


Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018

Санкцыянаванае ўладамі «Сьвята Незалежнасьці» прайшло 25 сакавіка каля менскага Опэрнага тэатру, на Траецкай гары. Паводле розных ацэнак, мітынг-канцэрт наведалі 40-50 тысяч чалавек. На сьвяце выступілі Ігар Варашкевіч і Кася Камоцкая, дачка Лявона Вольскага Адэля, рок-гурты Akute, Dzieciuki і іншыя.

Мітынг-канцэрт быў дазволены менскімі ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў зь яе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Да канцэрту была спроба правесьці несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, затрымалі дзясяткі чалавек. Агулам па краіне былі затрыманыя больш за 100 чалавек. Розныя імпрэзы 25 сакавіка прайшлі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а таксама ў іншых краінах па абодва бакі Атлянтычнага акіяну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG